Магутны Божа! Ўладар сусьветаў,
Вялізных сонцаў і сэрц малых,
Над Беларусяй ціхай і ветлай
Рассып праменьне Свае хвалы...
Натальля Арсеньнева
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
БЫЦЬ ШЧЫРЫМ – ГЭТА РАСКОША
     інтэрв'ю   Ларыса Сімаковіч   22 красавіка 2010 г.       

Ларыса Іванаўна Сімаковіч – незвычайны чалавек, з уласным шматгранным творчым мысленнем. У Год Шапэна ў Белдзяржфілармоніі выконваецца два яе прэм’ерных твора, але на гэтым творчы пошук кампазітара, балетмайстара, спявачкі, рэжысёра-пастаноўшчыка не заканчваецца.

19 красавіка на сцэне Малой залы імя Р. Шырмы ансамбль салістаў “Класік-Авангард” Белдзяржфілармоніі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава агучыў “Музычнае прынашэнне Шапэну” ад беларускіх кампазітараў. Сярод іх – Ларыса Сімаковіч з творам-прэм’ерай “Збалеламу паўстанню-1831”, які з’явіўся пад уражаннем ад штутгартцкага дзённіка Шапэна.

30 сакавіка ў Вялікай канцэртнай залі Белдзяржфілармоніі адбылася яшчэ адна прэм’ера твора Ларысы Сімаковіч – “Сярод зімы – абрыс Шапэна” – у выкананні Дзяржаўнага Камернага аркестра Беларусі і маладога саліста Дзяніса Кажухіна, пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Расіі Яўгена Бушкова. Спадар Бушкоў так выказаўся пра твор Ларысы Іванаўны: “Чым больш мы працавалі над беларускай п’есай, тым больш станавілася зразумелым, што гэта выключны твор у наш час. Мне гэта вядома як чалавеку, які ведае матэрыял і прысвяціў пэўны перыяд свайго жыцця знаёмству з такой музыкай”.


Ларыса Сімаковіч.


– Як з’явілася задума твора? Калі ён быў напісаны?


– Твор быў напісаны восенню 2009 года, за 10 дзён, ён прысвечаны Яўгену Бушкову.  


– Калі Вы слухалі канцэрт з залы, ці хацелася Вам нешта змяніць?


– Тое, што чуеш, і тое, што напісана, рэдка супадае па ўсіх параметрах адразу. Бездакорнасць – не частая з’ява ў гэтым свеце. Першае праслухванне твора для кожнага кампазітара – эмацыйнае выпрабаванне.  


– Ці задаволеныя Вы манерай выканання расійскага музыканта Дзяніса Кажухіна?


– Кажухін выдатны піянініст, і гэта не аспрэчваецца. Але гэтую музыку павінен выконваць не той, хто здзіўляецца свету, а той,  хто сам можа здзівіць.


– Якія задачы ў твора? У чым значэнне цытатаў Шапэна?


– Што датычыцца цэнтральнай цытаты Шапэна… Вартая ўвагі не сама цытата. Шапэн паўнавартасна існуе і без маёй музыкі. Варта ўвагі тое, што нарадзіла гэту музыку, адкуль прыйшла яна да Шапэна. Больш значна для мяне ў гэтай сітуацыі цытата эмоцыі, памежнага стану душэўнай аголенасці і ранімасці. Быць шчырым – гэта раскоша.Так было ва ўсе часы.  


– Вы кампазітар, але Вам удаецца асвойваць мноства іншых творчых роляў. У якой Вы б хацелі застацца?


– Калі б у мяне былі магчымасці, дакладней, пэўныя ўмовы па жыцці, я б “эмігравала” на планету пад назвай bellcanto…  


– Вы ўвесь час у пошуку новых жанраў, эксперыментаў. Гэта асабісты пошук ці выклік публіцы?


– Мне здаецца, што сапраўдны творца не кіруецца запытам. Яго гэта не асабліва цікавіць. Людзі заклапочаныя сваім жыццём, часам даволі сярэднім. Увесь гэты свет, космас створаны неверагодна цікава, і мы самі сябе абмяжоўваем нейкім утылітарным, зямным падыходам да свайго існавання. Але такое існаванне забяспечвае камфорт. З зоны камфорту не кожны выйдзе, бо адразу трапляеш у зону рызыкі, экстрыму. Але ж толькі ў зоне рызыкі і экстрыму магчыма трансфармацыя…  


– Але ў Вас, тым не менш, вельмі сучасны падыход – сінтэз мастацтваў, які зараз вельмі папулярны. Напрыклад, у музычна-пластычным спектаклі «Дзень Максіма Багдановіча», які Вы паставілі, спалучаюцца танец, аўтэнтыка, высокая паэзія і нават рэп- і рок-музыка.  


– Ёсць мноства шляхоў самых розных і непрадказальных, якія вядуць да ўзнікнення асобнага твора, спектакля… Але найцяжэй – шлях да стварэння зрабіць стварэннем, зрабіць так, каб твой шлях да стварэння стаў самым вартым творам твайго жыцця.  


– Ці знаёмае Вам адчуванне спустошанасці пасля рэалізацыі важных праектаў?


– Абавязкова. І заканамерна. Гэта і паказчык тваёй творчай сумленнасці… І кожная наступная вяршыня бярэцца цяжэй, бо кожная наступная – вышэй папярэдняй… Ёсць рэчы, якім навучыцца нельга. Кожны раз перад пачаткам новай работы ты – вучань. Стэрэатыпы не могуць стаць компасам. Кожная вяршыня – жывая матэрыя са сваімі законамі. І ўзыходзіш на яе, каб з яе вышыні ўбачыць наступную…  


– 23 чэрвеня чакаецца грандыёзны праект – Ноч музыкі ў Белдзяржфілармоніі, дзе ключавое дзейства – Ваш спектакль.


– Так, гэта будзе ліставанне паміж Жорж Санд і Шапэнам. Два персанажы, драматургія праз дыялогі, жывая музыка, мазуркі ў харэаграфічнай інтэрпрэтацыі. Чакаюцца ў госці замежныя музыканты. Напрыканцы ночы прагучыць “Калыханка Шапэну” – калектыўны твор кампазітараў і выканаўцаў. Запрашаем усіх жадаючых правесці цэлую ноч у Белдзяржфілармоніі, дзе музыка, харэаграфія і жывапіс розных краін аб’яднаюцца на беларускай тэрыторыі падчас незвычайнага фестывалю-эксперыменту.  


Гутарыла Юлія Новік.

Фота з асабістага архіву Ларысы Сімаковіч.

© сайт “Родныя вобразы”.

інтэрв'юер Юлія Новік

Дадаў PL 22.04.2010