МАКСІМ ГАРЭЦКІ БЫЎ КРЫТЫКАМ СВОЕАСАБЛІВЫМ
     Натальля Арсеньнева          

– Калі ў Вас прабудзілася жаданьне пісаць? Пад чыім уплывам, пры якіх абставінах захацелася Вам самой выказвацца творча?


– Я вельмі рана і ўжо на ўсё жыцьцё палюбіла кнігі, палюбіла чытаньне. Як і калі я навучылася чытаць – не памятаю. Але калі мне споўнілася пяць год, а маёй сястры Галіне чатыры (мы абедзьве нарадзіліся ў тым самым месяцы, у верасьні; дата 20 лістапада, што паданая ў маім зборніку, – памылковая), маці выпісала нам дзіцячы часопіс «Золотое детство», які й быў маім верным сябрам на працягу раньніх дзіцячых гадоў аж да тае пары, калі я, рыхтуючыся да паступленьня ў гімназію, пазнаёмілася з паэтамі й пісьменьнікамі расейскае літаратуры XIX ст. – Пушкіным, Лермантавым, Някрасавым, Тургеневым, Л. Талстым ды іншымі. Побач зь імі я вельмі рана палюбіла навукова-фантастычныя творы Жуля Вэрна, прыгоды Брэта Гарта, Джэка Лёндана ды шмат, шмат іншых тагачасных пісьменьнікаў. Усе яны, без сумлеву, пакінулі сваё ўражаньне на душы дзіцяці. Ці дзіва, што калі я пачала падрастаць, дык мне захацелася пісаць, тым больш што ў галаве ў мяне было заўсёды поўна розных варыянтаў прачытанага. Але вершы я пачала пісаць шмат пазьней, ужо будучы ў гімназіі.


– Чым Вы тлумачыце тое, што ў Вашай раньняй творчасьці дамінуе прырода, як канва Вашых пачуцьцяў і настрояў?


– Над гэтым пытаньнем трэба, хіба, спыніцца крыху даўжэй. Мне здаецца, што хай навонкі я была ад самага маленства зусім нармальнай дзяўчынкай, што й гуляла з захапленьнем у гульні зь сёстрамі і сяброўкамі (нат лазіла зь імі ўлетку па дрэвах!), у сапраўднасьці, у душы, я чулася найлепей, калі магла быць сама: думаць недзе ў кутку аб прачытаным, летуцець, што гэта я – гэраіня прачытаных аповесьцяў. Асабліва блізкай была мне ў гады падрастаньня Пушкінава Тацьцяна з паэмы «Яўгеній Анегін».

Баязьлівай я хіба не была, але праз усё маё жыцьцё я была вельмі нясьмелая, як ні намагалася гэтага не паказаць, перамагчы. Яна, гэтая нясьмеласьць, спрычыніла мне ў жыцьці ці мала прыкрасьцяў і шкоды. Азіраючыся назад, я магу цяпер прызнацца, што, каб не гэтая пракудная рыса майго характару, я магла б шмат больш зрабіць у жыцьці, асабліва навонкі, стацца калі не лепшай, дык шмат больш вядомай сьвету паэткай. А будучы нясьмелай, няпэўнай свайго таленту і магчымасьцяў, я старалася быць як найбольш незаўважанай, вось як я сама пісала ў вершы «Маладым паэтам» пра свае жаданьні: «Стаяць над жыцьцём і глядзець на яго, хай наўкола змаганьне...»

Але вярнемся да Вашага пытаньня: «Чаму ў раньняй маёй творчасьці канвой маіх пачуцьцяў і настрояў сталася прырода?» Вось якраз жа таму, што прырода была сугучная і майму характару, і маім адчуваньням. Захопленая хараством, чарамі прыроды, у гадох маёй раньняй творчасьці асабліва, я не чулася ні самотнаю, ні сумнаю, ні няпэўнаю. У лесе, у палях, «пад сінім небам» я была спакойнаю і вольнай, як нідзе.

А людзей я сапраўды пазнала і зразумела шмат пазьней. Тады і яны побач з прыродай увайшлі ў маю творчасьць і нат хіба як пераможцы.


– Вы называеце Максіма Гарэцкага сваім «першым крытыкам і суровым настаўнікам». Што Вам запамяталася зь ягонага выгляду, настаўленьняў літаратурных і нацыянальных?


– Максім Гарэцкі быў крытыкам своеасаблівым. Ён ніколі не казаў проста, калі яму што не спадабалася, адно колькімі спакойнымі словамі ці сказамі дапамагаў мне самой зразумець, у чым мая памылка. Бачыла ці спатыкала Максіма Гарэцкага або на лекцыі ў клясе, або прыпадкам у калідорах школы, бо быў заўсёды вельмі заняты, але было між намі нейкае вельмі няўлоўнае паразуменьне, і не трэба было шмат словаў. Хваліў ён мяне рэдка. Адно што яму падабалася, гэта мае вершы-балады, якія ўвайшлі пазьней у зборнік «Пад сінім небам» у разьдзеле «Зачараваны кут» (што й не дзіва для аўтара «Патаёмнага»).


