Машына плаўна ўкаціла ў дворык ладненькага катэджа, якімі густа аблеплена вуліца амэрыканскага гарадка Рочэстэра. Утульна, ціха, яркія кветкі пад вокнамі, на ўсёй палянцы перад будынкам. Мусіць, так бывае ў раі, падумалася.
Высокі мужчына сярэдніх гадоў адчыніў дзьверцы аўтамабіля, працягнуў руку, прадставіўся: «Кушаль» і павёў у дом. Спадарыня Натальля Арсеньнева ўжо чакала нас. Пругка паднялася з крэсла і гучным, хрыплаватым голасам паклікала: «Натальля, Владэк! Яны прыехалі! Хадзіце сюды. Алюнься прывезла чалавека зь Беларусі!» Пакуль гаспадары разглядалі «чалавека зь Беларусі», я не зь меншай цікавасьцю – спадарыню Арсеньневу. Адзначыла пра сябе: у нас так немаладыя кабеты не апранаюцца.
Але амэрыканцы сапраўды, я заўважыла, без комплексаў. Порткі з кашуляй – зручна. На нагох белыя пантофлі на абцасах. Да чорных валасоў вельмі пасуюць белыя завушніцы і белыя пацеркі. Элегантна і з густам. На свае 88 гадоў выглядае проста выдатна. «Ад яе зыходзіць моц, упэўненасьць і энэргія», – было першае ўражаньне.
Сьцены гасьцёўні завешаны карцінамі, на якіх беларускія пэйзажы работы П. Мірановіча: «Краслаўка», «Млын у Краслаўцы», «Доўгае возера»... Вобразы роднай прыроды штодня лашчаць вока гаспадыні дома.
Зручна разьмясціўшыся ў крэслах, мы з Алай Орса-Рамана падрыхтавалі дыктафоны, каб запісаць гутарку зь вядомай паэткай. Адразу і без цырымоній гаспадыня захапіла ініцыятыву, мусіць, ужо прадумаўшы нейкі план свайго расказу.
– Я жыву разам з сынам і ўнучкай – вы іх ужо бачылі. А ёсьць яшчэ і ўнук, яму 30 гадоў. Мае ўласны дом, недалёка ад нашага. Так што мы бачымся час ад часу. Натальля гаворыць у нас па-руску. Гэта таму, што яе першыя некалькі год выхоўвала жанчына, якая размаўляла па-руску. Натальля разумее па-беларуску, толькі гаварыць не можа. Ну і вось гэтыя два мае любімцы сабакі. Так і жывём.
– Якія пэрыяды жыцьця, спадарыня Арсеньнева, найбольш вам памятаюцца?
– Памятаю, як была эвакуацыя Вільні, гэта ў Першую Сусьветную Вайну. Нас тады прымусова эвакуіравалі, і мы трапілі ў Яраслаўль. Мне было нешта 12 гадоў... Я там пачала вучыцца ў гімназіі.
Цікавым, дарэчы, можа быць той факт, што да восені 1916 года ў Яраслаўлі жыў Максім Багдановіч. Яны хадзілі па адных вуліцах. Але іх шляхі ніколі не перакрыжаваліся. Між тым, менавіта гэты паэт найбольш паўплываў на яе. У яраслаўскай гімназіі Натальля пачала спрабаваць пісаць вершы. Але, як сьведчыць сама паэтка: «Пісаць я пачала ня вельмі рана, у кожным выпадку не зь пяцёх ці каб дзесяцёх год, як некаторыя «гэніі». Не, у гэтым часе я любіла ўзімку чытаць, зашыўшыся недзе ў куток, а ўлетку – гайсаць па палёх і лазіць па дрэвах, што я рабіла лепш за хлопцаў».
– Вы напісалі свой першы верш у той год, калі ў Расеі адбылася сацыялістычная рэвалюцыя. Як яна ўвайшла ў сьвядомасьць падлетка?
