Адзінай мэты не зракуся,
І сэрца мне не задрыжыць:
Як жыць – дык жыць для Беларусі,
А без яе – зусім не жыць.
Ларыса Геніюш
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
...ВЕЛЬМІ РАДЫ ТАМУ, ШТО ЎВА ЎСІМ СВЕЦЕ ЎЗНАЎЛЯЕЦЦА ЦІКАВАСЦЬ ДА МУЗЫКІ “БІТЛЗ”
     інтэрв'ю   Уладзімір Ткачэнка   22.II.2010.       

“Аднойчы, а можа двойчы...” – прыкладна так, знакамітай фразай з культавага бітлоўскага мульціка “Yellow Submarine”, можна было пачаць аповед пра гісторыю паўтарагадзіннай канцэртнай праграмы для сімфанічнага аркестра пад назвай “Легендарная музыка Бітлз”. Аўтарам праграмы з’яўляецца гітарыст і аранжыроўшчык Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі Уладзімір Ткачэнка.  

Гэты беларускі музыкант вядомы з сярэдзіны 70-х, як былы ўдзельнік ансамбля “Песняры”, пазней, у 80-х – як скрыпач і гітарыст групы Ігара Сафонава, выкладчык Менскага інстытута культуры. На сённяшні дзень Уладзімір, акрамя асноўнай працы ў аркестры – запатрабаваны музыка ў шматлікіх праектах сапраўды міжнароднага ўзроўню.


Злева направа: Тоні Шэрыдан, Уладзімір Ткачэнка, Віктар Малчанаў.


– Уладзімір, ці можна падрабязней распавесці аб гісторыі твора, заснаванага на музыцы “Бітлз”, які выклікаў такую вялікую цікавасць у менскай публікі?


– Гэта даволі доўгая гісторыя. Першае выкананне адбылося яшчэ у 1996 годзе з аркестрам пад кіраўніцтвам Міхаіла Якаўлевіча Фінберга. Так здарылася, што на гэтым канцэрце было абвешчана аб прысваенні мне звання Заслужанага артыста РБ. Дэбют музычнага твора супаў з іншай, такой вось знакавай падзеяй у маім жыцці.  

На падыходзе майго 50-годдзя, у 2003 годзе была падрыхтавана канцэртная праграма з двух аддзяленняў. У першым – сюіта на тэму музыкі “Песняроў”, а ў другім – той жа твор на бітлоўскія тэмы, які публічна быў выкананы другі раз.

Гэта музыка вельмі паўплывала на мяне. Але ж былі часы, калі лічылася, што спадчына легендарных музыкаў ужо не актуальна, што ўсё запісанае імі аджывае свой век. Я заўсёды даказваў, што гэта не так. І па-першае даказваў справай. Сёння ж вельмі рады таму, што ўва ўсім свеце ўзнаўляецца цікавасць да музыкі “Бітлз”. У маладога пакалення на новым узроўні адбываецца пераасмысленне творчасці гэтых музыкаў.

Я адчуваю сябе паўнавартасным удзельнікам гэтага працэсу. Аб чым сведчыць рэгулярны ўдзел у мінскіх фестывалях “Beatles Forever” (выступленне ў дуэце з Віктарам Малчанавым на чатырох з пяці фестываляў) і два інструментальных гітарных альбома з музыкай “Бітлз”, запісаных намі ў Санкт-Пецербургу.

Цяпер вось, у 2009 годзе, завершана праца над канчатковым варыянтам “сімфоніі “Бітлз”, як жартам я называю свой твор – ён павялічыўся да сапраўднага канцэртнага фармату, да двух аддзяленняў.


– Як усё ж правільна назваць Вашу працу, гэткі твор вялікай формы, з вызначанай тэматыкай, дзе скампіліравана музыка чатырох аўтараў?