– Які ўплыў меў на Вас Антон Луцкевіч?


– Антон Луцкевіч, які пераняў у Гарэцкага выкладаньне беларускае мовы ў нашай 8-м клясе, не быў мне гэткім блізкім, як Максім Гарэцкі. Ды выкладаў ён без таго запалу, без тае любасьці да роднага слова, як Гарэцкі. Адно што ён любіў і добра, да апошняга радка ведаў і высока цаніў, была творчая спадчына Максіма Багдановіча. Багдановіч як паэт, што не выйшаў непасрэдна зь вёскі, быў, відаць, шмат бліжэйшы Луцкевічу, чымся, скажам, Мацей Бурачок ці нават і Якуб Колас. Але ў выкладах сваіх ён заўсёды быў вельмі дакладны, стрыманы і справядлівы. Ён заўсёды быццам некуды сьпяшаўся, і не было ў ягоных лекцыях таго вагню, што ў лекцыях ягонага папярэдніка.


– Ці былі на Вашым творчым шляху спакусы (якія ішлі звонку) пісаць у іншай мове (расейскай, польскай) і што Вас пакінула пры беларускай мове?


– Мо гэта крыху дзіўна, але гэткае спакусы ці націску на мяне з таго ці іншага боку ніколі не было. Думаю, што мала хто з чужых, сярод якіх давялося мне жыць, наогул ведаў, што я пішу, да таго ж па-беларуску. Беларускую мову я ніколі не зьбіралася кідаць, яна была і ёсьць мая родная мова, дык як жа я магла яе пакінуць?


– Хто, апрача Максіма Багдановіча, быў найбольш блізкі Вам зь беларускіх паэтаў? Якія дачыненьні былі ў Вас зь іншымі паэтамі Заходпяй Беларусі? Ці Вы сачылі за іхнымі творамі? Як Вы разумелі сваё мейсца ў літаратурным жыцьці той пары?


– Апрача Багдановіча я любіла Зьмітрака Бядулю і некаторыя вершы Янкі Купалы. Ведама, я захаплялася і дзівілася моцы ягонага магутнага таленту, але бліжэй майму сэрцу былі гэткія ягоныя вершы, як «Песьня сонцу» ці «Маладая Беларусь». Што ж да маіх найбліжэйшых сяброў, паэтаў Заходняй Беларусі, дык неяк навесну 1921 або 1922 года (баюся памыліцца) я сустрэлася ў Вільні з паэтам Уладзімірам Жылкам. Ён мне адразу вельмі спадабаўся як чалавек. Я была тады якраз пад уражаньнем кагадзе надрукаванага ягонага верша (не памятаю ўжо дзе):


         У маім жыцьці яшчэ вясна

         Мінула ў вечнасьць назаўсёды...


Я адразу адчула, што гэты Жылкаў верш куды лепш за мае тагачасныя і таму пазірала на яго з пашанай, хай Жылка і быў блізу маім аднагодкам. Згаданыя ўспадоба і пашана да Жылкавае творчасьці засталіся ў мяне назаўсёды і завяршыліся ўражаньнем ад прачытаньня (гадоў 20 пасля) ягонага несьмяротнага «Тэстамэнта».

Больш, на жаль, я з Жылкам не сустракалася. Ён выехаў у Прагу, а тады – у Савецкі Саюз, а я выйшла замуж і пакінула Вільню на доўгія гады, хай і вярталася туды часам на кароткія наведзіны.

Што ж да тагачасных паэтаў Заходняй Беларусі, дык Максіма Танка, зь якім я сустрэлася ўжо шмат пазьней, я таксама адразу прызнала як лепшага за мяне тады паэта. Раньні Танк быў, безумоўна, пад ці малым уплывам Сяргея Ясеніна, з творамі якога я толькі што тады пазнаёмілася. I Ясенін, і Танк, гэткія падобныя ў адным, а гэткія розныя ў іншым (Ясенін, прыкладам, не быў змагаром), былі вельмі сугучныя мне (у глыбіні, калі можна так сказаць, а не вонкава). Пад іхным, прызнаюся, уплывам я і разьвіталася канчальна з «нашаніўскаю парою» мае творчасьці ды ўвайшла, перш крыху нясьмела, у паэтычную сучаснасьць.

З творамі ж гэткіх волатаў, як Уладзімер Дубоўка ці Язэп Пушча я тады яшчэ не сустракалася.

Апрача Танка давялося мне пазнаёміцца ў Вільні і зь іншымі лепшымі паэтамі Заходняй Беларусі – Машарам і Васільком. Ні Васілька, ні нат Машару не можна было аднак раўнаваць ані да Танка, ані да Жылкі, ані, хіба, і да тагачаснае мяне.


– Вам давялося пражыць на Беларусі не больш як 25 год, калі не лічыць штогодніх кароткіх «наездаў». Здалёк ад Беларусі, што Вас найбольш вабіла да яе?


