Вершы. Менск. Выдавецтва "Галіяфы". 2008.
У другую кнігу прадстаўніцы новае хвалі сучаснае беларускае паэзіі Вікі Трэнас увайшлі вершы апошніх гадоў, ужо вядомыя аматарам прыгожага пісьменства па публікацыях у айчыннай пэрыёдыцы.
У экспэрымэнтальных творах аўтаркі адмысловым чынам перапляліся глыбокая філязафічнасьць і юначы максымалізм, самасьць і адкрытасьць усяму сьвету, рацыяналізм і надзвычайная эмацыйнасьць.
"Пра гэтую маладую паэтку напісана многа і рознага, што менавіта мяне не зьдзіўляе: яна па-сапраўднаму таленавітая, акрамя таго, мае тую дзёрзкасьць, без якой у мастацтве, бадай што, не адбыцца... Вобразы вершаў Вікі паўнавартасныя, у іх адчуваецца моц, яны не альбомныя, не прызначаныя толькі для таго, каб падабацца. Вы можаце абурацца, але сказаць, што гэта няярка, – ня скажаце." (Людміла Рублеўская)
"...І нават ёсьць ужо ў маладой паэзіі тыя імёны, якія “за сябе гавораць”. Ну вось, скажам, Віка Трэнас. У дваццаць гадоў, а ўжо з кніжкай! Я маю на ўвазе ня проста кніжку, якую пры матэрыяльным дастатку можна выдаць і ня будучы паэтам, а кніжку як атэстат паэтычнае сталасьці." (Леанід Галубовіч)
"Цуд блытаніны філялягічнага акадэмізму, падлеткавага пафігізму і абвостранага ўспрымання сьвету, наркамаўкі, тарашкевіцы і лацінкі, клясічнае рыфмы і белых вершаў – Віка Трэнас." (Крысьціна Курчанкова)
арыгінальны зьмест