Даволі зьдзекаў і прымусаў!
Даволі глуму і пакут!
Хачу быць вольным Беларусам‚
Аслабаніць свой родны кут!
Алесь Змагар
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
ЖЫВЕ ЯШЧЭ ДУША Ў НАРОДЗЕ ГЭТЫМ...
     інтэрв'ю   Міхась Кавыль   Саўт-Рывер, ЗША. Люты, 1984 год.       

Інтэрв'ю карэспандэнта газэты “Беларусь” з паэтам Міхасём Кавылём.


– Ад чаго (каго) пачалася ў Вас цяга да літаратурнай творчасьці? У якім тады асяроддзі Вы жылі?


– Я ў вершы “Паэт” пісаў:


Буду йсьці ад сябе, як заўжды,

І прыпынкі  

Рабіцьму над тым, што натхніць

І закратае.


Мне і цяпер думаецца, што паэт мусіць ісьці толькі ад сябе, рабіць “прыпынкі” (пісаць) ці не, залежыць ад паэта, а не ад “прыпынкаў”. Але адначасна нельга адмаўляць узьдзеяньня і быцьця на сьведамасьць творцы. Не адмаўляе гэтага і паэтка Натальля Арсеньнева ў сваім інтэрв'ю (“Беларус”, № 314). А расейскі савецкі паэт і бард Булат Акуджава добра сказаў, і так добра, што адразу па-беларуску можна чытаць:


Хто што чуе, тое й піша,  

Кожны чуе, як ён дыша,  

Як ён дыша, так і піша...


Вось жа перад тым, як пачаць пісаць вершы, я шмат “надыхаўся” паэзіі Язэпа Пушчы, Уладзімера Дубоўкі, Валерыя Маракова, Паўлюка Труса, Якуба Коласа. Парадокс, але Янкі Купалы я тады не чытаў, хоць у маёй творчасьці шмат ад Купалы: грамадзянская тэматыка з патрыятычнымі матывамі.

Першы верш, памятаю, пісаў, лежачы пад ялінай і любуючыся сінім полымем лёну на нашай, яшчэ не калгаснай, палосцы зямлі, што межавала зь лясной палянкай, дзе вялікая чарада авечак пасьвілася пад маім наглядам. Было гэта ў 1928 годзе. Ніводнага радка з таго верша “Лён” я не памятаю, толькі два словы: “сіняе полымя”.

Фальклору таксама надыхаўся на поўныя грудзі, бо ж ні вячоркі, што адбываліся часта і ў нашай хаце, ні вясельлі, ні нарадзіны, на якіх даводзілася бываць, не адбываліся без народнай песьні. А на начлегах шмат наслухаўся казак.

Маё сямейнае асяроддзе ў часе першых спробаў пяра – маці, чатыры сястры. Маці непісьменная, набожная, лагодная жанчына, сёстры малапісьменныя, таксама веруючыя, Сёстры мелі добрыя галасы, любілі сьпяваць. Часамі і маці падпявала ім. Бацькі не памятаю, Маці казала, што быў ён вельмі сьмелы, граў на гармошку. Пайшоў на вайну, і, як пісаў ягоны сябра, яго разарвала снарадам. Ад бацькі ў мяне, бадай, спадчыннае жаданьне граць. А вось ад каго жаданьне маляваць і пісаць, не ведаю. Ад маці? Ад яе ў мяне – шчырасьць і сьмеласьць казаць праўду ў вочы. А вось вышыні баюся. Не ў бацьку ўдаўся. Можа, таму ў вольнай Амэрыцы не дакарапкаўся да мільянера, а толькі да тысячніка. Затое пазбавіўся спадарожніка савецкага раба – страху.


– Раскажыце пра свае заняткі ў школе, асабліва пра лекцыі мовы і літаратуры.


– У нашай вёсцы Покаршаве дырэктарам пачатковае школы і настаўнікам мовы быў добра адукаваны, шчыры беларус Павел Барысевіч. Мову беларускую ён ведаў дасканальна і стараўся ўсякімі спосабамі прышчапіць веды і любасьць да роднага слова. Карыстаўся ён для гэтага нават забароненым метадам фізічнага ўзьдзейваньня: за невывучэньне “ўроку” біў лінейкаю па руцэ і ставіў у куток на калені. Мне, праўда, ні разу не давялося перажыць гэтага паніжэньня, бо я, не хвалюся, вельмі любіў вучыцца.

