НЕ ЦУРАЙСЯ

Не цурайся мяне, панічок,

Што далонь пакрываюць мазолі;

Мазоль – працавітых значок,

Не заразе цябе ён ніколі.

То мадаль за труды і за муку,

Не хвароба якая з заразы.

Не стыдайся падаць ты мне руку,

Бо на гэтай руцэ няма сказы!

Эй! сьмялей адкрывай галаву

На паклон мой табе да зямлі;

Я тваёй галавы не сарву,

І маей вы б, паны, не ўзялі.

Не ўцякай ад маёй ты сярмягі, –

Мне ня стыдна у ёй ані чуць,

Вот твой храк я ня меў бы адвагі,

Чортаў храк на сябе апрануць.

На кашулю глядзіш крывым вокам,

Што у хаце мне бабы пашылі,

Прапацела яна маім сокам,

Цэлы тыдзень яе не памылі...

А твая ж? як той сьнег, як папер,

I пацеў хто, і ткаў, і бяліў,

І хто шыў, і хто праў... а цялер

Ты той пот на сябе узваліў.

I кашулі той мне было б стыдна,

Што ня сам на яе гараваў,

Хоць бялейша яна – не завідна,

Не вазьму, каб ты мне дараваў!

      А кінь вокам на хату маю:

І цячэ, і гніе, і крывая,

Усярэдзіне гной і стаіць на гнаю,

I дзіўлюся я сам, як трывае?

Не дзівіся, панок, як жыву, –

Мне ніхто не памог будаваць.

Хоць лянівым у сьвеце слыву,

А магу сьвет карміць-гадаваць.

Ты ж пазнаў, што у ксёнжках стаіць,

А там розуму шмат ад вякоў,

I ўсё можаш па ксёнжках рабіць;

А гдзе ж ксёнжка для нас, мужыкоў?

Гдзе ж нам розуму толькі набраць? –

Знаем толькі загон ды саху

I жывём, каб касіць ды араць,

Ды жывём мы у Божым страху.

Каб умеў кіраваць я пяром, –

Я бы ксёнжку счыркаў, як папар,

I аб тым, як мы сеем, аром,

І як косім, і жнём Божы дар.

Можа б, ты прачытаў той грызмол

І да працы набраў бы ахвоты,

Шанаваў бы мужыцкі мазол,

Не цураўся б мужыцкай бядоты,

I падаў бы руку мне, сьляпому,

І давёў бы мяне да дарогі:

Не блудзіў бы і я серад лому

I калючак, што раняць мне ногі!

Ой, раняць і ногі, і сэрца,

У сэрцы нянавісьць, злосьць родзяць,

Дзяржаць у тваёй паняверцы,

Да здрады вядуць, ад праўды адводзяць!..

Даруй жа сьляпому, што ходзе ён крыва,

Даруй, што ня відзе, хоць плача.

Вобмацкам ходзяць сьляпыя – ня дзіва,

Відзючы ж у яму як скача?!


  Ф. Багушэвіч