Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Колькі ў хмарках залётных агня.
Максім Багдановіч
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Я ЗА ТОЕ, КАБ МЯККІ ЗНАК У БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ ЗАСТАЎСЯ...
     інтэрв'ю   Натальля Арсеньнева   1994       

Перад тым як наведаць Натальлю Арсеньневу, мне вельмі хацелася завітаць у кліўлендскі «Полацак». I я паехаў па самым доўгім шляху – празь Нью-Джэрсі, Пэнсільванію, Агаё... Калі да Рочэстэра, дзе жыве паэтка, заставалася некалькі гадзін язды, паваліў страшэнны сьнег, разгулялася першая зімовая завіруха. Нічога не заставалася, як перачакаць нягоду ва ўтульнай хаце Кастуся Калошы і Сяргея Карніловіча. За вакном – непраглядная сьнежная завея, зусім такая, як і ў Пранчаках... Ад гэтага падабенства шчымела сэрца... Было сьветла і сумна. З такім настроем я патэлефанаваў у Рочэстэр, каб папярэдзіць спадарыню Натальлю, што наша сустрэча адкладваецца...

Трубку зьняла сама гаспадыня:


– Шкада, што не прыедзеце, хацела ўбачыцца з Вамі і адказаць на Вашы пытаньні. Але ж завіруха ня можа перашкодзіць нашай размове. У апошні час у мяне бывае шмат гасьцей. I зь Беларусі, і тутэйшых беларусаў. Вяду вялікае ліставаньне, крыху пішу...


– Сёньня раніцай я быў у царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Кліўлендзе. Служба закончылася сьпяваньнем Вашай малітвы.


– У нас заўсёды так. Кожная служба на эміграцыі так заканчваецца – і ў праваслаўных, і ў каталікоў.


– На Беларусі яе называюць «Магутны Божа».


– Так? Сапраўдная назва гэтага верша «Малітва». Пад гэтым тытулам ён надрукаваны і ў маім зборніку.


– Вы яго напісалі ў эміграцыі?


– Не, у Менску ў 1943 годзе. Калі стварылася Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, да мяне зьвярнуўся архіепіскап Філафей з просьбай напісаць верш, які б мог стаць бела рускай малітвай. Я напісала верш, які пачынаўся словамі: «Магутны Божа, уладар Сусьветаў...» Але Сінод не зацьвердзіў іх у якасьці малітвы.


– Чаму?


– Сказалі, што верш замала рэлігійны і зашмат палітычны, занадта беларускі. У кіраўніцтве Беларускай Аўтакефальнай Царквы тады было толькі некалькі беларусаў. Астатнія – расейцы. Ім малітва і не спадабалася.


– Цікава, а калі Мікола Равенскі паклаў яе на музыку?


– Тады ж.


– Цяпер на Беларусі гэты твор разглядаюць як адзін з варыянтаў дзяржаўнага гімна, Вы ведаеце пра гэта?


– Я чула. Але ня ведаю, што там вырашылі. Да мяне даходзілі чуткі, што пры абмеркаваньні «Малітвы» некаторыя дзеячы закідаюць, што яна надта рэлігійная і мала палітычная. Усё наадварот, як у 43-м годзе.


– Спадарыня Натальля, акрамя «Малітвы» шмат Вашых вершаў сталі песьнямі...


– Так. Я шмат працавала калісьці ў гэтым напрамку. Любіла пісаць рамансы, лібрэта, нават тэксты на гатовую музыку. Найболей песьняў на мае словы стварылі Мікола Равенскі, Мікола Куліковіч, Эльза Зубковіч. Беларуская мова вельмі песенная, музычная, напеўная.


– Цяпер на Беларусі вядуцца дыскусіі наконт нормаў правапісу. Якім правапісам карыстаецеся Вы?


– Старым. Тым, якому навучыліся яшчэ ў Віленскай Гімназіі. Я за тое, каб мяккі знак у беларускай мове застаўся. Гэта недапушчальна, калі ў адной мове паралельна існуюць дзьве школы правапісу. Павінна застацца адна. Тая, якая найбольш поўна і дакладна перадае беларускасьць нашае мовы...


– Ці ўзьнікала калі-небудзь думка пачаць пісаць па-ангельску?


– Ніколі. Не было такой духовай патрэбы.


