Абу`так
 
Тлумачэньне: 

Элемэнт традыцыйнага строю, сэмантычна вылучаны ў багата якіх абрадах (калядных, пахавальных  і інш.). У глыбокай старажытнасьці абутак быў своеасаблівым «пасьведчаньнем» родавай прыналежнасьці. Кожны род  меў сваю форму абутку, матэрыялам для якога служыла скура з задніх ног татэмнай жывёліны. У Сярэднявеччы скураны абутак упрыгожваўся вышыўкай ніткамі. Узоры мелі магічны характар.


Вядомыя абрады, у якіх па памерлых  ахвяравалі стары стаптаны абутак. Яшчэ нядаўна мейсцамі існаваў звычай: на Каляды дзяўчаты набіралі поўныя начоўкі свайго абутку і падкідвалі ўгару. Чый абутак хутчэй выпадзе з начовак, тая дзяўчына магла спадзявацца неўзабаве выйсьці замуж.


На Беларусі існуе нямала паданьняў пра археалягічныя помнікі (гарадзішчы і курганы), якія нібыта былі насыпаны швэдамі (французамі,  туркамі, татарамі), што нанасілі зямлю ботамі.