Дык жа знайце, чаго б я хацеў,
Аб чым думачкі толькі мае:
Каб мой люд маю песьню запеў
I пазнаў, аб чым песьня пяе!
Янка Купала
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 фота(5)
 карціны(3)
 прагляд
Водгукі(0)
Напалеон Орда
Вялікі беларускі мастак, кампазытар, пісьменьнік.
 
Годы жыцця: 1807-1883
Месца нараджэння: маёнтак Варацэвічы Пінскага павету Менскай губэрні
Біаграфія: 

Нарадзіўся 11 лютага 1807 г. у радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павету Менскай губэрні (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне на Берасьцейшчыне) у сям'і маршалка шляхты Кобрынскага павету, інжынэра-фартыфікатара Міхала Орды, які даў сыну імя францускага імпэратара.

  


У Парыжы, на эміграцыі Напалеон Орда пачаў перакладаць паэзію аўтараў-ліцьвінаў на францускую. Выдаў першы, у 1856 годзе, падручнік польскай мовы для замежнікаў.


Вызначыўся Орда і ў галіне літаратурнай дзейнасьці: пісаў шматлікія артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясьціны. У 1839 годзе Напалеон Орда прыняты ў Польскае гістарычна-літаратурнае таварыства. Сябра Адама Міцевіча, ён быў ягоным папулярызатарам. У ліку знаёмых Орды былі таксама Тургенеў, Бальзак, Стэндаль, Расіні, Вэрдзі.



Піяніст і кампазытар Напалеон Орда ў сярэдзіне 1840-х гадоў быў дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы. Разам зь сябрам, Фрэдэрыкам Шапэнам, ён багата зрабіў для папулярызацыі нашай айчыннай музычнай культуры ў Эўропе.


Музычныя творы самога Орды, асабліва палянэзы, мазуркі і вальсы, вылучаюцца самабытным і віртуозным стылем. Напалеон Орда ствараў рамансы і песьні на словы С.Вітніцкага і А.Плуга, выдаў «Альбом твораў польскіх кампазытараў» (1838). Орда стаў аўтарам славутай «Граматыкі музыкі», што выйшла ў 1873 годзе ды была высока ацэненая Станіславам Манюшкам, які лічыў Орду сваім настаўнікам.



Падчас вучобы ў Сьвіслацкай гімназіі ён далучыўся да тайнага студэнцкага таварыства «Заране». А падчас вучобы ў Віленскім унівэрсытэце прыцягваўся да палітычнага дазнаньня. Унівэрсытэт здольны студэнт ня скончыў — у 1827 годзе быў адлічаны за прыналежнасьць да тайнага студэнцкага таварыства. Пасьля арышту і 15-месячнага турэмнага зьняволеньня вяртаецца ў родныя Варацэвічы, але застаецца пад наглядам паліцыі і завяршае сваю адукацыю самастойна.


Падчас паўстаньня 1830—1831 гадоў ён камандаваў партызанскім атрадам. Ён становіцца, урэшце, стралком чацьвёртага палка коннай гвардыі Літоўскага корпусу ў Польшчы і нават вызначаецца ў бітве пад Коцкам, за што атрымаў вышэйшую ўзнагароду — ордэн Залатога крыжа (Virtuti Militari) і чын капітана паўстанцкай арміі.


Пасьля задушэньня паўстаньня эміграваў у Францыю, дзе правёў 24 гады свайго жыцьця. Вярнуўся толькі ў 1856 годзе па амністыі, жыў у родных Варацэвічах. А напярэдадні паўстаньня Каліноўскага раптам зноў сур'ёзна заняўся маляваньнем.



У Парыжы Орда атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пэйзажу П'ера Жэрара, які і вызначыў яго мастацкі жанр. Для сваёй творчасьці Напалеон Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэльлю, гуашшу ці сэпіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэтая тэхніка маляваньня дазваляла апэратыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа.


У 1862—1863 гадах Напалеон Орда жыве то ў Горадні, то ў Вільні, то ў Пінску, потым на Валыні. У самы час паўстаньня, да канца 1864 году, ён мэтадычна аб'яжджае ўсе раёны найбольш актыўных баявых дзеяньняў і малюе краявіды.


Малюнкі Орды вызначаюцца дакумэнтальнасьцю, праз што маюць велізарную каштоўнасьць для дасьледчыкаў архітэктуры, рэстаўратараў. Многія помнікі захаваліся толькі ў ягоных акварэлях ды малюнках.


Орда шмат падарожнічаў па ўсёй Беларусі, рабіў архітэктурныя накіды найбольш значных помнікаў, замалёўкі мясьцінаў, зьвязаных з жыцьцём выбітных асобаў, славутых помнікаў старасьвеччыны. Вынікам гэтых вандраваньняў зьявіўся аграмадны збор мастацкіх твораў, гэта больш за 1150 малюнкаў і акварэляў, больш 200 літаграфіяў.


З 1873 году Напалеон Орда распачаў ня менш манумэнтальную справу — выданьне ўласным коштам «Album Widokow Historycznych». Аднак было выдадзена толькі 260 малюнкаў-літаграфіяў у васьмі сэрыях (каля 120 па беларускіх губэрнях), гравіраваных на камені Алаізам Місяровічам у літаграфічным камбінаце Максімільяна Фаянса ў Варшаве.


Напалеон Орда зрабіў тысячы малюнкаў і падчас сваіх вандраваньняў па Эўропе. Орда наведаў Англію, Шатляндыю, Галяндыю, Партугалію і нават Альжыр.


Памёр 26 красавіка 1883 г.


У горадзе Іванава (Берасьцейская вобласьць) Напалеону Орду пастаўлены помнік. У менскім мікрараёне Брылевічы адна з вуліц названая імем Напалеона Орды.

Дадаў PL 12.05.2009