|
Марк Шагал
Графік, жывапісец, тэатральны мастак, ілюстратар.
Годы жыцця: 1887-1985
Месца нараджэння: Віцебск
Біаграфія:
Марк Шагал нарадзіўся ў Віцебску 24 чэрвеня (6 ліпеня) 1887 г. Атрымаў традыцыйную рэлігійную адукацыю на хаце (старажытнагабрэйская мова, чытаньне Торы і Талмуда). У 1906 году прыехаў у Пецярбург, дзе ў 1906–1909 наведваў малявальную школу пры Таварыстве Заахвочваньня Майстэрстваў, студыю З.Зайдэнбэрга і школу Е.Званцавай. Жыў у Пецярбурзе, Віцебску і Маскве. З 1910 па 1914 жыў у Парыжы. Уся творчасьць Шагала першапачаткова аўтабіяграфічна і па-лірычнаму спавядальна. Ужо ў раньніх яго карцінах дамінуюць тэмы дзяцінства, сям'і, сьмерці, глыбока асабістыя і ў той жа час «вечныя» ("Субота", 1910, Музэй Вальраф-Рыхарц, Кёльн). З часам на першы плян выходзіць тэма гарачага каханьня мастака да сваёй першай жонкі - Бэлі Розэнфельд ("Над горадам", 1914–1918, Трэцьцякоўская Галерэя, Масква). Характэрныя матывы «местачковага» краявіду і побыту разам з сымволікай юдаізму ("Вароты габрэйскіх могілкаў", 1917, прыватны збор, Парыж). Аднак, узіраючыся ў архаіку, Шагал прымыкае да футурызму і прадбачыць будучыя авангардныя плыні. Гратэскава-алягічныя сюжэты, рэзкія дэфармацыі і іррэальна-казачныя колеравыя кантрасты яго палотнаў ("Я і вёска", 1911, Музэй Сучаснага Мастацтва, Нью-Ёрк; "Аўтапартрэт зь сямю пальцамі", 1911–1912, Гарадскі Музэй, Амстэрдам) аказалі вялікі ўплыў на развіцьцё сюррэалізму. У 1918–1919 гадох Шагал служыў камісарам ВКП(б) губэрнскага аддзела народнай адукацыі ў Віцебску, афармляў горад да рэвалюцыйных сьвятаў. У Маскве напісаў шэраг вялікіх насьценных пано для Габрэйскага Камэрнага Тэатра. Тым самым ён зрабіў першы значны крок да манумэнтальнага мастацтва. У 1922 г. выехаў у Бэрлін, у далейшым з 1923 жыў у Францыі (у Парыжы або на поўдні краіны) часова пакінуўшы яе ў 1941–1947 (гэтыя гады правёў у Нью-Ёрку). Наязджаў у розныя краіны Эўропы і Міжземнамор'я, не раз пабываў і ў Ізраілі. Асвоіўшы розныя гравюрныя тэхнікі, па замове А.Волара стварыў (у 1923–1930) выразныя ілюстрацыі да твораў "Мёртвыя душы" М.Гогаля і "Байкі" Ж.Лафантэна. Да сярэдзіны ХХ ст. яго аўтарытэт як мастака-жывапісца, графіка, майстра тэатральнага мастацтва, а таксама дэкаратыўнай керамікі (якой ён займаўся з 1950) – атрымаў сусьветнае прызнаньне. Па меры дасягненьня піка славы яго манэра – у цэлым сюррэальна-экспрэсіянісцкая – становіцца ўсё лягчэй і раскаваньней. Не толькі галоўныя гэроі, але і ўсе элемэнты выявы параць, складаючыся ў сузор'і каляровых бачаньняў. Скрозь тэмы віцебскага дзяцінства, каханьня, цыркавога спэктакля наплываюць змрочныя водгукі былых і будучых сусьветных катастрофаў ("У часу няма берагоў", 1930–1939, Музэй Сучаснага Мастацтва, Нью-Ёрк). З 1955 пачалася праца над "Бібліяй Шагала" – так мянуюць вялізны цыкл маляўнічых палотнаў, якія расчыняюць сьвет прабацькоў габрэйскага народа ў дзіўна эмацыйнай і яркай, наіўна-мудрай форме. У рэчышчы гэтага цыклу майстар стварыў і вялікую колькасьць манумэнтальных эскізаў, кампазыцыі па якіх упрыгожылі сакральныя будынкі розных рэлігій – як юдаізму, так і хрысьціянства ў яго каталіцкай і пратэстанцкай разнавіднасьцёх: керамічныя пано і вітражы капэлы ў Асьсі (Савой) і сабора ў Меце, 1957–1958; вітражы: сінагогі мэдыцынскага факультэта Габрэйскага Ўнівэрсітэта каля Іерусаліма, 1961; сабора (цэрквы Фраумюнстэр) у Цюрыхе, 1969–1970; сабора ў Рэймсе, 1974; цэрквы Санкт-Штэфан у Майнцы, 1976–1981; і інш.) Гэтыя творы радыкальна абнавілі мову сучаснага манумэнтальнага мастацтва, узбагаціўшы яе магутным маляўнічым лірызмам. У 1973 Шагал наведаў Маскву і Ленінград у сувязі з выставай сваіх прац у Трэцьцякоўскай Галерэі. М. Шагал - адзін зь лідэраў сусьветнага авангарда XX ст., ён здолеў арганічна злучыць старажытныя традыцыі юдэйскай культуры з сучасным наватарствам. Памёр М. Шагал у Сэн-Поль-дэ-Ванс (Прыморскія Альпы, Францыя) 28 сакавіка 1985. |