ТЭСТ ПАЦЬВЕРДЗІЎСЯ

Як толькі пачаў я «конікаў пасьці»,

Абапіраўся на локці без дапамогі мамы,

Быў апрабаваны ўпершыню ў жыцьці

Сялянскім тэстам,

Старажытнейшым самым.


Мае задаткі і схільнасьці

Былі правераны

Без асаблівых хітрыкаў так:

Перада мною паклалі

Кавалак паперыны

I толькі што выцягнуты з катла бурак.


Да чаго пацягнецца ў малога рука,

Лёсам такім будзе ён залучоны:

Араты, сейбіт –

Да бурака,

Да паперыны –

Чалавек пісьменны, вучоны...


Я да бурака пацягнуўся,

Паразважаўшы крыху,

I распагодзіўся бацька ў паглядзе.

Ён мне паказваў,

Як мужык вытрахае саху

I як барсук дзяцей сваіх гладзіць...


Пацьвердзіўся тэст:

Зь відна да цямна

Ару я даволі

I сею ўволю:

Насеньне чорнае,

Белае поле.


Што родзіць ня густа –

Мая віна!


  Р. Барадулін