Сьпяваці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле...
Ўсю Беларусь – неабнятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.
Янка Купала
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
 фота(5)
 прагляд
Водгукі(0)
Іван Кірчук
Беларускі музыка, навукоўца, этнограф, фальклярыст.
 
Годы жыцця: нар. у 1958
Месца нараджэння: Ліда
Біаграфія: 

Іван Кірчук нарадзіўся ў 1958 г. у горадзе Ліда. Скончыў музычную вучэльню па спэцыяльнасьці "дырыжор акадэмічнага хору".  

У 1985 году скончыў Унівэрсытэт культуры па спэцыяльнасьці "дырыжор народнага хору". Тры года займаўся ў асьпірантуры Інстытута Мастацтвазнаўства, Этнаграфіі і Фальклёру АН РБ па спэцыяльнасьці "фальклярыстыка".

Больш за 14 год прапрацаваў у Менскай вучэльні мастацтваў зав. аддзяленьнем "Абрадавая дзейнасьць і фальклёр".  

І. Кірчук - аўтар шматлікіх праграмаў, рэканструяваных абрадаў і сьвятаў для сярэднеспэцыяльных і вышэйшых навучальных установаў Беларусі. Яго ўнікальныя працы неаднаразова трансьляваліся па радыё і тэлебачаньні на Эўропу, Амэрыку і Аўстралію.  

І. Кірчук стварыў і кіраваў навучальнымі фальклёрнымі калектывамі: "Прадвесьне", "Бліскавіца", "Дабрадзеі". Найболей вядомым быў "Дзіва", якім І.Кірчук кіраваў каля 10 год.  

З 1995 па 1998 год І. Кірчук быў прэзідэнтам Міжнароднага Дзіцячага Фонду "Зьберажы Спадчыну”. У гэтыя часы ён працаваў нам. дырэктара Нацыянальнай творчасьці дзяцей і моладзі, кіраваў тэатрам фальклёру "Дзіва", у якім займаліся дзеці ад 4 да 15 год, народныя майстры Беларусі. У гэты ж час ужо пачыналіся адважныя экспэрымэнты ў вобласьці народнай музыкі з гуртам Troitsa.  

У шматлікіх і плённых экспэдыцыях па Беларусі ён сабраў вялікі ўнікальны матэрыял:  

- прадметы народнага побыту беларусаў  

- калекцыю старажытнай вопраткі, - калекцыю народных музычных прылад, - калекцыю масак,  

- лялечны тэатр "Батлейка",  

- аўдыё- і відэа-архіў народных выканаўцаў і фальклёрных калектываў і г.д.

У 1999 годдзе І.Кірчук атрымаў грант ад Фонду Сораса і даў больш за 20 канцэртаў у Босьніі і Герцагавіне. У школах, лякарнях, кафэ і на фэставых пляцоўках І. Кірчук адзін паказваў лялечныя паданьні і гуляў на беларускіх музычных прыладах. У гэтым жа годзе запісаў у Галяндыі сваю сольную праграму "Спадчына загінуўшых вёсак" (PAN RECORDS N 185). Гэтая ўнікальная праграма была прадстаўленая ў Вугоршчыне на фолк-фэсьце "Kalaka".  

Улетку 1999 года І. Кірчук і "Троіца" былі запрошаныя з асабістым музэем і "Батлейкай" на фэст "Oerol" на Паўночным моры. За 10 дзён Іван і "Троіца" далі 15 канцэртаў з "Батлейкай" і 12 - з "Троіцай".  

Узімку 2000 года "Батлейка" І.Кірчука была прадстаўленая ў Нямеччыне (г.Дортмунд) і на зімовым фэсьце лялечных тэатраў у Галяндыі (г. Мідславір).  

Улетку 2000 года ў Галяндыі адбылася прэзентацыя сольнага CD І.Кірчука "Спадчына загінуўшых вёсак" на найбуйных фэстах "Mundial","Haarlemmer-fest". Пазьней былі і іншыя фэсты, тэле- і радыёпраграмы ня толькі ў Галяндыі, але і ў іншых краінах сьвету.  

У сьнежні 2002 года ў Менску ў Тэатры ім. Я.Купалы І. Кірчук прадставіў новую сольную праграму "Сьвяты вечар".  

А 26 траўня 2003 года - мона-спэктакаль - "Варажбіт" у канцэртнай зале "Менск".  

У сольных праграмах І. Кірчука старажытныя беларускія песіні, найгрышы на музычных прыладах. У яго вялізнай калекцыі, ня толькі беларускія інтрумэнты, але і інструмэнты з розных краінаў сьвету. Матэрыяламі для такой плённай працы І. Кірчуку паслужылі:  

- уласныя фальклёрна-этнаграфічныя экспэдыцыі па розных рэгіёнах Беларусі (1982-1998 гг);  

- архіўныя матэрыялы фоналабораторыі Інстытута Мастацтвазнаўства, Этнаграфіі і Фальклёру Акадэміі Беларусі;  

- архіўныя матэрыялы Рэспубліканскага радыё (рэдактар Т.Песьнякевіч) клюб "Фальклор"  

У 2001 годзе Іван Кірчук быў запрошаны на найбуйны Сусьветны сеткавы салон у вобласьці музыкі народаў сьвету - "Womex" дзе сярод 1200 дэлегатаў з 70 краін - адзін прадстаўляў Беларусь. На стэндзе афрыканскай музыкі "Mozaijque vivant" Іван Кірчук прадставіў свой сольны кампакт дыск "Спадчына загінуўшых вёсак" і "Троіца". У рамках сеткавага салона Іван даў шэраг сольных канцэртаў. У г. Амстэрдам (Rajgoord) Іван Кірчук прадставіў праграму "Cross" ("Крыж").  

Дзякуючы ўдзелу на "Womex" Іван Кірчук і "Troitsa" былі запрошаныя ў Малайзію (о.Барнэа) на найбуйны фэст "Rain Forest World Music" у ліпені 2002 года.  

У цяперашні час І. Кірчук дацэнт кафедры этналёгіі і фальклярыстыкі ў Дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце імя М.Танка. Шмат экспэрымэнтуе са студэнтамі зь беларускім фальклёрам, працягвае папаўняць свой этнаграфічны музэй, які ў цяперашні час знаходзіцца ў Галяндыі, зьбірае музычныя інструмэнты, піша кнігі, ня толькі па абрадах і сьвятах Беларусі, праводзіць семінары ў Расеі па славянскіх рытуалах і сьвятах.  


Дыскаграфія:


1 TROITSA - PAN Rec - 171, the Netherlands 1998  

2 I.Kirchuk "Heritage of the lost villages" PAN Rec - 185, the Netherlands, 2000  

3 Ethno Trio TROITSA "Zhuravy" PAN Rec - 196, the Netherlands, 2001  

3 І.Кірчук "Спадчына загінуўшых весак" - WEST Rec , Belarus , 2003  

4 этна-трыа ТРОІЦА "Сем" – Belarus, 2004  

5 этна-трыа ТРОІЦА - саунд-трэк да фільма "Маленькие беглецы" (Беларусьфільм)  


http://troitsa.net/

Дадаў PL 01.02.2010