АЎТАРЦЫ «СКРЫПКІ БЕЛАРУСКАЙ»

Чутка йграеш, гулка йграеш

Ты на скрыпачцы сваей,

К небу з думкай падлятаеш,

Шчасьця зычыш для людзей.


Ўперагонку з салаўямі

Пайсьці голас можа твой.

Грай жа, грай жа паміж намі!

Ваюй песьняй зь цемнатой.


Крэпкі струны тваёй скрыпкі,

Ў тваей скрыпцы душа ё,

Ў руцэ сільнай смычок ліпкі

Лёгка ходзіць, як пярцо.


Павядзеш ты ім, і песьня

Льецца – проста б слухаў век:

Неяк шчасна, то балесна

Сябе чуеш, чалавек.


Аб чымсь сьветлым, аб чымсь новым

Твая скрыпка грае нам;

Грае, грае, а ў ёй мова

Наша чуецца бяз плям.


Беларуса й яго жонку

Называеш ты людзьмі,

Беларусь, яго старонку,

Славіш песьнямі сваймі.


Аж так хочацца, хоць сьціха,

Тваёй скрыпцы ўтараваць, -

Піць з таго, што й ты, кяліха,

Аб чым граеш, апяваць.


Гэй, пясьнярка, болей, болей

Нам на скрыпцы сваёй грай!

Прывітаем хлебам-соляй,

Дзякуй скажа родны край.


Бедна нашая старонка,

Яе ж люд бядней яе:

Не апеты песьняй звонкай,

І цяпер хто ж апяе?


Хто? - як кінеш так прыгожа

Для сваіх ты йграць людзей.

...Эх! іграй жа той, хто можа:

Плакаць будзе весялей.


1906  Я. Купала