Барысевіч меў багатую бібліятэку, даваў мне чытаць кніжкі маладнякоўцаў, узвышэнцаў, а таксама Якуба Коласа, Лермантава, Эптана Сінклера. На вокладцы твораў Сінклера быў партрэт пісьменьніка. Чамусьці мне захацелася яго перамаляваць. I зрабіў гэта, паказаў настаўніку. Той вельмі хваліў і раіў разьвіваць гэты талент. Але мастацтва я занядбаў, бо нахлынула стыхія вершаваньня.

У 1925 годзе, скончыўшы пачатковую школу, я пайшоў у Грозаўскую, а пасьля – у бліжэйшую да дому Грэскую сямігодку. Прозьвішчы некаторых настаўнікаў памятаю – Шарупіча, дырэхтара і выкладчыка грамадазнаўства; Шарэку, выкладчыка фізікі, – але хто выкладаў мову і літаратуру – забі, не прыгадваю.

У 1930 годзе я залічыўся ў Менскі Белпедтэхнікум. Тут ужо мне памяць не здраджвае: мову выкладаў брат Язэпа Лёсіка Антон. Добры быў настаўнік, але непатрабавальны. Студэнты на ягоных лекцыях шумелі, не было дысцыпліны.

Вельмі добрая была ў нас выкладчыца літаратуры – Алеся Александровіч, сястра паэта Андрэя Александровіча. Яна чаравала і сваёй прыгажосьцяй, і пявучым задушэўным голасам.

Прыпамінаю прозьвішча Замбжыцкага, але што ён выкладаў, не прыгадваю.

Запамятаўся кампазытар Тэраўскі, як кіраўнік хору, у якім я сьпяваў тэнарам.

Дырэктарам Белпедтэхнікума тады быў перабежчык з Польшчы, камуніст Южык.

Пачатак 1930-х гадоў быў часам пагрому “нацдэмаў”, выкіданьня са школаў, арыштаў. Гэтак за часам Южыкавага дырэктарства былі выключаныя з тэхнікума на пастанову агульнага студэнцкага сходу: Уладзімер Сядура, Сяргей Астрэйка, Франьцішак Гінтаўт, Сяргей Русаковіч, Уладзімер Гуцька, Сяргей Гайка. Я адхапіў “суровую вымову з папярэджаньнем”.


– За што?


– А вось за што. У 1932 годзе нас, студэнтаў, паслалі ў саўгас Сьляпянка, што знаходзіўся за Камароўкаю, недалёка ад Менска, на гэтак званы “прярыў”: зьбіраць бульбу, што замярзала на полі. Мы мусілі голымі рукамі выграбаць яе зь мерзлае зямлі. Гэтаю нішчымнай падмерзлаю бульбай нас і кармілі. Я і яшчэ колькі студэнтаў не вытрымалі ды ўцяклі дадому. За гэта на агульным студэнцкім сходзе нам і дасталося: некаторых дэзерціраў павыключалі з тэхнікума, а мне далі строгую вымову з папярэджаньнем. Ідэалагічна я тады яшчэ быў вытрыманы: перадавы савецкі юнак бядняцкага паходжаньня.

Вучыўся я ў педтэхнікуме на пазашкольным аддзяленьні, на якім рыхтавалі палітычна-грамадскіх дзеячаў. Але і да мяне, савецкага “двараніна”, прыйшоў з часам бунт, як да тых расейскіх сынкоў-дваранкаў – дзекабрыстаў. У паэме “Непакорныя” я пішу пра гэты бунт:


За тры дні вярнуўся на заняткі –  

Атрымаў і ў хвост і ў грыву.  

Недарма усё ж падмазаў пяткі:  

Больш не пасылалі на прарывы.


Толькі ў асабістай справе чорным  

Ды па белым мне зьвілі вяроўку:

“Сімулянт, шматдумны, непакорны”.  

Выпісалі ў ГПУ пуцёўку...


Пачала мая справа абрастаць і іншымі “грахамі”. Аднаго разу пры Васілю Туміловічу, які, як я пасьля даведаўся, быў сексотам, на пытаньне аднае дзяўчыны – таксама, напэўна, недалёкай ад Туміловіча, – чаму я падпісваюся пад вершамі Язэп Маёвы, а не сваім прозьвішчам, я ляпнуў: “Таму, што не жадаю целяпацца на вісельні, як прыйдуць палякі”. Выходзіла, што я не верыў у сілу “непераможнай”, якая трымала “граніцу на замку”. “Абразіў” я таксама чырвоную армію, калі, падаўшы заяву ў Беларускую вайсковую школу (БВШ) і здаўшы экзамэны, адмовіўся пасьля ісьці ў яе. Выпісаў я сабе і яшчэ адну “пуцёўку ў ГПУ”, калі напісаў верш “Беспрытульны”, якога не прынялі ў “Маладняку”, хоць я лічыўся сябрам гэтае арганізацыі. Усё гэта напэўна было ведама таму, каму трэба было усё ведаць – ГПУ.

