Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я...
Якуб Колас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
УСЯ ЭНЕРГІЯ ІДЗЕ НА МУЗЫЧНЫЯ ПРАДСТАЎЛЕННІ П’ЕС
     інтэрв'ю   Мюр Фарыдовіч   11 траўня 2010.       

Васіль Дранько-Майсюк (ён жа—Мюр Фарыдовіч) імкнецца да незвычайнага аб’яднання музыкі і літаратуры ў тэатральнай форме. Тэатральнасць у яго дзейнасці выступае як спроба заахвоціць да прачытання і новага разумення невядомых твораў, як крыніца натхнення. Музыкант-саліст у гурце “Жаба ў каляіне”, мастак, выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці рэжысура драмы, рэдактар літаратурнай часткі і рэжысёр у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (РТБД), удзельнік аматарскага тэатра “Цуд!”, аўтар і пастаноўшчык, а таксама выканаўца п’ес і музычна-тэатральных дзействаў… Розныя ролі, але з адной неверагоднай энергіяй, аддадзенай сцэне і гледачам.

Музычна-тэатралізаваны цыкл чытак п’ес і іх урыўкаў у выкананні Мюра Фарыдовіча адбываецца на дзвюх пляцоўках—у фотастудыі Аляксандра Жарнасека і на малой сцэне Тэатра беларускай драматургіі. 7 мая ў фотамайстэрні прайшла, як апісвае сам аўтар, “тэатралізавана-барабанная” чытка п’есы “Цуда-малпа”, аздобленая перкусіяй ад Касі Бохан. 11 мая Васіль Дранько-Майсюк прадстаўляе асобныя раздзелы з п’есы Франішка Аляхновіча “Дрыгва” на малой сцэне РТБД у суправаджэнні віяланчэлі ад Вольгі Альхоўскай. Акрамя аўтарскага цыклу, у які ўваходзяць унікальныя п’есы, музыка, чыткі, паказы, Васіль удзельнічае ў іншых праектах, напрыклад, у якасці вядучага ў паэтычна-акустычным канцэрце “Рытмы і рыфмы”, які пройдзе 20 мая на вялікай сцэне РТБД.  


Мюр Фарыдовіч


– Раскажы пра сваю п’есу “Цуда-малпа”, у чым яе адметнасць, чым хацелася здзівіць?


– У цудоўнай фотастудыі Аляксандра Жарнасека на вуліцы Ракаўскай ёсць магчымасць ладзіць незвычайныя музычныя чыткі: адзін ці двое акцёраў чытаюць і эмацыйна прадстаўляюць пэўны твор, а музыка ці музыкі адпаведна ім дапамагаюць. Адбываецца дыялог паміж музыкай і голасам. Першай нашай чыткай на фотастудыі стала прадстаўленне асобных раздзелаў п’есы Францішка Аляхновіча “Дрыгва”. Асноўны прынцып— прадстаўляць невядомыя беларускія драматургічныя тэксты, сучасныя і далёкіх 20-30х гадоў мінулага стагоддзя, ды і ўвогуле проста весела праводзіць час.  


– Як з’явілася ідэя твора?


– Першая наша рэч, “Дрыгва”, была вельмі песімістычнай: там людзі пілі, вешаліся, хлапцы кідалі дзяўчат, якія пасля хацелі засіліцца, але і гэта ім не ўдавалася. Усё было вельмі змрочна, панура, таму па кантрасце мы вырашылі прадставіць іншую п’есу – вясёлую казку, напісаную рыфмаванай прозай. Гэтая казка называецца “Цуда-малпа”, напісаў яе я сам і хачу аднойчы паставіць як паўнавартасны твор на тэатральнай сцэне. А да таго часу чаму б і не наладзіць чытку п’есы. Галоўная гераіня твора—прынцэса, якая хоча заставацца маленькай і каб усе вакол ёй падпарадкоўваліся і выконвалі яе капрызы. Не менш інфантыльныя ў яе і бацькі. Ідэя казкі ў тым, што трэба станавіцца дарослымі і адказваць за свае ўчынкі, і не толькі дзецям, але і іх бацькам.  


– А ты сам сябе праецыруеш на пэўнага героя?


– Я гэта яны ўсе. Я, мае знаёмыя і любы іншы, хто яшчэ не можа да канца сказаць, што ён дарослы чалавек, суровы і самадастатковы. У нас зараз шырока распаўсюдзілася так званая хваля інфантылізму. “Цуда-малпа”—гэта своеасаблівае іранічнае назіранне за сучасным інфантыльным грамадствам, асабліва маладым.  


