|
Сяржук Сокалаў-Воюш
Беларускі бард, журналіст, пісьменьнік.
Сапраўднае імя: Сяргей Сокалаў
Годы жыцця: нар. у 1957
Месца нараджэння: вёска Астроўшчына Полацкага раёну Віцебскай вобласьці
Біаграфія:
Нарадзіўся 16 кастрычніка 1957 ў вёсцы Астроўшчына Полацкага раёну Віцебскай вобласьці у сям'і настаўнікаў Анатоля Сокалава і Ганны Воюш. З 1974 па 1976 працаваў сьлесарам на заводзе жалезабэтонных вырабаў. З 1976 па 1978 служыў ў Савецкай Арміі. У 1979 на Наваполацкім вытворчым аб'яднаньні «Палімір». У гэтым самым годзе паступіў на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту, пасьля трох курсаў перайшоў на завочнае навучаньне. Скончыў БДУ ў 1985. У 1982-1984, 1985-1988 працаваў настаўнікам ў Наваполацкай сярэдняй школе №5. З 1984 па 1985 — навуковы супрацоўнік філіялу музэю Якуба Коласа (вёска Мікалаеўшчына, Стаўпецкі раён). З 1988 па 1990 — загадваў літаратурнай часткай лялечнай трупы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск). З 1990 сябра Саюзу Пісьменьнікаў СССР. У 1991 зьехаў у Прагу, каб працаваць на радыё «Свабода». Апошні раз прыяжджаў на Беларусь у 2006. Упершыню выступіў ў друку ў 1973 у наваполацкай газэце «Хімік». У 1989 выдаў зборнік «Кроў на сумётах». У тым самым годзе паставіў п'есу-казку «Сьвецяць, сьвецяць зорачкі». Аўтар кнігі «Крывавы памол» і паэмы «Мяккі знак». Пераклаў на беларускую мову творы А.Андрэева «Манумэнт», «Любоў да бліжняга», таксама некаторыя творы польскіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў. У 2001 выйшаў першы альбом зь ягонымі песьнямі "Нефармальны беларус ды іншыя песьні". У 2006 - другі - "Песьні Лісоўчыкаў". Жыве зь сям'ёй у Нью-Ёрку. Мае двух сыноў - Сьветавіта і Славаміра. |