– Мы зь сястрой Галяй ішлі з гімназіі і ўбачылі, як нейкія людзі ў вайсковым зьбіваюць з хаты выяву вялізнага арла – сымвал царской імпэрыі. Адна лапа птушкі ўпала паблізу мяне. Было такое ўражаньне, што раструшчылі жывую птушку. А я так любіла, ды і цяпер люблю розную жывёлу. З таго часу слова рэвалюцыя выклікае ў мяне асацыяцыі з разбурэньнем, з насільлем. Рэвалюцыя, вайна – гэта страшна, гэта агідна, гэта кроў, гэта пакуты і гора людзей.
– У 1918 годзе вашыя бацькі вырашылі вяртацца зь Яраслаўля ў Вільню. Неўзабаве яны і рушылі ў шлях. Але толькі ў пачатку 1920 года апынуліся на мейсцы. Няўжо цэлы год дабіраліся?
– Так. Цяжкі быў шлях дадому. Вяртаючыся зь бежанства, мы столькі перажылі... Часта траплялі пад перастрэлку. Было небясьпечна. Знайшлі тады прытулак у вёсцы Жаўніна. Тут я ўпершыню, можна сказаць, пачула жывую беларускую мову. Гаспадары – Фядосься і Юрка сварыліся: «Чакай, чакай, я ўжо табе юшку пушчу!» Гэтак смачна, каларытна гучала слова. Але доўга мы там быць не маглі. З Краслаўкі хадзілі таварныя цягнікі ў Дзьвінск. Мы неяк уціснуліся. А тут мост праз Дзьвіну разьбіты, цягнік далей не ідзе, трэба пераходзіць раку. Добра памятаю, як мы нейкія клункі цягнулі па лёдзе. А ў мяне і ў сястры гарачка, усё ў галаве круціцца. Як сёньня, бачу той дзень.
– Спадарыня Арсеньнева, вы сказалі, што людзі ўцякалі з Расеі. Было масавае бежанства. Чаму? Баяліся бальшавікоў?
– Выязджалі эвакуіраваныя. Вярталіся дамоў. А пра бальшавікоў мы тады нічога кепскага не чулі. I ніхто нас не гнаў. Дык я хачу закончыць. На Дзьвінскай станцыі я бачыла такое, што назаўсёды мне запала ў душу, перавярнула яе, уварвалася ў юнацтва цёмнай хмарай. На падлозе хворыя, раненыя. А ў двары станцыі – была ж лютая зіма – замерзлыя трупы польскіх жаўнераў. У недарэчных позах, з адкрытымі вачыма.
Нейкім дзівам мы дабраліся да Вільні, дзе мама наняла павозку і ледзь жывых завезла нас да нейкіх людзей. Гэта былі Русецкія, дзякуючы якім і я, і мае брат і малодшая сястра Оля паступілі пазьней вучыцца ў Віленскую Беларускую Гімназію. А сястра Галя тады ад гішпанкі памерла.
– У Віленскай Гімназіі вы, напэўна, упершыню захапіліся беларускімі справамі? Раскажыце, калі ласка, хто там выкладаў і хто быў для вас найбольшым аўтарытэтам?
– У нас былі добрыя настаўнікі – Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аркадзь Смоліч. Яны навучылі мяне многаму. Дарэчы, я была ўжо трохі падрыхтаваная да заняткаў у гімназіі. Люба Русецкая пасьля хваробы прынесла мне беларускія кніжкі, пачала вучыць чытаць. Так я прачытала «Патаемнае» Гарэцкага. I з таго часу стала нераўнадушнай да яго твораў. Праніклася сымпатыяй да гэтага чалавека, паказвала яму свае вершы. Ён быў маім крытыкам і дарадцам.
Пра гады вучобы ў гімназіі паэтка неяк пісала: «Два й асаблівай любасьцяй і ўсхваляваньнем. Можна сказаць, што якраз Віленская Беларуская Гімназія і зрабіла зь мяне беларускую паэтку Натальлю Арсеньневу, якая ня можа ня пісаць, як ня можа ня любіць Беларусі, што-б ня сталася яшчэ на сьвеце».