Аднаго дня ў Белпедтэхнікум завітала сьледчая гэтае страшнае ўстановы Надзежда Навіцкая і, выклікаўшы мяне з класа, павяла на допыты ў ГПУ, што было разьмешчана на рагу Савецкай і Урыцкага вуліцаў.

Дапытваў мяне нейкі Браткоўскі: калі прыехаў у Менск, дзе жывеш, хто твае сябры, як вучышся, ці бярэш удзел у грамадскай працы, хто твае бацькі, ці меў якія спагнаньні і г.д. А пасьля раптам: “Чаму ўцяклі з працы ў Сьляпянцы? Хто тады ўцёк і дзе цяпер дэзерціры?”

Я расказаў, як усё адбылося, бо было ясна, што сьледчы чытаў пратакол студэнцкага сходу, на якім гэтая справа разглядалася. Толькі на ягонае пытаньне пра дэзерціраў я сказаў, што не ведаю, дзе знаходзяцца Сядура, Гуцька ды іншыя. А я ведаў, што амаль усе яны ўладзіліся ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсітэце. Браткоўскі мне сказаў: “Калі не ведаеш, дык даведайся і паведамі нам”.

Я падпісаў паперу аб “неразгалошванні таямніцы”, і мяне выпусьцілі. Свой настрой пасьля допыту я перадаў у паэме “Непакорныя”:


З ГПУ Алесь выйшаў, як з трупярні,  

Дзе ўбачыў свой собскі труп.  

Калаціліся на слупох ліхтарні,  

Зуб не трапляў на зуб.


Можа, ад марозу? Быў сьцюдзёны люты.  

Не, гэта ад страху. Што там ні кажы,  

Будзь ты канквістадар, бранёю акуты,  

Як бяду пабачыш, сэрца задрыжыць.


А бяду Лучына вельмі добра бачыў:  

“У ГПУ не водзяць, абы толькі так.  

Правакатар трэба ім з душой сабачай,  

Хто гатоў прадаць і маці за пятак.


Калі ты ідэйна вытрыманы гіцаль,  

З часам, пэўна, будуць грудзі ў ардэнох.  

А які, скажэце, будзе зь цябе рыцар,  

Калі ўжо “вымова” ходзіць па сьлядох?”

  

I ішоў Лучына, сам сабе не рады:  

ЦІ ж такім ён высьніў шлях свой у жыцьці?  

Hi сказаць нікому, ні спытаць парады.  

Як жа тую бездань абысьці?


“Падпісаў паперу, памагаць згадзіўся  

Антыбальшавіцкі разматаць клубок...  

Радуйся, прадажнік. Сука, ганарыся.  

Каін, будзь гатовы шаснуць вілы ў бок.


Сам сябе ўратуеш, а сяброў загубіш.  

Што табе Нарэйка, Лойка, Рудзька? Што?..”  

Зь бервяна аскепкі ў камунізму зрубе...  

Пранізаў Алеся ліхаманкі ток.


. . . . . . . . . . . . . . . . . . .


Вялікі сьвет, прастор шырокі,  

Але нікуды не ўцячэш  

Ад усёбачанага вока,  

Ад усёчуючых вушэй.


I мне стаць вокам тым і вухам...

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Хваробу ў бок!.. Забойцаў слухаць?  

Я не прадажная брыда.


Валею жыць з душой паэта,  

Малітвы сэрца галасіць,  

А не касою прайдзісьвета  

Галовы “ворагаў” касіць.


