Сапраўднае імя Казіміра Сваяка - Кастусь Стаповіч. Ён нарадзіўся 7(19) лютага 1890 г. у вёсцы Барані Сьвяньцянскага павету Віленскае губэрні (цяпер Астравецкі раён Гродзенскае вобласьці). Бацька паэта служыў лесьніком у пана і меў паў-валокі зямлі. Сям'я, у якой гадавалася васьмёра дзяцей (6 сыноў і 2 дачкі), была па-сялянску працавітай, дружнай і жыла ў асноўным з гаспадаркі. Хоць гэта было і вельмі цяжка, але бацькі здолелі даць адукацыю амаль усім сваім дзецям. На ўражлівую зь дзяцінства душу Кастуся, на абуджэньне ў ёй фантазіі дабратворна ўплывала дзівосная прырода ляснога і азёрнага краю, а таксама блізкія людзі: маці, бабуля і першы яго духоўны настаўнік – сьвятар Марцін, якія адкрылі для яго непаўторны сьвет беларускіх казак, паданьняў, песень.
У роднай вёсцы Кастусь скончыў пачатковую школу, а ў 1906 – гарадскую школу ў Сьвяньцянах. Значную цікавасьць выклікала ў яго рэлігійная літаратура, ён чытаў каталіцкіх пісьменьнікаў на польскай і французскай мовах. Увосень 1906 К. Сваяк прыехаў у Вільню рыхтавацца ў Віленскую Каталіцкую Духоўную Сэмінарыю. Да гэтага часу належыць і яго знаёмства зь беларускім адраджэнскім рухам, з асяроддзем «Нашай Нівы», пад уплывам якой ён пачаў цікавіцца «беларушчынай», зьбіраў і вывучаў фальклор, запісваў яго ад блізкіх людзей (у т. л. ад бабулі) у роднай вёсцы, дзе праводзіў летнія месяцы 1906–1907.
Увосень 1907 у Пецярбурзе пасьпяхова здаў экзамэны для паступленьня ў Віленскую Каталіцкую Духоўную Сэмінарыю, а з восені 1908 пачаў вучыцца ў ёй, сьвядома абраўшы для сябе шлях каталіцкага сьвятара. На трэцім годзе вучобы ў сэмінарыі ў яго была выяўлена хвароба (сухоты), таму зімы 1912/1913 і 1913/1914 ён правёў на курорце ў Закапанэ.
У 1914 скончыў Духоўную Семінарыю, у 1915 у Пецярбургу пасьвечаны ў ксяндзы. Сьвятарскую дзейнасьць пачаў вікарыем у парафіі Камаі Сьвяньцянскага павету, але неўзабаве перабраўся ў Клюшчаны, дзе шырока разгарнуў рэлігійную і грамадскую дзейнасьць: увёў набажэнства ў касьцёле па-беларуску, арганізаваў беларускія школы і настаўніцкія курсы, а таксама касьцёльны хор.
У 1916 у клюшчанскай парафіі было адчынена сем беларускіх школ, якія існавалі на працягу 3–4 гадоў (да закрыцьця іх палякамі).
Актыўная дзейнасьць К. Сваяка па беларусізацыі касьцёла, яго шырокая культурна-асьветніцкая праца выклікалі незадаволенасьць польскіх духоўных уладаў, якія ў канцы 1916 перавялі яго на пасаду вікарыя ў Карыцін на Беласточчыне. Мясцовы пробашч непрыхільна ставіўся да ксяндза-беларуса, які распаўсюджваў беларускія кніжкі, стварыў у касьцёле беларускі хор, прапагандаваў беларускі адраджэнскі рух. Дзейнасьць К. Сваяка ў Карыціне была акружана атмасфэрай недаверу, пагроз і перашкод, што падарвала і без таго кволае яго здароўе.
Вясной 1918 ён вымушаны быў пакінуць Карыцін і паехаць на лячэньне ў Закапанэ. У ліпені 1919 ён завітаў у вёску Лапеніцу пад Ваўкавыскам, дзе быў тады пробашчам ягоны сябра Я. Германовіч (Вінцук Адважны). Тут К. Сваяк адразу заняўся грамадскай працай: выступаў зь беларускімі казаньнямі ў касьцёле, чым зацікавіў не толькі католікаў-беларусаў, але і праваслаўных парафіян, далучыўся да арганізацыі на вёсках беларускіх школ.