– Скажыце, а хто на вас; як на паэтку, акрамя Багдановіча, меў яшчэ ўплыў?
– Купала. Увогуле, я шмат чытала, цікавілася паэзіяй. Мне запомніліся асобныя вобразы: Роланда, напрыклад, з французскай літаратуры. «Роланд усё трубіць і трубіць» ...Метэрлінка любіла. З расейскіх – Лермантава. Хаця пазьней, калі больш глыбока спазнала расейскую літаратуру, на першае мейсца паставіла Пушкіна.
Дазволю сабе маленькі камэнтарый: бацька Натальлі Арсеньневай паходзіў з таго роду Арсеньневых, які па сваёй жаночай лініі даў паэта М. Лермантава.
– Гавораць, што беларус – гэта чалавек, які паўсюль спазьняецца. Ціхі, паслухмяны, разважлівы, але і ўпарты. Як бы вы вызначылі беларускі характар?
– Беларусь – гэта мешаніна чыстых славянаў з балтамі. Лагоднасьць, мяккасьць, разважлівасьць – гэта рысы якраз славянскія. Ёсьць у нас крыху і летувіскай крыві. Украінцы зусім іншыя, яны маюць продкаў з качаўнікоў паўдзённых.
– А як вы спазналі гісторыю свайго народа, яго культуру? Што вам дало найбольшае разуменьне?
– У Віленскай Гімназіі былі добрыя падручнікі. Хаця і не ўсе па-беларуску напісаныя. Да прыкладу, з падручніка геаграфіі Сьпірыдонава я ўпершыню даведалася пра беларусаў, што маюць яны сваю літаратуру свайго вялікага паэта Купалу. Зьвесткі пра Беларусь былі пададзены дробненькім шрыфтам, як дадатковы матэрыял і неабавязковы для завучваньня. Памятаю, як мяне ўразілі Купалавы радкі:
Я мужык-беларус,
Пан сахі і касы;
Цйомен сам, белы вус,
Пядзі дзьве валасы.
Слова «цйомен» я доўга не магла расчытаць.
– Як спалучаліся расейская і беларуская мовы ў выкладаньні асноўных прадмэтаў у гімназіі?
– У малодшых клясах усё было па-беларуску. А ў старэйшых – і так і гэтак. Але вучні стараліся добра валодаць мовай.
– Пасьля заканчэньня Беларускай Гімназіі многія выпускнікі адправіліся на вучобу ў Прагу. У вас быў намер паехаць?
– Так. Але я не магла пакінуць бацькоў. Яны былі старыя, нямоглыя і жылі толькі з таго, што я выкладала ў адной зь беларускіх школак. А па-другое, я тады якраз пазнаёмілася з маім будучым мужам. Ён прасіў мяне застацца. Я прыйшла на станцыю, калі ад'язджалі мае каляжанкі, толькі каб разьвітацца.
– А ці ведаеце вы, як склаўся лес тых вашых сяброў, хто паехаў па веды ў Прагу?
– З тых маіх знаёмых, што выехалі ў 1921 годзе на вучобу ў Пражскі Ўнівэрсітэт, амаль што ўсе памерлі ад сухотаў. Ад нядобрых умоў жыцьця, ад кепскай ежы. Студэнты ж атрымлівалі там мізэрную стыпэндыю, на якую існаваць было даволі цяжка.
У 1922 годзе Н. Арсеньнева выйшла замуж за Ф. Кушаля і выехала зь Беларусі ў Польшчу. Больш як 15 год пражыла там. Але звычайна штогод наведвала сваю родную Вільню або Валожыншчыну, мужавых бацькоў. Насуперак усім неспрыяльным абставінам, адарванасьці ад Беларусі яна не кінула пісаць вершы. У 1927 годзе ўбачыў сьвет першы зборнік «Пад сінім небам», а ў 1935–1936 гадах падрыхтаваны да друку і другі. Калі чытаеш гэтыя вершы сёньня, атрымліваеш вялікае эстэтычнае задавальненьне. Яны вельмі далёкія ад палітыкі, ад тагачасных праблем, але ў іх – стыхія жыцьця і прыроды; яны прасякнуты ціхім каханьнем да роднай старонкі. Нягучныя, вытанчаныя пачуцьці, нечаканыя вобразы і параўнаньні, з усяго гэтага, як адзначаў М. Танк, паэтка ўмее вязаць надзвычай прыгожыя карункі.