Дапытвалі мяне ў кастрычніку 1932 года. Адразу ж на допыце праз свайго сябра Сяргея Русаковіча я склікаў Сядуру, Астрэйку, Гайку, Гінтаўта, Лойку. Сабраліся мы ў нейкіх кусьціках за будынкам, і я ім сказаў: “Мяне толькі што цягалі ў ГПУ і пыталіся пра вас, дзе вы знаходзіцеся...” Гэта выклікала перапалох. Сядура прапанаваў уцякаць у Польшчу. Астрэйка ж даводзіў, што ўцякаць туды нельга, бо Польшча мае з Масквою ўмову аб выдачы перабежчыкаў. Што тады больш гаварылася, я не памятаю, але мне было ясна, што я падпісаў сабе прысуд, што ГПУ пра ўсё гэта даведаецца, бо, калі мы ішлі назад па калідоры, я заўважыў у куце Васіля Туміловіча...

На заняткі я далей хадзіў, але нічога ў галаву не лезла. Надыходзіў "дзень чырвонай арміі", 23 лютага. Каб крыху адчапіцца ад страшных думак, я запісаўся ў драмгурток. Рыхтавалі п'есу “Граніца на замку”. Я меў ролю нейкага пагранічніка, страляў па кантрабандыстах, а мне здавалася, што гэта мяне расстрэльваюць... На спэктаклі я граў нешта на скрыпцы, а пасьля пачаліся танцы. Гралі вальс “На сопках Манчжурыі”. Я танцаваў зь Бірутай Дакальскай. Яна вучылася раней у педтэхнікуме, а пасьля, калі арыштавалі ейную маці, перайшла ў музычны тэхнікум. Яна мне падабалася, мабыць – і я ей. У часе танца нехта пакратаў мяне за плячо. Азірнуўся – незнаемы чалавек сярэдняга веку, апрануты ў хромавую тужурку: “Апраніся, пойдзем на хвілінку на двор...” Гэтая “хвілінка” расьцягнулася на тры страшныя гады.


– Што ж Вам ставілі ў віну?


– Вінавацілі ў належнасьці да Саюза Вызваленьня Беларусі (СВБ). А за які месяц выклікалі і выставілі новае "абвінавачаньне": рыхтаваньне збройнага паўстаньня. Як ведама, аднак, ніякага Саюза Вызваленьня Беларусі не было, ніякага паўстаньня не рыхтавалася. Рэжысэры гэтае трагікамэдыі аб гэтым добра ведалі. Якое магло быць збройнае паўстаньне з адной іржавай паляўнічай стрэльбай, якую знайшлі пры арышце ў аднаго “нацдэма”, у якога не было на тую стрэльбу дазволу? Гэты абсурд чэкісты хутка зразумелі і "абвінавачаньне ў паўстанні" зьнялі. Але ўсялякімі спосабамі дамагаліся прызнаньня ў належнасьці да СВБ. Не ведаю, як каго, але мяне на допытах давялі да таго, што маці родная, калі прыйшла пехатою за дзьвесьце кіламэтраў на пабачаньне, на якое “разрешили” пасьля вынясеньня "прысуду", не пазнала мяне.

Кулакамі мяне не білі, але вымарылі пагрозаю расстрэлу, голадам ды карцэрам.

Аднаго разу ў часе допыту сьледчая Навіцкая паклала перада мною паштоўку, на якой быў намаляванй гэрб Беларускае Народнае Рэспублікі. Я ўпершыню бачыў гэты гэрб, чытаў словы: “Беларуская Народная Рэспубліка”. Што гэта магло значыць, я не ведаў, але ў мяне вырвалася: “Прыгожа выглядае”. За гэтае “прыгожа выглядае” я апынуўся ў карцэры.

Допыты трывалі якіх пяць месяцаў. Як тая сава Навіцкая цягала мяне на допыты ўначы. Пасьля таго як мяне пасадзілі зноў у карцэр ды пагразілі, што расстраляюць (Навіцкая махала мне пад носам паперкай і пішчэла: “Вось твой сябра (не называю ягонага прозьвішча) прызнаўся, што завербаваў цябе ў арганізацыю), я пастанавіў не мучыцца далей, а пакончыць з сабой. Аскепкам шкла я перарэзаў сабе на левай руцэ вену (белы шрам гэтак і застаўся), але ў камэру ўляцеў вартавы, стукнуў мне прыкладам вінтоўкі па плячох і адразу ж вывалак на калідор. Кроў спынілі, рану зашылі ды... піхнулі назад у карцэр. Але пасьля гэтага больш на допыты не клікалі. Па пэўным часе з будынка ГПУ (з камэры ў “американцы”) мяне перавялі назад у турму, дзе ўжо былі Гуцька, Астрэйка, Гінтаўт і, здаецца, Сядура.