– Чытка на фотастудыі—для шырокай публікі ці для “сваіх”?


– Кожны чалавек можа стаць “сваім”. Мы запрашаем шырокае кола розных людзей, гэта толькі пачатак, таму цікава, якая аудыторыя “выкрышталізуецца”.


– Акрамя “Цуда-малпы”, над чым яшчэ ты зараз працуеш?


– Я распачынаю чыткі на дзвюх базах—у фотастудыі Аляксандра Жарнасека на Ракаўскай 20, кв.8 і на малой сцэне Тэатра беларускай драматургіі (Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры). Зараз у планах—п’есы Францішка Аляхновіча. 25-га мая, напрыклад, я буду чытаць з адной выдатнай артысткай у тэатры п’есу Аляхновіча “Цені”, якая неўзабаве прагучыць і на фотастудыі. Для фотамайстэрні мы з Сашам Жарнасекам таксама запланавалі вечар аднаактных антырэлігійных агіт-жартаў. Я знайшоў часопіс “Маладняк” за 1924-1925 год, а там—дзве цудоўныя вясёлыя п’есы. Адна—пра п’янага, але разумнага дзяка, якога піянеры вырашылі перавыхаваць, апрануўшыся ў багоў і аб’явіўшы яму, што ён на тым свеце. Другая п’еса—“Чаму Янка пайшоў у камуну”, дзе ёсць цудоўны вобраз Бога, якому не ўдаецца залезці на неба, вельмі дынамічная сцэна бойкі Бога з Вучоным, арыгінальныя вобразы Трактара, Сукі і іншыя цікавыя рэчы.  


– Акрамя п’ес і музыкі, на што яшчэ можна падзівіцца ў фотастудыі?


– Мы будзем спалучаць чыткі п’ес з кінапаказамі розных нечаканых фільмаў, якія не заўсёды знойдзеш і ў нашых кінаманаў.  


– Які твой любімы музычны стыль?


– Мне падабаюцца самыя розныя музыкі і калектывы. Напрыклад, зараз мы с табою размаўляем пад амаль абстрактны джаз Кіта Джарэта. Я нядаўна адкрыў для сябе гэтага выдатнага піяніста. Слухаю і “Акіян Эльзы”, і “Сектар газа”, і творы Антоніо Сальеры, і арганныя творы як вядомых Баха, Пахельбеля і Букстэхудэ, так і невядомых арганістаў. Люблю і рок-музыку (“Led Zeppelin”, “Deep Purple”), але, безумоўна, самы лепшы музыка на ўсе часы – гэта Уладзімір Мулявін. Яго выдатныя рок-оперы, напрыклад, “Гусляр” і асабліва “Песня аб долі” для мяне ўвогуле на першым месцы.  


– Пытанне да цябе як да арганізатара: што рабіць, калі шматлікія недарэчнасці замінаюць пры правядзенні важнага мерапрыемства?


– У нейкай ступені бывае нават добра, калі ўсё супраць цябе, тады больш актывізуешся і можаш стварыць нечаканыя рэчы. Калі я рыхтаваў дыпломны спектакль, які быў разлічаны на 8 акцёраў, не атрымлівалася рэпетаваць, людзі не разумелі п’есу. Тады я пакінуў толькі гісторыю і на яе аснове за месяц да прэм’еры напісаў новую п’есу ўжо для дваіх акцёраў. Перарабіў усё цалкам, але не адступіўся. Можа, атрымалася нават і лепш.  


– Ты сам адначасова выконваеш шмат роляў—літаратурны рэдактар, рэжысёр, сцэнарыст, акцёр, музыкант, мастак. Якая з іх цябе больш за ўсё натхняе?


–  Самае галоўнае і цікавае для мяне—ставіць, паказваць, прадстаўляць невядомыя беларускія тэксты. Усё астатняе—дадатак. Не хапае часам артыста – магу сам прачытаць, няма мастака—сам намалюю. Усё гэта працуе на адну мэту.  


Гутарыла Юлія Новік.

Фота аўтара.

© сайт “Родныя вобразы”.


З.Ы. Ролікі “Цуда-малпа” і “Дрыгва” можна паглядзець на юцюбе:

http://www.youtube.com/watch?v=DJ38sCpxe98

http://www.youtube.com/watch?v=QM_54M5kZZ8

інтэрв'юер Юлія Новік

Дадаў PL 11.05.2010