Дзень асеньні ўстае панад нівамі,
Праціраючы вочы сьлязлівыя,
Йржавай рызай лісьця ды анучамі
Брудна-шэрых туманаў абкручаны...
1939 год паклаў канец спакойнаму, але аднастайнаму жыцьцю Н. Арсеньневай. Пачалася Другая Сусьветная Вайна. Муж яе, польскі вайсковец, трапіў у савецкі палон. Памерла ў Вільні маці. Яна зь дзецьмі пераехала да брата ў Вілейку.
– Не баяліся? Хіба вы нічога не ведалі пра рэпрэсіі супраць «ворагаў народа», якія ў Савецкай Беларусі мелі масавыя маштабы?
– Не. Нічога не ведалі. Жылі спакойна. Нікога не баяліся. Я мела адрас Максіма Танка, ён мяне ўладзіў працаваць у рэдакцыю «Вілейскай газэты» карэктарам. Бяда прыйшла нечакана. Ранкам пастукалі ў дзьверы і сказалі: «Вы арыштаваны». Загадалі спакавацца. Але ж у мяне нічога не было, усе рэчы засталіся пад Варшаваю, дзе мы жылі. Пагрузілі ў таварныя вагоны і завезьлі ў Казахстан. I толькі перад самай вайной я вярнулася са ссылкі. Мне муж пасьля расказваў, што, калі ён быў у палоне, прыйшлі і загадалі ўсім, хто ведае, дзе яго сям'я, пісаць ім лісты. Такім вось ашуканствам даведаліся адрасы сем'яў і сурова пакаралі жанчын і дзяцей.
– А як вам удалося так хутка вярнуцца са ссылкі? Шчасьлівы выпадак?
– Мусіць што шчасьлівы. За мяне хадайнічалі Танк і Купала. Напэўна, ім давялося прыкласьці шмат намаганьняў, каб пераканаць пільных начальнікаў, што я ні ў чым не замешана. Дарэчы, па хадайніцтву таго ж Янкі Купалы быў вызвалены з лагера мой муж. Разам з Купалам яны ў 1919 годзе працавалі ў Вайсковай камісіі. Інакш Франьцішка проста расстралялі б.
– У гэты час вы не пісалі вершаў?
– Не да вершаў было. Хаця б выжыць.
– Як хутка пасьля таго, як вы сустрэліся з мужам, трапілі ў Менск?
– Мы бачылі з Дораў, дзе жылі ў бацькоў мужа, як гарэў Менск. Вельмі хацелася даведацца, што зь ім сталася. Некаторыя ўжо езьдзілі, гаварылі, што там нейкі Беларускі Камітэт ёсьць. Нас гэта зацікавіла. Я вырашыла пайсьці ў разьведку, і са мной мужаў брат Пятрук. Ужо пад'ехалі пад самы Ракаў, як раптам – немцы. Арыштавалі нас і пасадзілі ў гміну. Седзячы ў гэнтай гміне, я стала нявольным сьведкам таго, як немцы ажыцьцяўлялі акцыю зьнішчэньня яўрэяў, як жаўнеры зьдзекаваліся, як пакутавалі людзі... Гэта жах...
Быў вецер... Але й ім казалі засьпяваць,
I за часіну усе і пляскалі й сьпявалі.
Прысеўшы на бруку, брахаў у самы твар
Ім кулямёт загады сталяй...
(Зь верша «Акцыя»).
Пасьля нас выпусцілі, і мы яшчэ раз паехалі ў Менск.
