Каб не мова, даўно б мы растаялі,
Расплыліся б імглой між чужых,
Зьбеглі ў вырай гусінаю стаяю...
Але з мовай – і мы будзем жыць!..
Натальля Арсеньнева
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 фота(1)
 цытаты(1)
 прагляд
Водгукі(0)
Адам Міцкевіч
Вялікі беларускі паэт.
 
Годы жыцця: 1798-1856
Біаграфія: 

Гісторыя эўрапэйскай культуры ведае выпадкі, калі за права назваць выдатнага пісьменьніка сваім земляком вяліся і вядуцца гарачыя спрэчкі. Гэта датычыцца і мейсца нараджэньня выдатнага паэта-рамантыка XIX ст. Адама Міцкевіча. Адны называвдць Навагрудак на Гродзеншчыне, другія — Завосьсе, што ў Баранавіцкім раёне, трэйція прытрымліваюцца вэрсіі, што Адам Міцкевіч нарадзіўся ў карчме па дарозе з Завосься ў Навагрудак. Усё ж большасьць навукоўцаў лічыць, што геніяльны паэт нарадзіўся ў Завосьсі 24 сьнежня 1798 г.


Бацькі паэта Мікалай і Барбара Міцкевічы належалі да беларускай шляхты. Праўда, бацька займаўся ўжо адвакацкай дзейнасьцю і сям'я жыла ў Навагрудку. Тут і прайшлі дзяцінства і раньняе юнацтва Адама. Прырода, гісторыя, фальклор краю аказалі выключны ўплыў на творчасьць паэта. Навагрудак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Тут зараджалася, набіралася сілы магутная беларуская дзяржава. У самім Навагрудку, у яго ваколіцах захаваліся яшчэ жывыя сьляды даўняй гісторыі. Вандроўныя лірнікі на кірмашах усхвалялі ў сваіх песьнях патрыятызм і гераізм продкаў у барацьбе супраць чужынцаў. На тых самых кірмашах гучалі і беларускія лірычныя песьні. Слуга Міцкевічаў Блажэй меў талент казачніка, і вечарамі Міцкевічавы дзеці з заміраньнем сэрца слухалі яго казкі. Чаравала польскімі народнымі песьнямі служанка Гансеўская.


На Навагрудчыне жыло шмат сваякоў Міцкевічаў, сяброў Адама па школе і універсітэце. Летам Міцкевічы жылі ў весцы. У шляхецкіх сядзібах юнак праводзіў свае летнія канікулы. Тут паэт прымаў удзел у абрадавых сьвятах, далучаўся да песень, легендаў і паданьняў краю. Беларускі фальклор жывіў талент пісьменьніка, надаваў сьвежасьць і арыгінальнасьць яго творам, спрыяў таму, што ў хуткім часе Міцкевіч стаў на роўных побач з найвялікшымі эўрапэйскімі паэтамі-рамантыкамі.


Гістарычная Літва (сучасная Беларусь) была, па прызнаньні паэта «калыскай яго дум і натхненьня». «Літва! Бацькоўскі край...» - такімі словамі пачынаецца яго паэма «Пан Тадэвуш», напісаная ў эміграцыі. Кялі Адаму Міцкевічу споўнілася восем гадоў, яго аддалі на вучобу ў дамініканскую школу ў родным мястэчку, дзе ён правучыўся дзевяць гадоў. Уражаньні ад гэтай школы ў паэта былі дваістыя. 3 аднаго боку, дамініканская школа дала грунтоўныя веды і заклала асновы бліскучай адукацыі Міцкевіча. 3 другога — суровы рэжым у гэтай навучальнай установе не мог пакінуць цёплых успамінаў пра гады навучаньня ў Навагрудку.


Праца адвакатам давала мажлівасьць Мікалаю Міцкевічу забясьпечыць даволі высокі ўзровень жыцьця сваёй сям'і. Калі ў 1812 г. бацька паэта памёр, жонка зь дзецьмі засталася без сродкаў да існаваньня. Невыпадкова, паступаючы ў Віленскі Універсітэт, Адам Міцкевіч прасіў, каб яму дазволілі вучыцца бясплатна, і за гэта браў на сябе абавязкі пасьля заканчэньня навучаньня адпрацаваць па накіраваньні.


Час вучобы паэта ў Віленскім Універсітэце — вельмі важны пэрыяд у жыцьці Адама Міцкевіча. Ён трапляе ў цікавае асяроддзе. Выкладчыкі былі людзьмі сапраўднай вучонасьці, здольнымі захапіць студэнтаў навукамі, далучыць цікаўную моладзь да сусьветнага ўзроўню. Прафэсары вызначаліся палкім патрыятызмам і балюча перажывалі паняволеньне радзімы, страту ёю дзяржаўнасьці. Іх настроі і ідэалы перадаваліся студэнтам, якія таксама выхоўваліся на патрыятычных традыцыях сваіх сем'яў і краю.