У канцы 1920 К. Сваяка прызначылі пробашчам у Засьвір, дзе ён правёў усё сваё астатняе жыцьцё, выязджаючы штогод узімку на лячэньне ў Закапанэ. У Засьвірскай парафіі найбольш плённай і абсяжнай была літаратурная, грамадская і рэлігійная дзейнасьць К. Сваяка, хоць праходзіла яна пад пільнай «апекай» з боку польскага ўраду (хворага, яго ў 1922 трымалі нават пад хатнім арыштам). У яго пастаянна гасьцяваў хто-небудзь зь дзеячаў беларускага адраджэнскага руху, мясцовая польская інтэлігенцыя, прыязджаў вядомы мастак Я. Драздовіч.
Стан здароўя К. Сваяка пагаршаўся. Нават Закапанэ ўзімку 1925/1926 ужо не магло выратаваць паэта. У сваіх лістах да брата Альбіна і да ксяндза А. Станкевіча ў Вільню ён прасіў забраць яго з Закапанэ і перавезьці на Бацькаўшчыну, дзе спадзяваўся яшчэ акрыяць. Аднак 6 траўня 1926 безнадзейна хворы паэт памёр у Вільні. Пахаваны на могілках Роса. У дзесятыя ўгодкі на яго магіле быў адкрыты помнік (мармуровая пліта), зроблены на ахвяраваньні беларусаў. У лютым – чэрвені 1990 у Беларусі паэта ўрачыста сьвяткавалася 100-годдзе зь дня яго нараджэньня.
Свой першы верш «На імяніны майго пробашча» К. Сваяк напісаў у 1912, а ў 1913 надрукаваў некаторыя творы ў газэце «Беларус». З таго часу імя паэта пачынае часта сустракацца на старонках беларускіх пэрыядычных выданьняў у Вільні. З 1919 ён рэгулярна зьмяшчае ў друку свае вершы, апавяданьні, эсэ, філязофскія эцюды, гумарэскі, публіцыстычныя артыкулы рэлігійнага (пераважна пра унію) і літаратурна-крытычнага зьместу, у т. л. вялікі нарыс пра Ф. Багушэвіча, нататку пра аповесьць «Дзьве душы» М. Гарэцкага. Адметнымі былі драматургічныя спробы К. Сваяка: містэрыя «Купальле», п'еса «Янка Канцавы» (папярэдняя назва «Праклённае зельле», напісана ў 1916).
Найбольш поўна і глыбока талент К. Сваяка раскрыўся ў паэзіі. У 1924 у Вільні выдадзены адзіны прыжыцьцёвы зборнік яго вершаў «Мая ліра». Зборнік адразу вылучыў паэта ў першы шэраг беларускіх літаратурных дзеячаў 1920-х г. У паэтычных творах К. Сваяка, прасякнутых патрыятычнымі думкамі і гуманістычнымі ідэямі, адлюстравалася высокая духоўнасьць у спалучэньні з ранімай чалавечнасьцю; устаноўка на асьветніцтва, на пропаведзь ішла поруч з астральным уяўленьнем аб чалавеку як часьцінцы космасу і сыне сваёй зямлі. Праз паэзію ён адкрываў у сабе і імкнуўся абудзіць у іншых чалавека, дух якога заўжды ў пошуку «найвышэйшай справядлівасьці». Самыя запаветныя думкі і сакральныя пачуцьці паэта выліліся ў вершах-медытацыях, вершах-зваротах да Бога, вершах гімнаграфічных і лірычных, прысьвечаных роздуму аб лёсе Бацькаўшчыны.
У паэтычнай спадчыне К. Сваяка можна знайсьці дасканалыя ўзоры вершаў-імпрэсій, вершаў у прозе, балад, апрацовак эвангелістычных сюжэтаў і матываў, жартоўных сатырычных і інш. К. Сваяком быў складзены малітоўнік для беларусаў-католікаў «Голас душы». Значным творам мэмуарнага жанру стаў філязофскі дзёньнік К. Сваяка «Дзея маёй мысьлі, сэрца і волі», выдадзены пасьля сьмерці паэта.
© сайт “Родныя вобразы”.