БАЛАДА

У нашай вёсцы нябожчык Ануфры

Калісьці разумны быў і заможны;

Яго два кублы, жончыны куфры

Поўныя былі, – там скарб быў рожны:

Старыя спанцэркі, жупан гранатовы,

Палотны, сукны, шапкі, спадніцы...

Дзьве пары коні, а сьвіран новы

Ламаўся ад жыта, гароху, пшаніцы.

Быў працавіты Ануфры Скірдзель,

Жонка была і дзетак кучка.

Усе прымёрлі у восем нядзель,

Толькі застаўся Ануфры, як пучка.

Сядзіць і плачыць, запёршыся ў хаце,

Ноч на магілках родных праводзе;

У гаспадарцы ж – страта па страце:

Зараза на быдла, пажар і злодзей...

Скаціна пала, гумно згарэла,

Коні пакралі ў час рабочы,

А тут і плата на выкуп прысьпела,

Зборшчык, як дым той, лезе ў вочы.

Прадаў Ануфры усю худобу,

Выплаціў выкуп, падаткі і збор.

Звара, бывала, гаршчэчак бобу

I жывіцца так, абы не умёр.

Лета даждаўшы, даў Бог недарод:

Згнілі на полі збожжа і сены,

Бульба зьвялася, згінуў гарод, –

А на аплату няма перамены!

Зборшчык Скірдзеля зьвець на расплату,

Грозе ў работу наняць на чыгунку,

Прадаць і злыдні, прадаць і хату...

Бедны Ануфры! Няма ратунку!

Пазвалі ў воласьць, а тут старшына

П'яніцай лае, аж дзівяцца людзе.

«Зямлю трымае, – кажа, – скаціна,

А плату несьці, думаў, ня будзе?»

Ануфры з жалю расхлістаў грудзі,

Зьняў крыжык, скінуў шкаплеры.

«Глядзіце, – кажа, – добрыя людзі,

Вот скарб мой – знак маей веры, –

Хіба што д'яблу прадам сваю душу,

Каб грошы ён на падаткі мне даў,

Як тут ужо згінуў і там згінуць мушу,

Бо ужо чорту і душу прадаў!..»

Усе аж струхнулі. Бліснулі вочы,

I сьлёзы старому сыпнуліся цуркам.

Пайшоў на магілкі, дзе ходзе штоночы,

Там начаваў, як штораз, пад прыгоркам.

Назаўтра, узяўшы кошык старэнькі,

Пайшоў на ройста у пушчу

Зьбіраць сыраежкі, лісіцы, апенькі.

Забраўся ў заломы, у гушчу, –

Аж чорт з-пад асіны вылазе

I нясе капялюх з грашыма.

Зараз Ануфры прыпомніў на разе,

Што трэба плаціць, а тут грошы няма!

Чорт пакланіўся, апенькі забраў,

Ануфраму сыпле у кошык дукаты;

Высыпаў, сьвіснуў, полы задраў...

Ануфры з грашыма вярнуўся дахаты,

Зараз у воласьць усе недаімкі,

Усе падаткі якраз адлічыў,

Купіў валы і два перазімкі,

Наеўся смагла, лёг, адпачыў.

Як стаў гаспадарыць, дык родзе,

Што дзівіць усяк, паглядае...

А на магілкі кожны дзень ходзе

I на мшу даець, бядзе спагадае:

Пазыча, даруе, гдзе трэба – паможа,

Хто з стыду ня просе – асоча,

Уночы сам грошы паложа

I надта ня любе, як браць хто ня хоча.

      Чорт аж кіпіць, аж скрыгоча,

Што гэтак Ануфры жывець:

Ня толькі чорту служыць ня хоча –

Сьвянцонай вадой кожны раз абальець.

Чакае чорт сьмерці: у запечку сеў.

Ануфры чытае жывоты сьвятых...

Поснай заціркі на палудзень зьеў,

Перажагнаўся, задыхаў і сьціх!..

I чорт не пасьпеў аглянуцца,

Як дух той празь дзьверы шмыгнуў,

Сеў на касьцёле і грае на дудцы!

А чорт на касьцёл не сягнуў!

З таго часу і да гэтай пары,

Як палягуць людцы адпачыць, –

Усю ноч аж да раньняй зары

Чорт на чатах здалёку стырчыць

І чакае, ці дух той ня скоча.

А ў поўнач, у буру, так дзьмець,

Аж сьвішчыць, аж вые, гагоча,

Аж кавалкамі гонты парвець...

Тагды дух раскалыша званы,

Як толькі каторы дзылікне

(А пазвону баяцца ж   я н ы),

Так і вецер, і чорт разам зьнікне!


  Ф. Багушэвіч