О любоў мая, Беларусь!
Над туманным начным стаўком
Пралятае самотная гусь,
Разразаючы люстра крылом...
Уладзімір Караткевіч
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 фота(2)
 карціны(16)
 прагляд
Водгукі(0)
Марк Шагал
Графік, жывапісец, тэатральны мастак, ілюстратар.
 
Годы жыцця: 1887-1985
Месца нараджэння: Віцебск
Біаграфія: 

Марк Шагал нарадзіўся ў Віцебску 24 чэрвеня (6 ліпеня) 1887 г. Атрымаў традыцыйную рэлігійную адукацыю на хаце (старажытнагабрэйская мова, чытаньне Торы і Талмуда).  


У 1906 году прыехаў у Пецярбург, дзе ў 1906–1909 наведваў малявальную школу пры Таварыстве Заахвочваньня Майстэрстваў, студыю З.Зайдэнбэрга і школу Е.Званцавай. Жыў у Пецярбурзе, Віцебску і Маскве.


З 1910 па 1914 жыў у Парыжы.


Уся творчасьць Шагала першапачаткова аўтабіяграфічна і па-лірычнаму спавядальна. Ужо ў раньніх яго карцінах дамінуюць тэмы дзяцінства, сям'і, сьмерці, глыбока асабістыя і ў той жа час «вечныя» ("Субота", 1910, Музэй Вальраф-Рыхарц, Кёльн). З часам на першы плян выходзіць тэма гарачага каханьня мастака да сваёй першай жонкі - Бэлі Розэнфельд ("Над горадам", 1914–1918, Трэцьцякоўская Галерэя, Масква). Характэрныя матывы «местачковага» краявіду і побыту разам з сымволікай юдаізму ("Вароты габрэйскіх могілкаў", 1917, прыватны збор, Парыж). Аднак, узіраючыся ў архаіку, Шагал прымыкае да футурызму і прадбачыць будучыя авангардныя плыні. Гратэскава-алягічныя сюжэты, рэзкія дэфармацыі і іррэальна-казачныя колеравыя кантрасты яго палотнаў ("Я і вёска", 1911, Музэй Сучаснага Мастацтва, Нью-Ёрк; "Аўтапартрэт зь сямю пальцамі", 1911–1912, Гарадскі Музэй, Амстэрдам) аказалі вялікі ўплыў на развіцьцё сюррэалізму.  


У 1918–1919 гадох Шагал служыў камісарам ВКП(б) губэрнскага аддзела народнай адукацыі ў Віцебску, афармляў горад да рэвалюцыйных сьвятаў. У Маскве напісаў шэраг вялікіх насьценных пано для Габрэйскага Камэрнага Тэатра. Тым самым ён зрабіў першы значны крок да манумэнтальнага мастацтва.  


У 1922 г. выехаў у Бэрлін, у далейшым з 1923 жыў у Францыі (у Парыжы або на поўдні краіны) часова пакінуўшы яе ў 1941–1947 (гэтыя гады правёў у Нью-Ёрку). Наязджаў у розныя краіны Эўропы і Міжземнамор'я, не раз пабываў і ў Ізраілі. Асвоіўшы розныя гравюрныя тэхнікі, па замове А.Волара стварыў (у 1923–1930) выразныя ілюстрацыі да твораў "Мёртвыя душы" М.Гогаля і "Байкі" Ж.Лафантэна.  


Да сярэдзіны ХХ ст. яго аўтарытэт як мастака-жывапісца, графіка, майстра тэатральнага мастацтва, а таксама дэкаратыўнай керамікі (якой ён займаўся з 1950) – атрымаў сусьветнае прызнаньне.


Па меры дасягненьня піка славы яго манэра – у цэлым сюррэальна-экспрэсіянісцкая – становіцца ўсё лягчэй і раскаваньней. Не толькі галоўныя гэроі, але і ўсе элемэнты выявы параць, складаючыся ў сузор'і каляровых бачаньняў. Скрозь тэмы віцебскага дзяцінства, каханьня, цыркавога спэктакля наплываюць змрочныя водгукі былых і будучых сусьветных катастрофаў ("У часу няма берагоў", 1930–1939, Музэй Сучаснага Мастацтва, Нью-Ёрк).  


З 1955 пачалася праца над "Бібліяй Шагала" – так мянуюць вялізны цыкл маляўнічых палотнаў, якія расчыняюць сьвет прабацькоў габрэйскага народа ў дзіўна эмацыйнай і яркай, наіўна-мудрай форме. У рэчышчы гэтага цыклу майстар стварыў і вялікую колькасьць манумэнтальных эскізаў, кампазыцыі па якіх упрыгожылі сакральныя будынкі розных рэлігій – як юдаізму, так і хрысьціянства ў яго каталіцкай і пратэстанцкай разнавіднасьцёх: керамічныя пано і вітражы капэлы ў Асьсі (Савой) і сабора ў Меце, 1957–1958; вітражы: сінагогі мэдыцынскага факультэта Габрэйскага Ўнівэрсітэта каля Іерусаліма, 1961; сабора (цэрквы Фраумюнстэр) у Цюрыхе, 1969–1970; сабора ў Рэймсе, 1974; цэрквы Санкт-Штэфан у Майнцы, 1976–1981; і інш.) Гэтыя творы радыкальна абнавілі мову сучаснага манумэнтальнага мастацтва, узбагаціўшы яе магутным маляўнічым лірызмам.  


У 1973 Шагал наведаў Маскву і Ленінград у сувязі з выставай сваіх прац у Трэцьцякоўскай Галерэі.  


М. Шагал - адзін зь лідэраў сусьветнага авангарда XX ст., ён здолеў арганічна злучыць старажытныя традыцыі юдэйскай культуры з сучасным наватарствам.  


Памёр М. Шагал у Сэн-Поль-дэ-Ванс (Прыморскія Альпы, Францыя) 28 сакавіка 1985.

Дадаў PL 12.05.2009