– Думаць па-беларуску ў чужым асяроддзі, напэўна, нялёгка?


– А ў мяне не было чужога асяроддзя. Я жыла сярод беларусаў. Беларускае асяроддзе заўсёды было ў нашай сям’і.


– Амэрыканцы не перакладалі Вас?


– Здаецца, не. Хіба што я ня ведаю.


– Затое апошнія два-тры гады Вы шмат друкуецеся на Бацькаўшчыне. Гэта прыемна?


– Гэта добра. Але гэта не я друкуюся, а мяне друкуюць.


– Што б Вам хацелася, каб там выйшла ў першую чаргу?


– Усё, што варта ўвагі чытача. У Менску выйшла анталёгія «Сум па Радзіме». Там шмат маіх вершаў, узятых з ранейшых выданьняў. Гэта, можа, пакуль што найбольш поўная мая публікацыя. Але ў той анталёгіі вельмі дзіўны падбор вершаў і аўтараў...


– Спадарыпя Натальля, каго, на Вашую думку, з эмігранцкіх паэтаў і пісьменьнікаў пакуль зусім ня ведаюць на Беларусі?


– Мне цяжка адказаць на гэтае пытаньне. На маю думку, лепшы паэт беларускага замежжа – Алесь Салавей. Вельмі шкада, што ён ужо навечна адышоў ад нас. Больш тонкага лірыка, чым Алесь Салавей, у беларускай паэзіі няма. Хіба што Максім Багдановіч. Некалі я была ў захапленьні ад творчасьці маладога паэта Лявона Случаніна. Ён прыехаў у 1944 годзе на эміграцыю і недзе прапаў...


– Ён жыве ў Беларусі, у Салігорскім раёне, здаецца...


– Што Вы кажаце? Дык ён жывы!


– Так!


– Вельмі прыемна. Я шкадавала, што ён згубіўся, і думала, што ён загінуў. Перадайце яму прывітаньне і мае самыя найлепшыя пажаданьні.


– Спадарыня Натальля, ці былі часы, калі Вы не пісалі зусім?


– Я пісала заўсёды.


– Вам як паэтцы патрэбен чытач?


– Так, і ён у мяне быў. У першую чаргу беларуская палітычная эміграцыя. Я духова надтрымлівала яе на чужыне.


– А масавы чытач, калі так можна казаць, – на Бацькаўшчыне?


– У 50–80-х гадох гэта было немагчыма, і я да гэтага не імкнулася. Я проста пісала.


– Паэзія была для Вас заробкам?


– Ніколі! За свае вершы ў Амэрыцы я не атрымала ні цэнта. Калі выходзіў мой зборнік «Між берагамі», я сама дала на яго выданьне тысячу даляраў.


– У Беларусі Вашыя вершы вельмі папулярныя. Іх чытаюць, імі захапляюцца. Вы чакалі, что калісьці так будзе?


– Ведаеце, я ніколі не цаніла таго, што пісала, не прыдавала сваёй паэзіі ніякага значэньня, пакуль ня выйшла кніга «Між берагамі». Я перачытала свае вершы, і мне ўпершыню здалося, што яны нечага варты.


– Ці ўдаецца чытаць што-небудзь з сучаснай беларускай паэзіі?


– Цяпер чытаю шмат. Прысылаюць па пошце, перадаюць праз знаёмых. Чытаю з задавальненьнем.


– 50 гадоў мінула, як Вы пакінулі Беларусь. Сумуеце?


– Сумую. Але ня так, як раней. Я ніколі не спадзявалася, што расстаньне будзе цягнуцца так доўга...


– Ніколі не зьбіраліся ў Менск?


– Ня думаю, што ў маім веку мне ўдасца трапіць на Беларусь. Але паглядзім, што там будзе далей...


– Спадарыня Натальля, мне прыемна было пагутарыць з Вамі. Шкадую, што ня вочы ў вочы...


– У нас атрымалася вуха ў вуха. Тым ня менш, мне таксама спадабалася наша размова. Усяго Вам добрага. Будзеце ў Менску, – перадавайце прывітаньне ўсім, хто варты, каб ім перадаць прывітаньне.


Гутарыў Леанід Пранчак.

Друкуецца паводле кнігі Леаніда Пранчака, «Беларуская Амерыка» (Менск, 1994).


Дадаў PL 12.02.2010