Анатоль Крывенка нарадзіўся 30 траўня 1942 г. у горадзе Валгаград (Расея).
Скончыў мастацкую школу пры Віленскім Мастацкім Інстытуце (1959). Скончыў два факультэты (філасофіі і эстэтыкі) Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КП Літвы, у 1990 г. выйшаў з радоў КПСС. З 1972 г. – вучэбны майстар на кафедры графікі Беларускай Акадэміі Мастацтваў. Прафэсійны друкар мастацкага друку. За 30-гадовую працу ганараваны мэдалём Савета Мастакоў Беларусі.
З 1985 г - актыўны сябар клуба “Спадчына”: удзельнік усіх выставак, якія арганізоўвае клуб “Спадчына”; напісаў партрэты да артыкулаў аб Войшалку, Віцені, Вітаўту, Гедыміну (4, 5 тамы Беларускай энцыклапедыі); напісаў партрэты вялікіх князёў Вялікага Княства Літоўскага (да календароў 1996, 1998); стварыў поўны пантэон партрэтаў Вялікіх Літоўскіх Князёў (1992 – 1995); аўтар скульптурных барэльефаў Льва Сапегі, Ігната Дамейкі, Тадэвуша Касцюшкі, Усяслава Брачыслававіча (Чарадзея) і трох у Беларусі барэльефаў паэтэсы Натальлі Арсеньевай, адзін з якіх устаноўлены ў Старых Дарогах; стварыў групавыя партрэты – “Васіль Быкаў сярод сяброў клуба “Спадчына”, “Заснавальнікі Беларускай сацыялістычай грамады”, “Заснавальнікі Віленскай беларускай гімназіі”; напісаныя ім 5 партрэтаў палітычных дзеячоў Чэхіі падораны чэшскай амбасадзе.
Працуе над партрэтамі выдатных дзеячоў вызваленчага руху, палітычнай, навуковай і творчай інтэлігенцыі Беларусі і беларускай дыяспары, сяброў клуба “Спадчына”. За ўсе гады ім напісана звыш за 264 жывапісных і графічных партрэтаў. За актыўны ўдзел і самаахвярную працу ў адраджэньні гістарычнай памяці народа, ганараваны памятным мэдалём Герба “Пагоня” (25.03.1997), імянным Срэбным пярсьцёнкам з выявай Герба “Пагоня”, надпісам “Жыве Беларусь”(23.09 2005) і адпаведнымі дыпломамі. Занесены ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”. Ганараваны медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі як падзяку за карыснае супрацоўніцтва ў паглыбленні беларуска-чэшскіх стасункаў (14.11.2007).
http://adradjency.narod.ru/