О любоў мая, Беларусь!
Над туманным начным стаўком
Пралятае самотная гусь,
Разразаючы люстра крылом...
Уладзімір Караткевіч
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 фота(12)
 літаратура(1)
 прагляд
Водгукі(0)
Браніслаў Тарашкевіч
Вялікі беларускі мовазнавец, публіцыст, перакладчык, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч.
 
Годы жыцця: 1892-1938
Месца нараджэння: засьценак Мацюлішкі Віленскага павету.
Біаграфія: 

Браніслаў Тарашкевіч нарадзіўся ў засьценку Мацюлішкі Віленскага павету ў сялянскай сям'і.

У 1911 скончыў зь сярэбраным мэдалём 2-ю Віленскую гімназію, у 1916 — гісторыка-філялягічны факультэт Петраградзкага ўнівэрсытэту і быў пакінуты там пры катэдры расейскай мовы і літаратуры. Працаваў і як прыват-дацэнт старажытнагрэцкай і лацінскай моў.

У 1917 г. — адзін зь лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1918 г. загадваў культурна-асьветным аддзелам Петраградзкага аддзяленьня Белнацкаму. У 1919 г. — выкладчык беларускай і грэцкай моў у Менскім пэдагагічным інстытуце. У 1920 г. — загадчык беларускага сэктару дэпартамэнта асьветы т.зв. Сярэдняй Літвы.

З 1921 г. — дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў ТБШ. Намаганьнямі Б.Тарашкевіча ды іншых дзеячаў нацыянальнага адраджэньня напачатку 20-х г.г. на тэрыторыі Сярэдняй Літвы было адчынена каля 300 школаў з выкладаньнем на беларускай мове, настаўніцкая сэмінарыя ў Барунах, гімназія і настаўніцкія курсы ў Радашковічах.

У 1922 г. быў абраны паслом у польскі сойм, у 1922—1924 гадох узначальваў у ім Беларускі пасольскі клюб. У першы пэрыяд свае парлямэнцкае працы трымаўся ў цэлым палянафільскай арыентацыі, хоць востра крытыкаваў з соймавай трыбуны нацыянальную і сацыяльную палітыку польскіх урадаў. У лютым 1924 г. разам з Радаславам Астроўскім і Аляксандрам Уласавым узяў удзел у стварэньні Беларуска-польскага таварыства ў Вільні, за што быў адхілены ад старшынства ў Беларускім пасольскім клюбе і заменены на Васіля Рагулю. Пасьля гэтага зблізіўся зь левым крылом БПК.

У пачатку 1920-ых гадоў Тарашкевіч быў таксама чальцом ложаў руху вольных муляроў «Тамаш Зан» у Вільні і ложы «Праўда» ў Варшаве.

24 чэрвеня 1925 году разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Паўлам Валошыным і Пятром Мятлой выйшаў са складу БПК і заснаваў пасольскі клюб Беларускае сялянска-работніцкае грамады. Стаў старшынём клюбу, а пасьля і створанай на яго аснове масавай палітычнай партыі. Цесна зблізіўся зь лідэрамі КПЗБ і ў студзені 1926 году быў прыняты ў партыю. Патаемна ўдзельнічаў у III канферэнцыі КПЗБ (студзень 1926 году).

У студзені 1927 г. старшыня ЦК БСРГ Браніслаў Тарашкевіч разам зь іншымі лідэрамі вызваленча-рэвалюцыйнага руху быў арыштаваны польскай дэфэнзывай. У траўні 1928 г. на «Працэсе 56-і» засуджаны на 12 год зьняволеньня па абвінавачаньні ў спробе дзяржаўнага перавароту з мэтай далучэньня Заходняй Беларусі да Савецкага Саюзу. Пасьля тэрмін зьняволеньня быў зьменшаны да 8 гадоў, а ў траўні 1930 году Тарашкевіч паводле распараджэньня прэзыдэнта Польшчы быў датэрмінова выпушчаны з астрогу. Актыўна далучыўся да камуністычнай выбарчай кампаніі ў польскі парлямэнт, узначальваў пракамуністычны выбарчы камітэт Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клюбу «Змаганьне». Жыў у Гданьску.

5 лютага 1931 г. арыштаваны польскімі ўладамі пры спробе праехаць праз польскую тэрыторыю з Гданьску ў Бэрлін. У лістападзе 1932 г. засуджаны на 8 год катаржнай турмы. З верасьня 1933 г. ў абмен на арыштаванага савецкай уладай Францішка Аляхновіча пераехаў у СССР. Працаваў загадчыкам аддзелу Польшчы й Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце (Масква). 6 траўня 1937 г. арыштаваны па абвінавачаньні ў сфабрыкаванай справе так званага «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 5 студзеня 1938 «двойкай» НКВД і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 26 студзеня 1957 году.

Выступаў у беларускім друку з 1914 году. У 1918 годзе, працуючы загадчыкам культурна-асьветнага аддзелу Белнацкаму, падрыхтаваў і выдаў у Вільні, у вядомай віленскай друкарні Максыма Кухты, першую «Беларускую граматыку для школаў». У ёй аўтар абагульніў і замацаваў пісьмовыя традыцыі, што складаліся ў той час у выданьні мастацкае, навукова-папулярнае й публіцыстычнае літаратуры, у пісьмовым друку; улічыў здабыткі тагачаснае лінгвістычнае навукі (дасьледваньні А. А. Шахматава, Я. Ф. Карскага) і досьвед папярэднікаў. Граматыка пасьля вытрымала 6 перавыданьняў, атрымаўшы назоў «тарашкевіца».

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамэра і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.

Дадаў PL 27.12.2009