Зьмяніць кірунак, здрадзіць Краю
Суровы лёс ня змусіць нас,
Мы будзем роднай Беларусі
Сынамі вернымі ўвесь час.
Янка Золак
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 фота(10)
 карціны(28)
 літаратура(1)
 цытаты(2)
 прагляд
Водгукі(0)
Аляксей Кузьміч
 
Годы жыцця: нар. у 1945
Месца нараджэння: сяло Мохра на Брэстчыне
Біаграфія: 

Аляксей Кузьміч нарадзіўся 1 чэрвеня 1945 г. у сяле Мохра на Брэстчыне ў шматдзетнай сялянскай сям'і.

Аляксей Кузьміч – вядомы мастак Беларусі. Яго радзіма – эўрапэйская, славянская, дык і ён мастак эўрапейска-славянскага маштабу. На гэту ўсяленскую вышыню майго земляка ўзьнялі Мадонны. Яны акрылілі яго, натхнілі на творчы подзьвіг, рассакрэцілі яго прыродны талент, вывелі на высокую арбіту. З таго касьмічнага Парнаса бачны загадкава-прыгожыя Мадонны, душа наша напаўняецца ад іх сонечнай энергіі, хочацца прамаўляць малітву:

«Прасьвятая  Багародзіца,  высакародная Маці Божая! Ты асьвяціла шлях зямным пасланцам неба, удыхнула ў іх прыгажосьць, любоў, чалавечнасьць. Ты напаўняеш нашых Мадоннаў сваёй верай, пакорай, цярпеньнем, мужнасьцю, ад чаго яны робяцца прывабнымі, крынічнымі, іконнымі. А тых, хто гэта ўмее бачыць, хто ўслаўляе Мадоннаў, тваіх прадстаўніц на Зямлі, Ты аберагаеш і выводзіш на зорную вышыню. Дзякуй Табе за гэта, наша Заступніца!..»

Тэма жанчыны ў мастацтве – вечная. Ёй столькі гадоў, колькі самому чалавеку на Зямлі. У сусьветную  калекцыю шэдэўраў увайшлі наскальныя малюнкі, старажытныя скульптуры жанчын, статуэткі «краманьёнскіх Вэнэр» зь біўняў мамантаў, камня, гліны.

Кожны народ стварыў свой ідэал жанчыны. У эгіпцян – царыца Неферціці, у грэкаў – багіня прыгажосьці Афрадзіта, багіня мудрасьці Афіна, багіня Месяца і паляваньня Артэміда. Краіны, якія прынялі хрысьціянства, у тым ліку і Беларусь, на многія вякі зрабілі культам Багародзіцу Марыю. Па сёньняшні дзень беларусы ўшаноўваюць дваццаць чатыры цудатворныя іконы Божай Маці.

Сьвет ведае вобразы Мадоннаў, створаных геніямі – мастакамі Рафаэлем, Леанарда да Вінчы, Бацічэлі, Бяліні, Рубенсам, Рэмбрантам, Манэ, Сэзанам, Рэнуарам, Пікасо...

I Беларусь мае сваіх мастакоў, якія годна абагаўлялі зямных пасланіц нябёсаў. Прадаўжаюць гэтую сьвятую працу нашы таленавітыя сучасьнікі, прызнаныя творцы XXI стагоддзя. I сярод іх – прыкметная асоба мастака Аляксея Кузьміча.

