ВОСЕНЬСКАЕ

Прыбавілася клопату ў шпакоў –

Абмеркаваць маршрут і ў шлях сабрацца

I на прасторах скошаных лугоў

Стаяць стагі адзнакай рупнай працы.


Падперазаў фарсісты дужы дуб

Зялёны пояс хмелю з кутасамі

I ў яр глядзіць, дзе, выпіўшы ваду,

Аер шавеліць вострымі вусамі.


А верабей чырыкае ўвесь час –

Ён задаволен восеньскім парадкам.

З бусліхай бусел у апошні раз

У белых майках робяць фіззарадку.


Грукоча малатарня за сялом.

З-за хмар убачыць неба немагчыма.

Жывіцай хвойнай пахне новы дом,

I комін папярхнуўся першым дымам.


Зноў восень гаспадыняю прыйшла

I з новай збажыны – у дзьве асьміны –

Духмяных караваяў напякла,

А жар павыграбала на рабіны...


  Р. Барадулін