– Адпаведна музычнай тэрміналогіі я б сказаў, што гэта фантазія. Фантазія на тэму музыкі “Бітлз”. Чаму я раней узгадаў слова “сімфонія”? Тут своеасаблівая сэнсавая гульня. Быццам бы твор ад саміх “Бітлз”. Гэткая зваротная сувязь з далёкімі шасцідзесятымі, калі гукарэжысёр і аранжыроўшчык Джорж Марцін падказаў маладым ліверпульскім музыкам, якіх ён курыраваў, увесці ў аранжыроўкі гучанне акадэмічных інструментаў. А зараз, з дваццаць першага стагоддзя, гучыць нібыта ў адказ, сімфанічы твор, дзе выкарыстоўваецца іхная музыка і ранняга, і позняга, і постбітлоўскага перыядаў.


– Дарэчы, у плане падбора музычных фрагментаў – пэўная эклектыка. Ці задумвалася першапачаткова ахопліваць нейкі акрэслены перыяд? Альбо задача стаяла больш глабальная?


– Аналіз аграмаднага музычнага матэрыялу ўдзельнікаў групы “Бітлз”, які зроблены мной, паказаў, что кампазіцыі розных перыядаў любога з аўтараў вельмі блізкія паміж сабой. Яны захоўваюць своеасаблівае стылістычнае адзінства. Акрамя гэтага музычнае мысленне саміх музыкаў у многім схожа. Што дазволіла мне арганічна спалучаць на фоне ленанаўскай “Imagine” – “Something” Харысана, а пазней падключаць “Hey Jude”. І спалучэнне гэта атрымліваецца, і самае галоўнае – гучыць.


– У Вашым творы адсутнічае асноўная тэма, правільна? Толькі па некалькі разоў прагучалі асобныя кавалкі, напрыклад “Yellow Submarine” ці “Imagine” на пачатку і ў канцы.


– Я ставіў іншую задачу. Мне хацелася ахапіць і паказаць увесь спектр бітлоўскай музыкі ў сімфанічным гучанні, а не акцэнтаваць увагу на некалькіх тэмах і развіваць варыяцыі на іх.


– У Вас гэта атрымалася ў пэўнай меры за конт тэхнічных і мастацкіх прыёмаў. Напрыклад арыгінальна і нязвыкла гучала партыя сітара ў Вашым выкананні ў адной з кампазіцый Джорджа Харысана. Ці ўзгадаць тую ж эфектную “гітарную дуэль” з Сяргеем Анцішыным. Акрамя таго, большасць музыкаў выканалі свае ўласныя соло. Як аранжыроўшчык Вы, напэўна, улічвалі шмат момантаў – і магчымасці аркестра, і індывідуальныя асаблівасці кожнага з салістаў?


– У першаю чаргу трэба адзначыць, што самі музыканты з вялікай цікавасцю паставіліся да гэтай працы. І духавая секцыя, і рытм-група мелі магчымасць “выказацца” належным чынам. А як прагучалі скрыпкі, гэта ўвогуле варта асобнай размовы!


– Вядома, што была дамова са здымачнай групай аб запісу усяго мерапрыемства на апошнім, трэццім па ліку выкананні фантазіі на тэму музыкі “Бітлз” у залі Белдзяржфілармоніі ў сакавіку 2009 года. Ці атрымалася гэтая задумка і дзе можна было б набыць запіс?


– Нажаль, запіс не адбыўся з прычыны немагчымасці дамовіцца з арганізатарамі канцэрта.  


– Ну, вось, яшчэ адзін шэдэўр айчыннай музычнай культуры застаўся ніяк не зафіксаваны. Проста дзіўна, як няўважліва і безыніцыятыўна людзі ставяцца да найлепшых твораў мастацтва сваёй краіны. Тут нават лепей сказаць да падзей міжнароднага ўзроўню. Дарэчы, яшчэ адна не радасная навіна гэтага году, звязаная з “Бітлз” – адмена фестывалю “Beatles Forever”. Здавалася б, адзін з найбуйнейшых беларускіх міжнародных фестываляў, у якога склаліся свае сталыя традыцыі – раптам не знаходзіць падтрымкі. Што Вы думаеце аб гэтым?


