Нячысьцік, што жыве ў тарфяным балоце, якое мае выгляд чорнай бруднай лужыны, не пакрытай расліннасьцю. Вонкава нават бруднейшы за Балотніка. Ён ніколі не выходзіць на паверхню нават тады, калі ахвяра трапіла ў багну і гіне ў гразі, бо ўпэўнены, што нікуды яна не дзенецца, а апусьціцца да яго. Ён нагадвае пра сябе бурбалкамі, ды зрэдку — дробненькімі агеньчыкамі. У абодвух выпадках назіраецца лёгкае ўздрыгваньне паверхні — яна дыхае і пыхкае. Людзі і жывёлы асьцерагаюцца багны, якая парою забівае атрутнымі газамі, што час ад часу выпускае Багнік. Цёплае пыхканьне Багніка абагравае багну і не дае ёй замерзнуць. У адрозненьне ад іншых нячысьцікаў Багнік не баіцца перуновых стрэл, якія страчваюць сваю сілу пры дотыку да паверхні балота. Найбольш ён баіцца асушэньня, калі вычэрпваюць багністую гразь на паліва ці ўгнаеньне. У сухое лета, калі багна дзе-нідзе гарыць, паўмёртвы Багнік мучыцца на дне свайго жытла ў чаканьні дажджу і ручаінаў. Улюбёная зёлка Багніка — багун, п'янкі пах якога можа задурманіць галаву чалавеку. Выгляд Багніка (таўстун без вачэй, брудны, сьляпы) адпавядае вобразу балота як не засвоенай чалавекам прасторы.