Віка Трэнас
Беларуская паэтка, пісьменьніца, журналістка.
 
Сапраўднае імя: Вікторыя Ляйкоўская.
Годы жыцця: нар. у 1984.
Месца нараджэння: Менск
Біаграфія: 

Сапраўднае імя Вікі Трэнас – Вікторыя Ляйкоўская. Яна нарадзілася ў 1984 годзе ў Менску.  

Скончыла філялагічны факультэт Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэта (беларускае аддзяленьне, 2007), вывучала філязофію і літаратуру ў Беларускім Калегіюме.  

Цяпер працуе рэдактарам аддзела паэзіі часопіса “Маладосць”. Піша на беларускай і рускай мовах.  

Зь вершамі, эсэістыкай, літаратурнай крытыкай выступае ў пэрыёдыцы з 2000 г. Зьяўляецца літаратурным аглядальнікам інтэрнэт-выданьня “Новая Эўропа”, супрацоўнічае з часопісамі “Паміж”, “pARTisan”, “Тэксты”.

У цяперашні час актыўна займаецца арганізатарскай і мэнэджэрскай дзейнасьцю: супольна з паэткай Юліяй Новік ажыцьцяўляе доўгатэрміновыя літаратурна-мастацкія праэкты “Выявы”, “Францыя ў сэрцы Беларусі”, праводзіць фэстывалі, конкурсы, майстар-клясы, канцэрты, выставы, творчыя сустрэчы-дыскусіі, разнастайныя імпрэзы пры дапамозе і з удзелам маладых актуальных беларускіх пісьменьнікаў, музыкантаў, мастакоў.  

5 сьнежня 2009 года ў Тэатры Рускага Рамансу прайшла літаратурна-мастацкая імпрэза "Выявы-2009", якая сабрала цікавых і вельмі розных удзельнікаў.

20 траўня 2010 года ў музэі Янкі Купалы пасьпяхова адбыўся паэтычна-акустычны канцэрт “Рытмы і рыфмы”.

13 лістапада 2010 года ў музэі Янкі Купалы прайшло культурна-забаўляльнае шоу “Дзесятка-style”, у якім бралі ўдзел творчыя бландзінкі і брунеткі.

Штогадовы праэкт прома-групы ВЮ “Выявы” прайшоў у трэйці раз – пад назвай “Трохмоўе”, зьяднаўшы беларускую, польскую, ангельскую мовы і творцаў, якія імі натхняюцца. Мерапрыемства адбылося 7 сьнежня 2011 г. ў музэі імя Янкі Купалы.


Віка Трэнас – аўтарка паэтычных кніг “Цуд канфіскаванага дзяцінства” (Менск, "Логвінаў", 2005), “Экзістэнцыйны пэйзаж” (Менск, "Галіяфы", 2008). Творы перакладаліся на рускую, нямецкую, балгарскую, швэдскую і французскую мовы.


Блог Вікі Трэнас: http://vika-trenas.livejournal.com/

E-mail: trenas007@gmail.com


"Дзяўчынка са сьвістком" - Зьміцер Вішнёў пра Віку Трэнас.

"Дыктант" - Рыгор Барадулін пра зборнік вершаў "Экзістэнцыйны пэйзаж".

"Адназначна смачна" - нататкі пра кнігу Вікі Трэнас "Экзістэнцыйны пэйзаж" (аўтар - Ю. Новік).