У час навучаньня ў Віленскім Універсітэце Адам Міцкевіч быў адным з ініцыятараў стварэньня тайнага студэнцкага згуртаваньня — Таварыства Філаматаў («тых, хто імкнецца да ведаў»), якое адыграла важную ролю не толькі ў жыцьці і творчасьці паэта, але і ў беларускім нацыянальным Адраджэньні. Праз нейкі час дзеля пашырэньня сваіх поглядаў маладыя людзі арганізавалі аддзяленьні прамяністых і філарэтаў («тых, хто любіць дабрачыннасьць»). Філаматы мелі намер праз асьвету рыхтаваць грамадства да барацьбы за вызваленьне радзімы ад царскага самаўладства. Хоць пасьля заканчэньня універсітэта паэт быў накіраы на працу настаўнікам лацінскай мовы ў Коўна, але з Таварыствам меў цесныя стасункі.


У час вучобы ва універсітэце Адам Міцкевіч пачаў пісаць. Найбольш папулярным творам той пары была яго «Ода дамаладосьці». У першых сваіх літаратурных спробах юнак прытрымліваўся патрабаваньняў эстэтыкі класіцызму, але хутка памяняў творчую арыентацыю і стаў паэтам-рамантыкам. Крыніцай яго творчага натхненьня былі фальклор і гісторыя Навагрудчыны. У пераходзе Адама Міцкевіча да рамантызму, у яго творчым узьлёце асаблівую ролю адыграла каханьне да Марылі Верашчакі зь якой ён пазнаёміўся ў Туганавічах. Верашчакі — шляхецкі беларускі род. Галоўная іх сядзіба ў часы Міцкевіча знаходзілася ў Туганавічах (цяпер Баранавіцкі раён на Брэстчыне). Сюды прывёз паэта яго сябар па Віленскім Універсітэце Тамаш Зан. Верашчакі вызначаліся гасьціннасьцю, таму тут летам зьбіралася шмат моладзі. Адны былі сваякамі гаспадароў сядзібы, другія сябравалі з братам Марылі Міхалам. Дзяўчына спачатку не зрабіла на паэта моцнага ўражаньня. Яна не вылучалася асаблівай прыгажосьцю. Была, аднак, разумнай, шмат чытала, музіцыравала, любіла гуляць у шашкі і шахматы, захаплялася беларускімі народнымі песьнямі і хораша іх сьпявала. Міцкевіч з Марыляй часта адлучаліся з гурту моладзі, бавілі час за чытаньнем сэнтымэнтальных заходнеэўрапэйскіх раманаў, музіцыравалі, рабілі праходкі па навакольлі. Аднойчы на беразе возера Сьвіцязь рыбак-селянін расказаў закаханым старую легенду, зьвязаную з гэтым возерам. Марыля, захопленая фальклорным творам, зьвярнулася да Міцкевіча з просьбай напісаць пра гэта. У хуткім часе дзяўчына, аднак, выйшла замуж за іншага. Каханьне Міцкевіча да Марылі Верашчакі натхніла паэта на такія цудоўныя творы, як «Сьвіцязянка», «Курганок Марылі», «Рыбка» і інш.


У 1823 г. улады даведаліся пра дзейнасьць Таварыства Філаматаў і Філарэтаў. Пачаліся арышты. Быў зьняволены і Адам Міцкевіч, які на той час знаходзіўся ў Вільні, бо ўзяў у гімназіі двухгадовы адпачынак і займаўся творчай працай. Гэта быў ужо вядомы паэт, аўтар зборніка рамантычнай паэзіі «Балады і рамансы», пралога да паэмы «Дзяды» і паэмы «Гражына». Прысуд маладым патрыётам быў надзвычай суровы: большасьць зь іх, у тым ліку і Міцкевіч, высылалася ў аддаленыя губэрні Расейскай імпэрыі. Тады ён яшчэ не ведаў, што гэта разьвітаньне зь Літвою назаўсёды, што ён стане выгнаньнікам да канца сваіх дзён.


Праз год Адама Міцкевіча чакаў Пецярбург. Тут аўтар «Сьвіцязянкі» быў успрыняты лепшай часткай рускай інтэлігенцыі як выдатны паэт-рамантык і змагар за вольнасьць. Асаблівуго падтрымку ён знайшоў у паэтаў-дзекабрысгаў. Міцкевіча чакала служба ў Адэсе, на той час аддаленай расейскай правінцыі. Меркавалася, што ён будзе працаваць настаўнікам у мясцовым ліцэі. Аднак нічога не атрымалася. Міцкевіч у хуткім часе пакінуў поўдзень Расеі. Але перад гэтым паэт наведаў Крым. У творчай біяграфіі Міцкевіча той час быў надзвычай плённым, бо паўднёвыя ўражаньні натхнілі яго на стварэньне знакамітых «Крымскіх санэтаў».