– Хто заснаваў Беларускі Камітэт?
– Беларусы. Радаслаў Астроўскі, быў такі зь Вільні, раней ён працаваў дырэктарам Беларускае Гімназіі ў Вільні. Антон Адамовіч, Савёнак толькі што вярнуліся зь лягераў і актыўна ўзяліся за беларускую справу.
– Скажыце, а якія былі ў людзей адносіны да немцаў, калі тыя ўвайшлі ў горад?
– Бачыце, людзі, якія ні за што пацярпелі ад "савецкай улады", а такіх было не так ужо і мала, якраз сустракалі немцаў з надзеяй, як збавіцеляў. Па-другое, ніхто не думаў, што немцы такія нелюдзі. Беларусы ж хацелі проста наладзіць сваё культурнае жыцьцё.
– Але ж ці былі члены Беларускага Камітэта такімі наіўнымі, што не разумелі, зь якімі мэтамі прыйшлі фашысты на беларускую зямлю? Напрыклад вы, спадарыня Арсеньнева, ужо зь першых дзён акупацыі былі сьведкай жорсткай бесчалавечнай акцыі супраць яўрэяў.
– Беларусь і да вайны была пад чужынцамі. "Савецкая ўлада" метадычна зьнішчала цьвет нацыі, яе інтэлектуальныя сілы. Таму прынцыповай розьніцы не было. Абое рабое, як кажуць у народзе.
– Калі прыйшло працьверажэньне, разуменьне таго, што ад немцаў нічога добрага чакаць не варта?
– На немцаў, фактычна, ніхто не спадзяваўся. Ілюзій абсалютна ніякіх не было. Думалі, як урваць нешта, каб аблягчыць жыцьцё нашых людзей ва ўмовах акупацыі. Якое змаганьне было, каб немцы дазволілі адчыніць беларускія школкі... Настаўніцкая сэмінарыя дзейнічала, гімназія, фельчарская школа ў Баранавічах... Любую магчымасьць для разгортвання беларускай справы мы стараліся выкарыстаць.
– Што б вы маглі расказаць пра партызан?
– Калі адступалі "саветы", а па іх пятах ішлі немцы, дык велізарная колькасьць жаўнераў засталася ў нямецкім тыле. Немцы хутчэй ішлі, чым "саветы" адступалі. Лясы былі поўныя людзей. Хлопцы пайшлі прасіцца да сялянаў, маўляў, вазьміце за работніка. У той момант партызанамі іх ніхто не называў. Яны спраўна працавалі. А пасьля прайшоў слых, што ўсіх людзей, якія працуюць у сялян, вывезуць у Нямеччыну на работы. I тады яны пачалі зноў уцякаць у лес, арганізоўваць там атрады. Сяляне кепска ставіліся да іх, бо партызаны часта займаліся грабежніцтвам. Прыйдуць уночы, забяруць усё, што хочуць. А як людзі не хацелі даваць, то і прыстрэліць маглі.
– На жаль, такія бандыцкія партызанскія атрады сапраўды былі. Пра гэта мы ўжо ведаем. Сяляне траплялі ў такім выпадку ў пастку. Уначы грабяць свае, а днём – немцы. Тысячы вагонаў зь зернем, іншымі сельскагаспадарчымі прадуктамі ішлі на Захад зь Беларусі. У час вайны на Беларусі былі спалены сотні вёсак. Тут, у Амэрыцы, мне давялося пачуць, што палілі не толькі немцы, але і партызаны. Што можаце сказаць наконт гэтага?
– Палілі немцы. На 10 кіламэтраў ад лясоў і пушчаў усё спалілі. Бо ад партызан не было ратунку. Фактычна, калі распачыналася акцыя, сяляне не хацелі пакідаць сваіх хат. I немцы спальвалі хаты зь людзьмі. Цётку майго мужа так спалілі разам з хатай. Моладзь маглі яшчэ насільна павыцягваць і адправіць у Нямеччыну, а са старымі не цырымоніліся, палілі – і ўсё. Асабліва лютавалі немцы ў 1943–1944 гадах, перад канцом. I яшчэ: палілі ўкраінскія і летувіскія паліцыянты, зразумела, са згоды сваіх шэфаў-немцаў.
