* * *

Дарогі ўсёй зямлі маёй  

Гудуць у стомленых нагах.  

Куды табе ісьці за мной  

У гэткі невыносны шлях?  


Выцьцё здалёк. Бяжыць руя,  

І вочы сьвецяцца ваўкоў,  

Такіх жа валацуг, як я,  

Маіх сяброў, маіх братоў.  


І, можа, тыя, што ў мане  

Жывуць свой век, п'юць добрых кроў,  

Цкаваньне ўладзяць на мяне  

Калісьці – горш, чым на зьвяроў.  


Ўзяць не магу цябе я ў бой,  

Аддаць марозу і агню,  

Аддзячыць ліхам за любоў,  

Нянавісьцю – за дабрыню.  


Ня плач над лёсамі зьвяроў  

І вей не апускай разьбег,  

Як крумкачынае пяро  

На белы-белы, чысты сьнег.  


Дарогі ўсёй зямлі маёй  

Гудуць у стомленых нагах.  

Куды табе ісьці за мной  

У гэткі невыносны шлях.


25.XI.1981. 22.58. П.м.  У. Караткевіч