СВАЯ ЗЯМЛЯ

О, памагае зямля шмат

У кожнай хваробе свая!

Я ж не стары запасны салдат,

А гэта ведаю добра і я!

      Нашая вёска Сялявічы зьвецца.

Былі уніяты калісьці дзяды.

Добрая вёска: стаіць пры рэчцы,

I жывуць людцы у нас без бяды.

На дровы ня трудна, і выганы ёсьць,

Але за веру дык цярпелі ня мала:

Асэсар зганяе, зьдзірае і муча нас досьць,

А поп сабе такжа дзярэць з нас, бывала.

I як толькі, бывала, званар той зазвоне,

Дык тут, як зь зямлі, асэсар тыц!

I гвалтам з хат цягне, у цэркву гоне,

Проста у сьвяце ня можна і жыць,

Але ня доўга, народ прыхітрыўся:

Кожны ў нядзелю раненька ўстане,

Апрануўся, абуўся, памыўся

І марш у лясы, як паны на паўстаньне.

      А там у пушчы гдзе-кольвек зьбяруцца,

Чытаюць малітвы і плачуць шчэра;

Скончуць маліцца і разыдуцца,

Вот і ўся была тут іх вера.

Самі сябе хрысьцілі з вады,

Жаніліся так, што бяз шлюбу...

I многа, многа было з тым бяды,

I многа людзям што на згубу!

      Прыйшлася калейка мая у салдаты;

У воласьці ж нашай прымалі.

Ведама, плачуць усе з нашай хаты,

А і чужыя сьлязамі жагналі.

      Матка шкаплерык дала на дарогу,

Бліночкаў з цэду з сланінай,

Я памаліўся нашаму Богу

I еду ў набор той з старшынай.

А чуў, што ў чужой старане

Надта маркотна па роднай зямлі;

А сэрца млее, што возьмуць мяне!

Недарма старшына з салдатам прыйшлі.

Плачу я сьлёзна і думаю так:

Зямлі ж і з сабой мне можна узяць...

Узяў у кішэнь так грудку з кулак,

I палегчала зараз, як слова сказаць!

      Здалі ў салдаты: «Ступай прысягаць

На вернасьць!» – «Ой, не, – кажу, – пане,

Я каталік, гатоў памагаць

I людзям і цару, даю абяцаньне,

Але прад Богам сваім, у касьцеле,

Як Бог прыказаў, у сваей веры;

Бо Бог у мяне ў сэрцы тыкеле,

А вашаму Богу дык трэба паперы!»

Зьдзіваваліся ўсе: «Ці здурэў,

Ці ты, – кажуць, – такі з малога?

Так і царква табе то ня хлеў?..

Усе цара аднаго мы і Бога».

«Так, – кажу, – так, каталіцкая ж вера

Іншы ад рускай мае парадак;

Я прысягну вам і шчэра,

Але па-свойму і без дакладак».

      Тузалі доўга мяне і ганялі,

I поп навуку мне гаварыў,

А я дзяржуся болей ды далей

I сам замучыўсь і іх задурыў.

Такі ж запісалі, што я каталік

I прысягу даў у касьцеле!

Да службы якосьць прэндка прывык,

Гадкоў зь дзесятак служыў тыкеле.

      Але заслалі мяне за кару

За тысячу міль! Вун аж куды!

Ня быць і зь цялятамі там Макару,

Там не заходзяць навет жыды!

Там зімой дык і слонца няма,

А летам дык жыць не даюць камары;

Хоць бы клапаць зямлі – толькі пушча сама,

Ды балоты, ды ройсты, мшары...

А пошасьць як пойдзе на люд,

Дык мруць, як атруты ўзялі!

Умёр бы то, мусіць, я тут,

Каб ня жменька той роднай зямлі.

Як пачне разьбіраць і мяне,

Дык шчыпту яе у вадзе

Глытанеш, дык пот аж ліне

I хваробу рукой разьвядзе!

А другім што даваў, дык і не!

Не памог і ня шкодзіў нікому,

Бо зямля не па іх, а па мне.

Значы, трэба зямлі мець аж з дому.

Яна давяла і да дому мяне,

Бо і ей на чужой старане

Так ня хочацца быць, як і нам,

Дык таскуе, як мы, яна там!


  Ф. Багушэвіч