– Усё... А найбольш ейная нейкая свойскасьць, блізкасьць. У Заходняй Польшчы, дзе мне давялося пражыць большую частку нашых год выгнаньня, нат васількі, здавалася, цьвілі не гэтак, як у нас. Я пісала ў 1925 годзе:


         Краскі любыя, памяткі іншых палос,

         Белых дзічкаў на межах, сьцяжынак-шляхоў,

         Краскі – памяткі песняў званкіх жаўрукоў

         Пад паветкаю сініх нябёс...


         Там, у родных палёх, вы не гэтак цьвілі,

         Гэткі смутак не ймгліўся у вашых вачох,

         Гэтак хутка ваш стан не хінуўся, не сох,

         Краскі роднай, далёкай зямлі!

                                                («Васількі»)


– Які ўплыў зрабіла на Вашую творчасьць вайна?


– Я думаю, што найлепш і найдакладней можа адказаць на гэтае пытаньне мой верш «Сягоньня», якім якраз я і «прывітала» першыя ваенныя дні.


– Якое было Вашае стаўленьне да нямецкае акупацыі Беларусі, да нямецкіх акупацыйных уладаў?


– Кажная акупацыя – гэта блізу заўсёды гвалт, няволя. Колькі ж іх, гэтых акупацыяў, перажыла ўжо працягам гісторыі нашая Бацькаўшына! Гэтак і чародная, нямецкая, акупацыя Беларусі 1941–1944 гадоў каштавала нашаму народу незьлічоных ахвяраў, пакутаў і крыўдаў.

Мне здаецца, аднак, што савецкая партызанка ані не лепш ставілася да беларускага жыхарства, чымся нямецкія ўлады. Нішчылі нас і з аднаго боку, і з другога. Ведама ж – вайна...


– Як Вы разумелі наогул ролю паэта ў жыцьці, паколькі Вы зварачаліся ці раз да гэтае тэмы ў вершах «Паэту», «Хто ён, паэт?», «Імкні, паэт!», «Каб паэты маглі», «Паэтам» ды іншых?


– На гэтае пытаньне адказаць не гэтак лёгка. Паэты маюць дар паэтызаваць праявы жыцьця, жыцьцёвыя здарэньні, благія ці добрыя, усё тое, што даводзіцца людзям бачыць і перажываць. I гэтая паэтызацыя перажыванага робіць яго больш зразумелым, наогул лягчэйшым да ўспрыняцьця людзьмі. А парою, асабліва ў часіны натхненьня, паэты патрапяць нат уплываць сваймі вершамі на людскія паводзіны, кіраваць людскою грамадою як рабілі гэта старадаўнія прарокі, адным словам, як сказана ў маім вершы «Паэт»:


         Вучыць прысталых дыхаць шырэй,

         Шугаць, за родны край гарэць.


– Чым можна характарызаваць Вашую паэзію пэрыяду эміграцыі? Ці Вы разрозьніваеце ў гэтай фазе пэрыяд «нямецкі», калі жылося ў пераходпых лягерных умовах, і пэрыяд «амэрыканскі» – часы сталага асяленьня?


– У вершах пэрыяду «нямецкага», як Вы яго называеце, ды раньняга «амэрыканскага» пераважае ў мяне туга па Бацькаўшчыне, параўнаньні яе да чужыны, што й не дзіва, бо бальшыня нас, апынуўшыся за межамі Беларусі, яшчэ доўга жылі дый жывём родным краем. I толькі пасьля, пакрысе, Бацькаўшчына, як жывая рэчаіснасьць, пачала ў паэтавым адчуваньні адплываць як быццам у нейкую казачную далячынь. Як казка жыве яно ў сэрцах і паэтаў, і не паэтаў да сяньня: «Беларусь, Беларусь залатая» ці «Беларусь, Беларусь зялёная, палыменны, балючы сон!»


– Які ў Вас кантакт з паэзіяй сучаснае Беларусі?


– Сягоньня блізу ніякі. Калі я жыла ў Нью-Ёрку, дык сістэматычна чытала і «Полымя» і іншыя менскія выданьні. Калі ж выехала «ў правінцыю», амаль усё гэта, на жаль, абарвалася. Але, мяркуючы з таго, што ўдаецца мне ўсё ж час ад часу пачытаць, я вельмі высока цаню паэзію сучаснае Беларусі, нязгасную любасьць да Бацькаўшчыны, якая ў ёй жыве.


– У Вашай творчасьці ваеннага і паваеннага часу Вы ўспрымаецеся чытачом як паэт мужнага духу, пясьняр жыцьцёвага актывізму. Ці лёгка давалася Вам гэтая бадзёрасьць? Якія цяжкасьці, сумненьні, перашкоды даводзі лася Вам сустракаць на жыцьцёвым шляху?


– Тое, што Вы называеце «бадзёрасьцю», гэта проста адна з своеасаблівых рысаў майго характару: хай па прыродзе сваёй я вельмі нясьмелая, штось прымушае мяне адразу ставіцца наперакор каму б ні было ў выпадку гвалту, крыўды, несправядлівасьці. Наогул я магу шмат што сьцярпець, але не крыўду ці несправядлівасьць, чаму – сама я не ведаю. А гвалтаў і несправядлівасьці ў ваенных гадох было навокала – процьма.


Гутарыў карэспандэнт газэты «Беларус».