|
Іван Шамякін
Беларускі пісьменьнік.
Годы жыцця: 1921-2004
Месца нараджэння: вёска Карма Добрускага раёну Гомельскае вобласьці
Біаграфія:
Іван Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 г. у вёсцы Карма Добрускага раёну Гомельскае вобласьці. Скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў (1940). У 1940—1945 гадох служыў у савецкай арміі — удзельнічаў у баёх пад Мурманскам, у Польшчы, на рацэ Одра. У 1945—1948 гадох настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёну. З 1946 году вучыўся на завочным аддзяленьні Гомельскага Пэдінстытуту. Працаваў старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаху «Советская Отчизна». З 1954 году — намесьнік старшыні, з 1966 году — сакратар, з 1968 году — другі сакратар, з 1971 году — першы намесьнік старшыні, у 1976—1980 гадах — першы сакратар праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР. З 1980 году — галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР (1963—1985) і СССР (1980—1989). Старшыня Вярхоўнага Савету БССР (1971—1985). З 1987 году старшыня Беларускага камітэту абароны міру. Сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі з 1947 году. Акадэмік АН Беларусі (1994). Напісаў раманы «Глыбокая плынь», «Крыніцы», «Сэрца на далоні» і пэнталёгію «Трывожнае шчасьце», кнігу «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч». Шамякін пачаў пісаць мастацкія творы на роднай мове яшчэ да вайны. Будучы на фронце, друкаваў замалёўкі і вершы ў армейскай газэце на расейскай мове. У 1945 годзе апублікаваў сваю першую аповесьць «Помста» (часопіс «Полымя»). Памёр 14 кастрычніка 2004 годзе. Пахаваны на Ўсходніх могілках у Менску. |