Сьветланосная творчасьць чараўніка фарбаў Аляксея Кузьміча выклікае сотні пытаньняў аб жыцьці ў вечнасьці і сьмерці пры жыцьці, аб сапраўднай прыгажосьці і скарбах дабрыні, аб міласэрным сэрцы і, як процілегласьць, – аб зьдзеках д'ябла. Але галоўная яго тэма, выбраная аднойчы і на ўсё творчае жыцьцё, – гэта зямныя Мадонны. Мастак стварыў звыш сямісот палотнаў, у якіх нястомна шукае ідэал беларускай жанчыны. Яго пошукі сягаюць то ў сівую даўніну («Эфрасіньня Полацкая», «Манахіня», «Плач Рагнеды»), то ён зьвяртаецца да вобразаў слынных беларусак (партрэты Галіны Макаравай, Стэфаніі Станюты), то малюе безыменных беларусак, маладых і сталых, ад якіх не адвесьці вачэй («Менская Мадонна»,  «Даная», «Таня», «Наташа», «Дзяўчына і кветкі», «Старасьць»). За гэта можна пакланіцца Аляксею Васільевічу, бо ён услаўляе жанчыну, яе прыгажосьць, яе ахвярнасьць на Зямлі, яе высакароднуго Боскую місію сярод людзей. Урэшце, раскрывае сьвету чароўны вобраз жанчыны-беларускі, а праз яе апавядае і пра саму краіну Беларусь.

Ідучы дарогай Сьвятла і Чысьціні да ўзвышанага і зямнога, жывапісец бачыць і зло, і распуту, і заганы, якімі д'ябал хоча ўзарваць Сусьвет. Можа, таму на сьвятых ліках зямных кузьмічовых Мадоннаў і з'яўляюцца  трывога, занепакоеннасьць, сьлёзы. Мастака хвалюе, што маладыя маці гадуюць дзяцей з пастаяннай боязьзю за іх лёс і жыцьцё.

Маэстра за мальбэртам зноў і зноў бярэ высокую ноту мастацтва, узбуджае сэрца, памяць, душу гледачоў, прымушае іх задумацца, спавядацца, маліцца.

Пра Аляксея Кузьміча і яго семсот Мадоннаў можна пісаць кнігу, манаграфію, дысертацыю. Я ж пішу пакуль што сяброўскае слова і шукаю адказ на адно-адзінае пытаньне: хто і калі ўдыхнуў у яго душу высокае мастацтва, якая зямная Мадонна акрыліла сэрца?

Здаецца, я блізкі да моманту ісьціны: сярод Мадоннаў Кузьміча ёсьць адна, ад якой нельга адвесьці вачэй. Гэта яго мама Аляксандра. Яе ў маладосьці звалі Русалкай. Жыла на хутары, сярод жывой прыроды. Яе не палохаліся дзікія птушкі, яе любілі лясныя зьвяркі. Сярод лугавых кветак яна сама - найлепшая краска.

На сынавым палатне мы бачым мудрую, сталую жанчыну, але ў ёй захавана даўнейшая статнасьць і мілавіднасьць. Яна нарадзіла дванаццаць дзяцей. А калі вярнуўся з вайны яе каханы муж Васіль, на радасьцях вынасіла яшчэ сынка Аляксея, Аляксейку, Лёшу, як у іх вёсцы Махро кажуць, Ляксейку. Апошненькі і стаў надзеяй Мамы, асабліва пасьля таго, як на яе руках сканаў з асколкамі ў целе муж Васіль. З трывогай за лёс і здароўе свайго Аляксейкі дажывала зямныя гады Аляксандра Максімаўна. На карціне адразу прыкмячаюцца спрацаваныя рукі сялянкі і праніклівыя вочы маці. Яна як бы пільна ўзіраецца ў кожнага, хто хоча зь ёй пазнаёміцца і просіць-моліць усіх: «Людзі, беражыце майго Аляксейку, нс крыўдзіце ранімага, не крываўце яго чульлівую душу, не злоўжывайце яго адкрытасьцю, дабрынёй і шчодрасьцю».

