Іван Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласьці ў сялянскай сям'і.
Пасьля заканчэньня сярэдняй школы (1938) працаваў у Хойніцкім райкоме камсамола. У 1939 г. паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і зь першага курса быў прызваны ў Савецкую Армію. Летам 1940 г. ўдзельнічаў у вызваленьні Паўночнай Букавіны. Зь першых дзён вайны на фронце — на Збручы, пад Уманьню, Нікалаевым, Сінелькавам, Растовам-на-Доне, Лазавой. У чэрвені 1942 г. пад Растовам цяжка паранены і пасьля лячэньня ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Жыў у Бугуруслане, потым выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Малдаўскім пэдагагічным інстытуце, а з 1943 г.— у Беларускім дзяржаўным унівэрсітэце, які знаходзіўся тады на станцыі Сходня ў Падмаскоўі, дзе вучыўся спачатку завочна на філалагічным факультэце, а затым перайшоў на стацыянар (скончыў у 1945 г. ужо ў Менску). Пасьля вучыўся ў асьпірантуры, выкладаў беларускую літаратуру ва унівэрсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя».
З 1966 г.— сакратар, а ў 1971 — 1974 гг.— намесьнік старшыні праўлення СП БССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967—1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага Савета Міру. Член СП СССР з 1945 г.
Памёр 9 жніўня 1976 г.
Дэбютаваў у 1939 г. вершамі. Першае выступленне ў друку як празаіка адносіцца да 1943 г. (газэта «Бугурусланская правда»). Выдаў зборнікі аповесьцей і апавяданьняў «У завіруху» (1946), «Гарачы жнівень» (1948), «Заўсёды наперадзе» (нарыс, 1948), «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (апавяданьні, аповесьці, нарысы, 1961), «Жыцьцёвыя клопаты» (нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы, 1975), «Белыя вішні і яблыні» (1976), «Першая кніга: Дзёньнікі, сшыткі, з запісных кніжак» (1977). Аўтар рамана «Менскі напрамак» (1952, дапрацаванае выданьне ў 1974).
Аўтар цыкла раманаў «Палеская хроніка»:
1. «Людзі на балоце» (1962);
2. «Подых навальніцы» (1966);
3. «Завеі, сьнежань» (1978).
У 1969—1971 гг. выйшаў Збор твораў у 6-ці, у 1979—1985 гг.— у 10 тамах.
Напісаў п'есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданьне ў 1958, пастаўлена ў 1957), «Дні нашага нараджэньня» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданьне ў 1966). Па раманах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаньнем створаны ў 1966 г. спэктакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены ў 1966 г. спэкталь «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 г.— «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, сьнежань»).
http://www.belarus-misc.org/writer/melezh.htm