Адам Міцкевіч вяртаецца ў цэнтральную Расею. Пачынаюцца пераезды з Масквы ў Пецярбург. Паэт карыстаецца нязменнай прыхільнасьцю рускай творчай інтэлігенцыі. Ён зблізіўся з А. Пушкіным, І. Крыловым, В. Жукоўскім. У адзін з прыездаў у Пецярбург Адам Міцкевіч пазнаёміўся з таленавітай польскай піяністкай Марыяй Шыманоўскай і яе сям'ёй. Пройдуць гады, і ён ажэніцца зь яе малодшай дачкой Цалінай. Аднак і  гэты пэрыяд жыцьця паэта характарызаваўся напружанай творчай працай. Ён рыхтаваў да выданьня зборнікі «Крымскія санэты» і «Вершы», інтэнсіўна працаваў над паэмай «Конрад Валенрод».


Нягледзячы на прыхільнасьць рускай інтэлігенцыі да выгнаньніка на папулярнасьць яго ў Расеі як паэта-рамантыка Адам Міцкевіч не меў душэўнага камфорту, бо разумеў, што вярнуцца на радзіму яму не ўдасца. Свае далейшыя жыцьцёвыя пляны ён зьвязваў з эміграцыяй у Заходнюю Эўропу, аднак выезд за мяжу Міцкевічу быў забаронены. Тым не менш пры падтрымцы рускіх сяброў у 1829 г. паэт назаўсёды пакідае Расею.


Пачаліся бадзяньні па Эўропе: Нямеччына,  Італія, Аўстрыя, Францыя... Больш-менш стала Адам Міцкевіч жыў у Парыжы. Тут паэт працаваў выкладчыкам у славутым Каледж дэ Франс і чытаў лекцыі па славянскіх літаратурах. У гэтых лекцыях ён высока ацаніў беларускі фальклор: «У іх (сялян Пінскай, часткова Менскай і Гродзенскай губэрняў. — Аўт.) казках і песьнях ёсьць усё». Дзяцінства і юнацтва, якія прайшлі на Беларусі, вывучэньне старажытных пісьмовых крыніц далі Міцкевічу падставу ў тых самых лекцыях сказаць, што беларусы «захавалі найбольшую колькасьць агульнаславянскіх рыс», што «на беларускай мове, якую  называюць русінскай альбо літоўска-русінскай, таксама размаўляе каля дзесяці мільенаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзьнікла даўно і выдатна распрацавана. У пэрыяд незалежнасьці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі.»


У Парыжы Адам Міцкевіч напісаў паэму «Пан Тадэвуш» і трэйцюю частку паэмы «Дзяды», зрабіў шмат перакладаў твораў эўрапэйскіх паэтаў-рамантыкаў, удзельнічаў у выданьні газэты «Трыбуна народаў» і набыў вядомасьць як выдатны публіцыст. У сталіцы Францыі Адам Міцкевіч ажаніўся з Цалінай Шыманоўскай, зь якой (тады яшчэ дзяўчынкай) некалі сустракаўся ў Расеі. Шлюб нельга лічыць шчасьлівым, бо жонка ў хуткім часе захварэла. Тым не менш сям'я Міцкевічаў год ад году расла. У іх гадаваліся чатыры хлопчыкі і дзьве дзяўчынкі. Утрымліваць такую сям'ю Міцкевічу было цяжка, і жылі яны часам вельмі бедна, бо заробкі ад творчай працы былі сьціплыя.


Адам Міцкевіч заўсёды падтрымліваў змаганьне народа за волю і дэмакратыю і разумеў гэта як барацьбу за вызваленьне сваёй Айчыны ад паняволеньня. Гэта і прывяло яго ў 1856 г у Канстанцінопаль, дзе ён нечакана памер. Цела паэта было перавезена ў Парыж. Пройдзе 35 гадоў, і палякі перавязуць прах паэта ў Кракаў. Там і спачывае ён у кафэдральным саборы Вавелеўскага замка ўдалечыні ад Літвы, якую так любіў. Вялікі паэт, патрыёт роднага краю пакінуў людзям запавет любові і вернасьці да зямлі, якая нарадзіла і ўзгадавала чалавека:


Дзяцінства край!

Ў ім, небагатым, цесным, я быў шчасны;

Як Богу — Божы сьвет, так мой уласны

Дом на радзіме быў шырокім сьветам

Усіх маіх вытокаў.

Дадаў PL 12.05.2009