ЧАСТКА ПЕРШАЯ
Вечар!..
У небе высокім
Слаўся над хмарамі дым...
Веяла нечым далёкім,
Нечым такім дарагім.
Веяла пахамі жыта,
Веяла прэлай травой
I дарагім перажытым
Пад сінявою страхой...
Нібыта родную вёску
Нехта у горад прывёз...
...Тлелі зь вячэрняга воску
Дальнія сьвечкі нябёс.
Плечы ахутвала сьцюжа.
Падалі долу лісты...
– Добрага вечару, дружа!..
– Яська!..
Няўжо гэта ты?!..
Дружа!
Так многа,
Так многа
Вёсен і зім уцякло...
...Новае ў сэрцы жыло,
Беглі другія дарогі...
Момант!..
Адно вокаімгненьне –
Зноўку сышліся чаўны... –
Тодар!..
Жыцьцё не скляпеньне
Акамянелай труны.
Кажуць: ня сыдуцца горы,
Шапку ня скіне Казьбек,
А чалавек –
Гэта ня цень касагору...
Цень ад гары не ляціць...
Людзі шукаюць другога...
...Заўжды, браток, у жыцьці
Сходзяцца зноўку дарогі...
* * *
Мы спаткаліся зь ім...
...Сем гадоў праімчала, бы дым,
Нібы сон...
...Сем гадоў!..
А так сьвежы былі успаміны...
Нібы толькі учора
За чорным укомскім сталом
Мы нэрвова паціснулі рукі.
З задуменнай усьмешкай вачэй
На пражытае глянулі,
I пайшлі,
I пайшлі
Да далёкіх другіх берагоў...
Час ішоў!..
Пад бялявымі чарамі месяцу
Многа канула сьлёз і вады
У бяздонную сінь акіяну...
Людзі плакалі,
Людзі імкнуліся, –
Будавалі... Змагаліся... Марылі...
Кожны грэўся ля дальняга вогнішча
Недасягнутых сёньня надзей...
...Разышліся
У той дзень Беларусі
Лучнікамі кадзіла нямая туга...
...Сем гадоў праімчала, бы дым,
– Нібы сон...
...Сем гадоў!..
Мы спаткаліся зноўку...
Толькі што гэта?!
Сёньня ня тыя дарогі і мы...
Сёньня думаю я аб інакшым –
Сёньня думаеш ты аб другім...
* * *
Ноч!..
Агні!..
Тэатральная ложа!..
Каляровасьць!..
Трымценьне!..
Шум!..
Нешта сэрца трывожыць,
Трывожыць,
I тугой авявае душу.
Я шукаю знарок супакою,
Я хачу адпачынак знайсьці...
Раскажы мне што-небудзь такое,
Раскажы аб мінулым жыцьці.
Штосьці сэрца ахутвае вусьціж,
Назіраючы фільмы жыцьця...
Не люблю расфарбованых вуснаў,
Не люблю,
За півонь на фальшывым экране
Я ніколі душы не аддам...
...А вось тут, –
Паглядзі, па-за намі
Колькі, колькі
Расьпісаных дам.
Ім жыцьцё – дыямэнтныя мілі,
Пазалота бялявых плячэй...
Мо' за гэтым і душы астылі,
I патухлі усьмешкай вачэй?!.
Я шукаю ад супакою,
Я хачу адпачынак знайсьці...
Раскажы мне што-небудзь такое,
Раскажы аб мінулым жыцьці...
– Не пытай!
Ты ня ведаеш, дружа,
Што на сэрцы
Паўтысячы ран,
Што уперадзе сьцюжа
I сьцюжа,
I асеньняга шчасьця экран.
Што ты, Яська,
Як баба якая,
Галаву апускаеш на дол?!.
– Не дзівіся!..
I горды арол
Свае крыльлі дашчэнту ламае...
...Не дзівіся!..
У вагнёх кананады
Дагарэла,
Што можа гарэць...
На разьбітай
Жыцьцёвай эстрадзе
Зараз нечым надзеі сагрэць.
Перажыў я
Крывавую бойку,
I сябе, як відаць, перажыў...
Колісь я
Дарагою вінтоўкай,
Бы каханай сваёй даражыў.
Даражыў...
I ня рэдка,
Ня рэдка,
Калі месяц маліўся цішы,
Я адважна ішоў у разьведку
Зь нечуваным спакоем душы.
Бо я ведаў:
Ад роднае хаты
Не прыйшоў я для скаргі і сьлёз,
Дзе служылі вячэрню гарматы,
I дыміліся сьвечы нябёс...
А мой бацька,
(Як потым пісалі)
Пасылаў свайму сыну праклён,
Ўспамінаючы часта мэдалі
I аджытыя тасьмы пагон.
Час ішоў...
На разьбітыя сьцены
Асядала туга і туман,
Ападалі адвечныя сьцені,
Праясьняўся жыцьцёвы экран.
I тады я
Ідэі ня здрадзіў,
Калі штык мой
Іржой загараў...
