ЖЫДОК

Сеў жыдок у нас у вёсцы,

Пры гасьцінцы, пры дарожцы.

Меў ярмулку, трэпкі, цыцэль,

Ў балахоне новы гіцэль,

Шэсьць дзяцей ад жонкі Рохлі,

Паўасьміны меў картохлі,

Дзесянцёру, столік, шафку,

Са дзьве чаркі і карафку,

Самаварчык і трыножкі,

Адну шклянку, цукру трошкі,

З двума днамі меў паўкварты...

То маёнтак быў, ці жарты?!

Гадкоў са тры пашынкарыў,

Бог яшчэ дзяцей прыдарыў,

Жыд прыдбаў кароў зь дзесятак,

Панастроіў хляўкоў, хатак,

Купіў коніка, павозку

I стаў панам на ўсю вёску.

У атласах, пры загарку,

Наняў сабе і кухарку.

А яна ў ядвабнай хустцы

Сядзіць толькі на падушцы!

Пярвей жыда звалі Бэрай,

I паршыўцам, і халерай;

Потым звалі ягамосьцем,

Жыд стаў першым ў хаце госьцем.

Пярвей ён даваў паклоны,

Потым кланяўся хрышчоны.

А цяпер, ідучы міма,

Ўсякі шапку яму здыме

I цалуе аж у рукі;

От якія выйшлі штукі!

Ён знаёмы з адвакатам,

Ён заплаціць там дукатам,

Гдзе нам сотня каштавала,

А на нашым жа ня стала.

Ён з суддзёю, ён з маршалкам,

Ён з пасрэднікам... як валкам

Круце імі, усё зробе

Табе добра й сам заробе;

У бядзе ён і пазыча,

А адробіш – ён заліча.

Добры жыд! Хоць грошы любе,

А згубіць зусім – ня згубе.


      Каб такі нам пан зыскаўся,

      То б сьвятым ён называўся.


  Ф. Багушэвіч