– Мне здаецца, што гэта звязана са складанай эканамічнай сітуацыяй. Хаця канцэрт самага цікавага, на мой погляд, калектыва з Англіі, усё ж плануецца. Але загадваць цяжка, як кажуць, час пакажа.


– На пачатку інтэрв’ю Вы ўзгадалі сумесную працу з Віктарам Малчанавым у дуэце “Double Fantasy”. Як узнікла ідэя вашага супрацоўніцтва?


– У сувязі з адкрыццём знакамітага “Beatles-Cafe” з’явілася неабходнасць стварэння “жывога” рэпертуара для удзелу ў мерапрыемствах, якія арганізоўваў у гэтай установе Віктар Маразевіч. У мяне былі падрыхтаваныя некаторыя кампазіцыі. Потым мы незапланавана сустрэліся з Віктарам Малчанавым, якога я ведаю вельмі даўно. Абмеркавалі нюансы і дарабілі праграму. Яна вельмі спадабалася нашай публіцы. А бітламаны з санкт-Пецербургу ўразіліся настолькі, што дапамаглі нам запісаць цэлых два альбома.


– Вядома, што Уладзімір Мулявін у кнізе “Нота судьбы” сярод нешматлікіх іншых, назваў прозвішчы Ткачэнкі і Малчанава, як музыкаў, якія маюць права называцца сапраўднымі “песнярамі”.


– Што сказаць, для нас гэта вельмі высокая адзнака.


– Якія важныя падзеі адбыліся у вас за апошні час? Якія планы?


– У планах скончыць запіс альбома прысвечаны памяці Чэслава Немена, праца над якім, нажаль, спынілася на нейкі час. Гэта частка вялікага праекту, які ўключае ў сябе адкрыццё музея Немена ў Гродна, выпуск дыска і ў Беларусі, і ў Польшчы. У запісу бяруць удзел вядомыя нашы выканаўцы, да прыкладу Пётр Ялфімаў, Валерый Дайнэка.

Яшчэ у нас з Віктарам Малчанавым не так даўно адбылося выступленне у Санкт-Пецербургу. У клубе Jagger мы адыгралі канцэрт з Тоні Шэрыданам, легендарным англійскім выканаўцам, з якім “Бітлз” запісалі першую пласцінку ў сваёй біяграфіі.

У мінулым годзе мы падаравалі Шэрыдану свой дыск. Усю зіму ён думаў, і раптам, нечакана, праз нашых піцерскіх сяброў, мы атрымалі ад яго прапанову запісать сумесны альбом.


Падчас рэпетыцый з Тоні Шэрыданам.


Канцэрт у піцерскім клубе “Jagger”.


– Наколькі вядома, гэта не першы замежны выканаўца, хто быў уражаны майстэрствам вашага дуэту. Музыкі вядомага англійскага гурта Electric Light Orchestra, калі пачулі вашае выступленне, тут жа прапанавалі паехаць з імі ў турнэ.


– Гэта, скажам так, было хутчэй прыватнае запрашэнне. Дзякуй, зразумела, за тое, што англічане так падтрымалі і пайшлі насустрач. Яны, дарэчы, усе вялікія фанаты “Бітлз”. Але размова тут не ішла аб кантракце. Гэта быў іхны эмацыйны, так бы мовіць, сяброўскі парыў.  


– Хочацца пажадаць Вам як мага болей такіх момантаў, калі нават суперпрафесійныя музыканты, пачуўшы Ваша выкананне, не могуць стрымаць свае эмоцыі! Удачы і ўсяго найлепшага Вам ў жыцці і творчасці!


Гутарыў Юры Несцярэнка.

Фота з асабістага архіву Уладзімера Ткачэнкі.

© сайт «Родныя вобразы».

інтэрв'юер Юры Несьцярэнка

Дадаў PL 22.02.2010