ULTIMA THULE

Верш з такой назвай я прачытаў  

у эстонскага паэта Матса Траата  

ён напісаў яго ў 70-я гады  

калі Эстонія таемна марыла  

пра ўласны дом  

калі захрасла вятроў кола  

ў спадчынных ветраках  

калі ўпарта змагалася з хвалямі  

старая адзінокая сасна  

на Балтыйскім узьбярэжжы  

Матс тады быў зусім малады  

і верыў толькі ў моц свайго слова  

«няхай зноў  

вечныя гострыя вілы  

выграбуць імёны  


плямёнаў  

з вадзяной магілы» –  

такія ён казаў пацеры  

і зьвяртаўся да паганскага бога  

эстонцаў Тара  


І я загарэўся напісаць верш  

«Ultima Thule»  


я сьніў яго але раніцай ня мог  

узнавіць ніводнага радка  

я чуў яго ад нарачанскіх хваляў  

але ня здолеў перакласьці на родную мову  

я бачыў словы верша  

выкладзеныя літарамі-аблокамі  

над восеньскай пожняй  

але ня мог ахапіць позіркам усе літары  

каб прачытаць хаця б радок  


Па дарозе якая вяла да крыніцы  

мы йшлі па ваду –  

я васьмігадовы сын Антон  

чатырохгадовы пляменьнік Андрэй  

і двухмесячны кокер-спаніэль Боб  

які ўвесь час блытаўся пад нагамі –  

крыніца неўтаймоўнага аптымізму  


Быў вечар наперадзе заходзіла сонца  

і я адчуваў што вось мы йдзём па  

крынічную ваду заходзіць сонца  

дзеці бесклапотна балаболяць пра  

свае дзіцячыя зацікаўленьні –  

гэта той выпадак  

калі я магу напісаць верш «Ultima Thule»  

толькі сёньня толькі зараз  

або ніколі  

я паклікаў на дапамогу Вялеса  

і мулкімі вуснамі пачаў бязгучна нашэптваць  

«Прыйдзі Ultima Thule як срэбная хмара  

як вызваленьне ад праклёну сярод ночы  

калі не чакаеш ня просіш ня кленчыш –  

сьціплая ўзнагарода за дзённую працу  

вызваленьне ад грахоў якіх не рабіў  

якія не даюць табе ўзьняць галавы  

сказаць «Дабрыдзень» і паклікаць гасьцей  

прыйдзі як сон пра які расказаў мне бацька  

а бацька пачуў ад дзеда  

як аса якая прыляцела на твой салодкі стол  

і ты радуешся што нехта яшчэ апроч цябе  

адчуе смак тваёй хвіліннай насалоды  

і ўпершыню ты пазнаеш неба прывітаешся  

з сонцам дакранешся да дрэва  

і гэта адбудзецца калі прачнешся  

а мінулае – як сон як насланьнё  

і будзе тое поле і ня тое  

тыя ж аблокі – і ня тыя  

тыя ж краскі – і ня тыя  

ты ўпадзеш у пярыну падбелу  

мацярдушкі скрыпеню жывакосту  

дзівасілу сьвятаяньніку браткоў  

адчуеш пах красак  

і ўбачыш між аблокаў  

ускраіну паўночнай зямлі –  

Эстонію»  


Матс Траат прачытае мой верш  

калі Ultima Thule прыйдзе й абвесьціць –  

Цяпер тут ускраіна


  А. Аркуш