На нязвыклай укомскай пасадзе
Я гарэў...
Палымеў...
Дагараў!..
А мой бацька
(Як потым пісалі)
Ні сябе, ні мяне не журыў,
Ён укінуў у печку мэдалі
I пагоны з сурдутам спаліў...
Адчыніў
Магазін на Каломне,
А празь месяц ён піша ў лістох:
– Прыязджай, даражэнькі, дадому,
Не зважай,
Не зважай ні на што.
Вельмі рад я,
Што сын камсамолец,
Але ты
Не зусім камсамоль...
Вецер з поўначы зноўку нагоніць
І сьнягі,
I асеньнюю золь...
Расьцьвітаюць і астры,
Бы казка,
Прыгажэй іх увосень няма,
Але прыйдзе на лыжах зіма –
Хто пазнае,
Дзе сьнег, а дзе краскі?!
А ідэі –
Ня цьмін залаты?
А імкненьні –
Ня тыя ж лілеі?
Я ня ведаю,
Што гэта ты
Так аддаўся душою ідэям?!
Вецер з поўначы
Зноўку нагоніць
I тугу,
I жыцёвую золь...
Вельмі рад я,
Што ты камсамолец,
Але ты
Не зусім камсамоль.
* * *
Дні плылі,
I плылі у прадвечнасьць,
Нібы каўкі на чорную баль,
А на сэрцы расла супярэчнасьць,
Пахмурнела ружовая даль.
У ружовых агнёх захапленьня
Дагарэла,
Што можа гарэць...
Дзе шукаць,
I якога збавеньня,
Калі нечым надзеі сагрэць?..
Пустацьветам
На чорным экране
Адцьвіла,
Нібы сон, маладосьць...
Зь нерасквечанай краскай каханьня
Мне зьявіўся нягаданы госьць.
Пакахаў я
Аднойчы дзяўчыну
(Хіба ў казцы пра гэта казаць),
Пакахаў!..
Як сябе,
Як айчыну,
Як ня ўмеюць на сьвеце кахаць.
Толькі, ведаеш,
Позьняя вішня
Асыпае зь пялёсткамі плён...
I мяне за жыцьцёвым кілішкам
Напаткаў векавечны закон.
Я кахаў, –
Цалавалі другія,
Я маліўся, –
А нехта пляваў,
Я шукаў дарагога Месію,
А Іуда яго прадаваў...
Я ішоў,
Дзе сьмяяліся ружы,
Дзе, здавалася, гінуў туман,
А прыходзіў:
Жыцьцёвая сьцюжа
Абрывала далёкі экран.
За півонь на фальшывым экране
Я расьпяў на пахілым крыжы
I апошнюю краску каханьня,
I апошнія крозы душы.
Вось тады
За сталы рэстарану
Мяне кінуў бязьлітасны лёс,
Заліваць нечуваныя раны
Разам з болем
Нявылітых сьлёз.
* * *
Помню вечар...
Той памятны вечар...
Асыпалася лісьце бяроз,
I дыміліся першыя сьвечы
На эмалевай сіні нябёс.
Штосьці стукала,
Стукала сэрца...
...Быццам нехта
Разбурыў сусьвет...
...Адабралі білет на ячэйцы,
Адабралі партыйны білет...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ноч!
Агні!
Рэстаранныя скрыпкі!
Каляровасьць!
Трымценьне!
Шум!
...Нейчы голас надломана-хрыплы
Дзікім рогатам раніў душу...
Залівалі тут
Душы і раны,
Дзе туман свае рукі прасьцёр...
А за чорнай сьцяной рэстарану
Будавалі другое жыцьцё...
Мне хацелася
Жыць па-другому,
А ці здолен я?
Цяжка сказаць...
Мо’ ніколі жытнёвым заломам
Самастойна на ногі ня стаць...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Што сказаць?!
Ты ня ведаеш, дружа,
Што на сэрцы паўтысячы ран,
Што наперадзе
Сьцюжа
I сьцюжа,
I асеньняга шчасьця экран...
Я застыў у сваім задуменьні,
А калега павіс галавой...
Ападалі люстраныя цені, –
Галасіла раяль за сьцяной.
Нібы хтосьці
Узрыдамі грудзі
Над халоднай труной надрываў...
Чорны смутак душу авяваў...
Безудзельна праходзілі людзі...
Эх вы, Яські!..
Няўжо за гарамі
Вас пакінуў жыцьцёвы цягнік.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Вашы душы іржой загараюць,
Як на полі пакінуты штык...
Заўжды позна расьцьвіўшая вішня
Асыпае пялёсткамі плён...
Вось і вас
За жыцьцёвым кілішкам
Напаткаў векавечны закон...
Мы усе на палёх кананады
Загубілі юнацкія дні...
Але зараз
На новай эстрадзе
Не патухнуць жывыя вагні...
Паглядзі!
На разьбітыя сьцены
Асядае туга і туман...
Ападаюць адвечныя сьцені,
Праясьняецца новы экран...