Ты прымушаў хадзіць па бітым шкле
і я ішла амаль не баючыся
як чалавек ад жаху мружыць вочы
так дом закінуты прымружваў вокны
загадваў ты трымацца за паветра
штурхаў паперадзе сябе з балкона
са скрыўленымі вуснамі з пагардай
і я ішла ад болю сьцяўшы зубы
п’яны хваробны бляск у вузкіх зрэнках
ў якіх адбіліся маё маўчаньне
і перакуленае неба
і птушка ў ім
і дрэвы дагары карэньнем
я помню
як страшна мне бо гэта быў ня сон