Курэк Сяргей нарадзіўся 21 літапада 1980 года ў Барысаве.
Ва ўзросце шасці гадоў сям’я пераехала ў Гомель. У чатырнаццаць год пачаў граць на гітары. У пятнаццаць захапіўся блюзам і сабраў першую групу “Big Dolls”. У 1996 годзе ўтварыў групу “At Last”, з якой упершыню выступіў у Мінску на сцэне блюзавага клуба “Star Club”. Прыкладна праз тры гады было створана “Трыо Сяргея Курэка” (праіснавала да 2001 года).
Новы творчы этап распачаўся з арганізацыі “Blues Access Band”. З гэтым калектывам Сяргей пачаў іграць паўнавартасныя блюзавыя канцэрты, у тым ліку па-за межамі Беларусі.
У 2003 годзе Сяргей Курэк сабраў “3D-Blues”, калектыў, які праз год ператварыўся ў “Night Drive”. На гэты раз музыкі абралі сваім творчым накірункам эксперыменты з джаз-рокавай стылістыкай.
Пазней Курэк, запрашаючы патрэбных яму сесійных музыкаў, удзельнічае ў шэрагу сур’ёзных блюзавых фестываляў у Беларусі, Польшчы, Украіне.
Апошнім часам калектыў Сяргея Курэка выступае ў фармаце квартэта пры ўдзеле саксафаніста Івана Мурашкі, бас-гітарыста Сяргея Самуткіна, барабаншчыка Віталія Смыкалава.
У траўні 2010 года кампазіцыя курэка “Gold Rain” стала саундтрэкам да фільму “Днепр” украінскага рэжысёра Аляксандра Шапіры. Прэм’ера карціны адбылася на Канскім фестывалі.
Біяграфію падрыхтаваў Юры Несцярэнка.