– Наколькі я ведаю, вы, спадарыня Арсеньнева, працавалі ў час вайны ў «Беларускай газэце», што выходзіла ў Менску. Я разумею, што гэта быў вельмі няпросты час. З аднаго боку, пры маўклівай згодзе акупантаў дзейнічалі беларускія школкі, выходзілі беларускія падручнікі, працаваў тэатар, ладзіліся выстаўкі; а з другога – палалі вёскі зь людзьмі, вывозілася ў Нямеччыну моладзь, вешалі і расстрэльвалі камуністаў і партызан... Як жа вам працавалася?
– Я была прыпісана стылістам да рэдакцыі. Бо тых, хто ня меў ніякай працы, вывозілі ў Нямеччыну. Майму сыну Владэку тады было 17 ці 18 год. Яго таксама прыпісалі да газэты, ён быў пасыльным, вазіў матэрыялы ў друкарню.
А я такім чынам мела магчымасьць пісаць вершы, перакладала на беларускую мову п'есы для нашага тэатра, стварала лібрэта. Шмат друкавалася ў нашай газэце.
Сапраўды, Натальля Арсеньнева надзвычай многа піша ў гэты пэрыяд. Калі ў даваенных вершах яна – як бы над жыцьцём, пасіўны назіральнік, то цяпер проста ўрываецца ў самую гушчыню. Адзін з найбольш моцных і дасканалых твораў – верш «Паўшым» (пазьней аўтарка памяняла назву – «Палеглым»). Ён быў надрукаваны ў «Менскай», а пасьля і ў «Беларускай газэце». Гімнам, прачулым рэквіемам, якім упершыню паэтка рэагавала на вайну, назваў яго літаратурны крытык А. Адамовіч.
...Пад крыжам, бяз крыжа, нацятаю галінай
На жорсткі, гойстры жвір спаць ці адзін прылёг...
Зьмяшалася зь пяском чупрына маладая,
Боль выпіў сінь вачэй і сьвежых вуснаў кроў.
Васковаю сьвячою над імі восень тае,
І сьніць адзін пра Рэйн, а іншы – пра Дняпро.
Ня рупіць іх нішто... Жахлівыя змаганьні,
Магутны чар вайны, крывавыя сьвітаньні
Больш не хвалююць іх...
Яны прайшлі свой шлях.
Дарэчы, праца ў «Беларускай газэце» не гарантавала яе супрацоўнікам асабістую бясьпеку. Тым, хто пераходзіў межы дазволенага, пагражала хуткая расправа. Ледзь не паплацілася галавою за адзін са сваіх вершаў і Натальля Арсеньнева.
...Годзе!
Годзе нарэшце, годзе
Чарвякамі зьвівацца, поўзаць!
Хоць нас доля й дагэтуль зводзіць,
Хоць ісьці нам парой і коўзка, –
Пасьмяёмся яшчэ і зь ліха!
Досыць падаць прад кожным ніцма!
Лепш на момант агнём успыхнуць,
Чымся літасьцяй век давіцца!
Што далі нам калі чужыя?..
Як напятая струна, гучаў голас паэткі ў вершы «Годзе», апублікаваным у канцы 1942 года. I гэты настрой моцна не спадабаўся нямецкім уладам. Аўтар была выклікана на допыт у палітычную паліцыю, і толькі удалая інтэрпрэтацыя верша перакладчыцай Юльянай Дубейкаўскай уратавала Арсеньневу ад рэпрэсіяў.
– Большую частку жыцьця вы пражылі на эміграцыі – Расея, Польшча, Казахстан, Нямеччына, Амэрыка. Але ўвесь час вы – паэтка Беларусі, што бясконца верыць у свой край, які дае натхненьне, у свой народ, у яго вялікую будучыню. Цікава, якое ў вас уяўленьне пра сёньняшнюю Беларусь, зь якой вы рассталіся амаль што 50 гадоў назад?