Пару месяцаў пазьней мяне выклікалі (“с вещами”) і прачыталі на калідоры прысуд: “за контррэвалюцыйную арганізацыю і агітацыю” – тры гады. Судзіла нас завочна Маскоўская калегія.


– Дык вучыцца больш Вам ужо не давялося?


– Па сканчэньні канцлагернага “унівэрсітэта” жыць у Менску я не меў права. А ў іншыя гарады, дзе я мог жыць і дзе былі інстытуты, я не паехаў, бо не меў там нікога знаёмага, у каго можна было б затрымацца на пару тыдняў. Я паехаў у горад Варонеж, дзе жылі сваякі майго сябра з канцлагера Міці Красналуцкага. Я думаў у іх затрымацца. Праўда, з гэтага нічога не выйшла, але ў Варонежы я застаўся. Уладзіўся на машынабудаўнічым заводзе “Камінтэрн”. Вучыўся, без адрыву ад вытворчасьці, далей на рабфаку пры медыцынскім інстытуце. Правучыўшыся пару месяцаў там, здаў экзамены і быў залічаны на літфак Варонежскага педінстытута (у анкеце на пытаньне “Ці быў рэпрэсіяваны сам або хто з сваякоў?” да рэпрэсіі і не прызнаўся), ды правучыўся там два гады. Ведаючы пра сваю “палітычную ненадзейнасьць”, адзначаную ў пашпарце сакрэтнай адзнакай, я стараўся быць савецкім чалавекам і паэтам. Пісаў я, праўда, вельмі мала, бо не меў часу. Выдрукаваў у гэным часе толькі адзін верш: да 20-годдзя чырвонае арміі быў выданы альманах “Непобедимая”, які адчыняўся маім вершам “Полем, полем...”.


– А як склалася Вашая доля ў часе вайны?


– Ваяваў я зь немцамі на украінскім фронце. У травені 1942 г. немцы абступілі нас пад Харкавам (трыма арміямі там камандаваў ведамы маршал Цімашэнка), і я трапіў у палон да румынаў. У палоне праседзеў больш за год. Выпусьцілі мяне ў 1943 годзе, і я прыехаў у Менск.


– Як Вы схарактарызавалі б нямецкі пэрыяд?


– Агульную характарыстыку найлепш, можа, даць цытатай з мае паэты “Міжагнёўе”:


Пакараў нас Бог, зямліца:  

На тваіх пляцох, сталіца,  

Апрычнікаў Берыя  

Зьмяніла фельджандармерыя.


– Ці шмат Вы пісалі і друкаваліся пад нямецкай акупацыяй?


– У часопісе “Новы шлях” была зьмешчаная мая паэма “Пад небам Случчыны каханай”. На словы маіх вершаў пісалі музыку кампазытары Мікола Куліковіч і Алесь Карповіч. Культурнае, а ў тым ліку і літаратурнае жыцьцё ў Менску рухалася, набірала моцы. Музы не маўчалі, хоць бомбы і міны грымелі.


– Дзе Вы жылі ў Эўропе да прыезду ў Амэрыку?


– Калі Нямеччына была занята войскамі аліянтаў, я знаходзіўся ў г. Троене на “амерыканскай” зоне. У Троене я працаваў на авіяцыйным заводзе. Пасьля жыў у ДП лагеры ў Саксоніі, у Натэрнбэргу. Там завербаваўся на працу ў капальні ў Бэльгіі, каля Ля-Лювэру. Але за паўгода ўцёк адтуль назад у Натэрнбэрг. Па некаторым часе перабраўся ў беларускі лагер у Бакнанг, адкуль у 1950 г. выехаў у ЗША.


– Застаўся па гэтым сьлед у Вашае творчасьці?


– Вядома, вандроўкі так ці інакш адлюстраваліся ў маіх вершах, але не вельмі шмат.


– Як Вы разумееце ролю паэзіі ў жыцьці паэта і жыцьці народа?


– Сваё разуменьне паэзіі я выказаў коратка ў вершы “Паэт”:


Паэзія – не табака, малакроўным нюхаць,

Паэт не застыглая ў статыцы мумія.

Паэзія ў сэрцы будзіць завірухі.  

Паэт за стагоддзі адзін думае.


Хоць “за стагоддзі” – гіпербала, але без думаньня ніякае паэзіі на сьвет не з'явіцца.

