ТРЫПЦІХ ПРА КАХАННЕ І ВОСЕНЬ

         1

Прыгожы, высокі, значны

свет дзіўны майго бясоння

з халодных восеньскіх ночаў,

з часоў самай злой адзіноты

марнее,

сыходзіць,

знікае,

як мара мая пра каханне.

І вобраз такі банальны

паслужліва памяць стварае:

як згустак гарачай крыві,

што цела жывое кідае,

становіцца чорнаю плямай,

імкнецца ў палон да формы,

знямелай, застылай, страшнай

у правільнасці квадратнай.

І траціцца сэнс былога,

а новае - тая ж цемра,

што б'ецца аб чорныя сцены.

І нават рукі твае,

і нават вусны твае

не могуць вырваць

з адвечнага злога палону,

і я раствараюся ў ім.


         2

Ніколі не будзе вяртання

ў шалёнае пекла цемры,

і ў цьмяныя вокны ночы

ніколі не глянеш ты

праз вочы мае на шыбах,

замглёных цяплом дыхання.

Я ўдзячна табе, каханы,

за тое, што ты не прыйдзеш.

У восеньскім шэрым змроку

не згіне маё пачуццё,

бо веру: не мог ты здрадзіць

свайму невядомаму сонцу,

далёкай і роднай планеце,

дзе некалі з'явішся ты.

Шкада, што не будзе вяртання...


         3

Няхай мне засталіся толькі вершы.

Няхай мяне страчае толькі восень.

Ты быў.

Мне дастаткова ў тое верыць...

Ты быў?

А можа, гэта мне здалося?

Напэўна, гэта толькі водгук слова,

што я сама прыдумала.

Пра шчасце.

Хацела ведаць, што ж гэта такое?

Уведала.

Спазнала.

Не ўтрымала.

Тваё каханне ты забраў з сабою.

Маё каханне восень не забрала.



  А. Петрушкевіч