Мальбу, просьбу маці як бы перахапіла, пераняла ў сямейную спадчыну жонка Аляксея, менская прыгажуня Інэса. Яе, нябесную і сьвятую, шукаў мастак доўга і пакутна. Ды вось жа сустрэў нечакана на сталічнай вуліцы і не змог адарваць вачэй. Зразумеў, што ўрэшце знайшоў свою адзіную, жаданую і чаканую, выбраную  і пасланую яму самім Госпадам. Вось яна, Інэса Іосіфаўна, і стала яго Мадоннай, яго крыламі і натхненьнем, эталонам прыгажосьці, самай узорнай, вернай жонкай, пяшчотнай цярплівіцай-мамай зь вечнай трывогай за лёс і здароўе сваіх дзяцей. Яе вочы, яе прывабны твар, яе залатую капу валасоў і загадкавую ўсьмешку мы пазнаем у мастацкіх Мадоннах Аляксея Кузьміча («Мадонна ў воблаках», «Мая Мадонна», «Калыханка», «Мацярынства», «Юныя Мадонны», «Ціхая радасьць», «Сям'я», «Мадонна ў сьветлым», «Мадонна з анёламі», «Чысьціня», «Шчырасьць», «Маё натхненьне...»).

Наўмысна стаўлю шматкроп'е, бо немагчыма пералічыць усіх карцін, у якіх мастак зноў і зноў зьвяртаецца да непаўторнага і невычэрпнага вобразу сваёй Мадонны. Здаецца, яна прыйшла да жывапісца з далёкага Рэнесансу, уся ў залатым сьвятле, натхнягочы яго на радасьці і мукі, на творчы подзвіг у імя Вечнасьці.

Кожны дзень у сваёй майстэрні на Траецкім прадмесьці ў Менску Аляксей Кузьміч б'ецца над разгадкай тайны прыгажосьці, мудрасьці і сьвятасьці беларускай Мадонны. Падбірае фарбы такія, каб перадалі духоўнае багацьце жанчыны, няўлоўнае сьвятло самога Госпада. «Да гэтага імкнуўся, – прызнаецца Аляксей Васільевіч, – але да канца раскрыць сакрэт красы Мадонны немагчыма. Над гэтым мучыліся геніі да мяне, будуць у нястомным пошуку і нашчадкі, бо сапраўдная прыгажосьць – гэта само жыцьцё, а ключ ад яго – у Бога. Я імкнуўся толькі асьвяціць людзям дарогу да Яго Храма».

Я шчыра радуюся за духоўнага брата, што ён верны сваёй тэме, свайму мастацкаму почырку і густу, верны сваёй Мадонне і сваёй сям'і, слаўна працягвае род Кузьмічоў, які радаводнымі  каранямі ўваходзіць у сівую даўніну і чэрпае жывільную сілу ў знакамітых прашчураў.

У цябе, мой дружа, усё ёсьць. Ты багаты душой, ты ўзвышаны шчырай любоўю тысяч сваіх паклоньнікаў.

Сярод дзесятка тамоў-водгукаў, якія пакінулі Аляксею Кузьмічу падчас выставак яго паклоньнікі, мне спадабаліся сардэчныя словы прызнаньня настаўніцы Натальлі Вайцяховіч зь вёскі Возера Узьдзенскга раёна:

«Дзякуй, Аляксей Васільевіч, за Ваша пакланеньне Мадонне, за дзівосныя партрэты вашай мамы,  дзеячоў культуры Беларусі, за Ваш бясцэнны дар, за Ваша зьдзіўляльнае працалюбства. Дзякуй Богу, Беларусь наша мае свайго Рафаэля. Відаць, Бог пачуў малітвы жанчын Беларусі».

Аляксей Кузьміч ужо шмат гадоў піша свае дзёньнікі, адкрыта і шчыра спавядаецца перад сваім сумленьнем, перад сваёй Мадоннай, прызнаецца ў любові да сваёй радзімы – Беларусі. Яго мастацкія палотны і літаратурная споведзь даўно ўжо просяцца ў незвычайны музэй Беларусі – Галерэю Мадоннаў Кузьміча. Гэта запаветная мара мастака. Хай жа наступіць час зьдзяйсьненьня мараў сьветланоснага жывапісца Аляксея Кузьміча!

Хай дапаможа яму ў гэтым сам Бог!

Дадаў PL 12.05.2009