Некаторыя літаратурныя тэарэтыкі называюць паэзіяй “прыгожыя словы ў прыгожым парадку” або гавораць пра “мастацтва для мастацтва”. Для мяне гэткая паэзія – “табака малакроўным нюхаць”. Калі не табакай, дык рэбусам лічу паэзію, якое і сам творца не разумее без камп'ютэра. Мая паэзія, хочацца думаць, будзіць у сэрцы завірухі каханьня, патрыятызму, змаганыя за волю свайго народа. Вось гэтым “будзільнікам” завірухі ў сэрцы была і ёсьць для мяне паэзія.


– У Вас ці мала вершаў, што сталіся патрыятычнымі песьнямі. Прыкладам “Васьмёчкі” – “Расьцьвіталі ў полі васількі” – ды іншыя. Якія ў Вас былі дачыненьні з кампазытарамі? Апрача Куліковіча і Карповіча, хто яшчэ пісаў музыку на Вашыя вершы?


– У Менску ў часе вайны нехта напісаў музыку да майго верша “Мы Беларусі сваёй арляняты”.

Ужо тут, у Амэрыцы, напісалі музыку на мае словы кампазытары Дзьмітры Верасаў, Ксаверы Барысавец, Эльза Зубковіч, Мікола Куліковіч. З Дзьмітрам Верасавым стукаліся адзін раз ілбамі, але цяпер гузы пазажывалі, і я сьпяваю ў царкоўным хоры ў нашай саўт-рыверскай царкве, дзе Верасаў рэгентуе.


– Чым у сваёй творчасьці Вы найбольш займаецеся цяпер?


– Хоць я ўжо ў пэнсійным веку, Муза мяне не цураецца, падштурхвае, каб пісаў далей паэму “Непакорныя”. Трэ' было б узяцца і за прозу, якую занядбаў. Што з гэтага выйдзе, цяжка сказаць.


– Якая ў Вас чытацкая сувязь з літаратурай сучаснае Беларусі?


– Амаль ніякая. Мой сябра паэт Янка Золак выпісвае часопіс “Полымя”, дык пару нумароў даваў пачытаць.


– Калі пацікавіцца водгукамі ў друку на Вашыя творы, дык дзе іх шукаць? Я ўсьведамляю сабе, што гэта пытаньне, можа, і не лёгкае, бо не кожны зьбірае бібліяграфію пра сябе, дык назавеце тое, што Вам запамяталася.


– Маеце рацыю, на гэтае пытаньне мне цяжка адказаць. Бібліяграфіяй свае творчасьці я не займаўся. Памятаю толькі, што рэцэнзію на мае вершы, пад заг. “На шляху да паэтычнага ўзвышша”, напісаў Уладзімер Сядура. Да якогась майго юбілею пісаў артыкул паэт Янка Золак. Адгукнуўся рэцэнзіяй у “Конаднях” крытык Антон Адамовіч (Р. Склют).

Пісаў я артыкулы ды рэцэнзіі: пра беларускіх савецкіх паэтаў, пра Юрку Віцьбіча, Ёсіфа Мандальштама, Андрэя Макаёнка, Кастуся Акулу, Янку Золака, Случанскага ды шмат каго іншага.

Ці мала лістоў пісаў у газэту “Новое Русское Слово”, што выходзіць у Нью-Йорку, у якіх палемізаваў зь “единонеделимцами”.

Прыгадваецца таксама, як на пачатку 1960-х гадоў кагэбэшнікі з “Голасу Радзімы” скагэбэшылі верш “Грэх на сэрцы цяжкі” ды падпісалі маім псэўданімам. У вершы тым я быццам бы прасіў прабачэньня ў Радзімы. Я ім адказаў вершам “Правакатарам”, які перадала на Беларусь радыёстанцыя “Свабода”.


– Што б Вы хацелі сказаць яшчэ чытачам “Беларуса”?


– Хачу шчыра падзякаваць тым зь іх, што ахвяравалі або заняліся зьбіраньнем ахвяраў і падпіскі на мой Збор твораў. Асабліва дзякую ініцыятарам гэтае задумы, кіраўнікам Беларускага Інстытута Навукі й Мастацтва. Я, прызнацца, не спадзяваўся, што маю гэтулькі прыхільнікаў свае творчасьці. Як тут не ўспомніць словаў: “Жыве яшчэ душа ў народзе гэтым”.

Дык няхай жа гэтая душа і надалей застаецца замілаванай у беларускім мастацкім слове, шчырай і лагоднай, але непакорнай гвалту.


http://zbsb.org/


Дадаў PL 08.10.2009