– Пра цяперашнюю Беларусь я няшмат ведаю, на жаль. Жыву даволі адасоблена. Хаця выпісваю часопісы, газэты. Шмат цікавага прысылаў мне звычайна Янка Запруднік зь Нью-Йорка. Ён жа мае шмат літаратуры. Іншым разам я проста не магла зразумець, чаму Беларусь за ўсе гэтыя гады перастала быць беларускай. У маю бытнасьць яна была яшчэ беларускай. Што здарылася? Як магло гэтак стацца?
Апошнім часам мне пішуць лісты зь Беларусі дасьледчыкі, паэты. Я ім адказваю з радасьцю. Для мяне гэта тоненькая нітачка сувязі з далёкай Бацькаўшчынай.
...Каля чатырох гадзін гутарылі мы з Натальляй Арсеньневай. Яна б яшчэ працягвала і працягвала, зь неверагоднай дакладнасьцю прыгадваючы падзеі 50-ці ці нават 70-гадовай даўнасьці. У манатоннай яе споведзі ні разу не з'явілася ангельскае слова, хіба што толькі рускае іншы раз. Але гэта зразу мела – ад унучкі Натальлі. Адным простым сказам яна магла намаляваць цэлую карціну, гэткі жывапісны партрэт часу. З гукамі, пахамі, колерамі. Прыгадаліся словы яе «Малітвы»:
Магутны Божа! Ўладар сусьветаў,
Вялізных сонцаў і сэрц малых,
Над Беларусяй ціхай і ветлай
Рассып праменьне Свае хвалы.
Дай спор у працы будзённай, шэрай,
На хлеб штадзённы, на родны край.
Павагу, сілу і веліч веры
У нашу праўду, у прышласьць – дай!
Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,
Учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай,
Краіну нашу і наш народ!
Падумалася, якая ж гэта несправядлівасьць, глупства, нарэшце, што беларускі народ дасюль не ведае сваю Паэтку. Паэтку складанага лёсу і вялікага таленту.
Н. Арсеньнева піша вершы і цяпер. На развітаньне яна прынесла мне са свайго пакойчыка два аркушы паперы, на якіх ад рукі было напісана:
ЧАРНОБЫЛЬ
Весьні ранак... Ужо на парозе
Я прыпыняю хаду:
Надта ж хораша зноўку бярозы
Карагоды на ўзгорках вядуць!
Іх імклівыя рукі на сіні
Далячынь ткуць празрысты вузор
Курапаты, Чарнобыль, Хатыні
Ім не засьцяць ні вёснаў, ні зор.
Мне ж... мне мроіцца іншае раньне:
Хлопчык з пужкаю... Статак... раса...
Ўпяршыню ў поле выгнаў ён сяньня...
Красавік... Люба ў сонцы гайсаць!
Сонца ж – скрозь! Уваччу, у лазовым,
Жоўтым пухам прыбраным гальлі,
Нат у шчаснасьці той, без назову,
Ад якое аж сэрца баліць!
I няўпрыцям нікому з худобы
Чалавечай, стоены сьцень,
Чорны сьцень... найчарнейшы Чарнобыль,
Ужо крые, накрыў іхні дзень,
Што з худой пастушковае жменькі
Хутка выпадзе пужка, што ён,
Як і безлічы й меньшых, маленькіх,
Моўчкі прымуць пакутлівы скон,
Што ізноў над маёй Беларусяй
Прарасьце, забуяе бяда,
Што... ды лепей вазьму, памалюся,
Да людзкага і свой боль дадам.
Божа! Божа! Адзіны ў Сусьвеце,
Хто ўсё знае, ўсё можа, зрабі ж,
Каб за нас не пакутвалі дзеці,
Не яны каб, а мы несьлі крыж!
Тацьцяна Антонава
http://www.zbsb.org/