Магутны Божа! Ўладар сусьветаў,
Вялізных сонцаў і сэрц малых,
Над Беларусяй ціхай і ветлай
Рассып праменьне Свае хвалы...
Натальля Арсеньнева
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
ДОБРА, ШТО З'ЯЎЛЯЮЦЦА НОВЫЯ АЎТАРЫ, ЯКІЯ НЕ БАЯЦЦА ЭКСПЭРЫМЭНТАВАЦЬ
     інтэрв'ю   Віктар Шніп   14.X.2009.       

Віктар Шніп – беларускі паэт. Сёньня ён з'яўляецца галоўным рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура". Ён на ўласным вопыце пераканаўся, што выдаваць творы іншых аўтараў можа толькі той, хто піша сам. Размову зь Віктарам Анатольевічам мы пачалі зь сёньняшняй беларускай літаратуры ўвогуле.  



– Віктар Анатольевіч, ці ёсьць мэйнстрым у сучаснай беларускай літаратуры?


– У нас зараз плённа працуюць тры асобныя плыні літаратараў: старэйшае пакаленьне, сярэдняе і моладзь. Тыя пісьменьнікі, якія жылі пры Савецкім Саюзе, да саракагоддзя выдавалі аднатомнік выбранага, да пяцідзесяцігоддзя – двухтомнік. На сёньня яны, можа, і пакрыўджана глядзяць на гэты сьвет, бо зараз цяжка выдаць кніжку, даводзіцца і за свой кошт. І народныя пісьменьнікі, і многія лаўрэаты дзяржаўных прэмій сёньня нават да сваіх юбілеяў нічога не маюць. Гэта пра старэйшае пакаленьне.

Сярэдняя плынь – гэта маё пакаленьне. Калі мы былі маладыя і глядзелі на старэйшых, прыкідвалі: "Будзе мне 40 гадоў – выйдзе добры том, у 50 будзе два..." На жаль, так не адбылося, і многія мае аднагодкі маюць на сёньня па тры-чатыры кніжкі максімум. Узяць Андрэя Федарэнку, Алеся Наварыча, Барыса Пятровіча, Алеся Аркуша, Алега Мінкіна... Уладзімер Сьцяпан актыўна друкуецца ў часопісах, але кніжак мала мае.


– Чаму так адбываецца?


– У той багаты цягнік, які ішоў, мы не пасьпелі, а той, у якім павінны былі камфортна ехаць, не стварылі. Час вырашае за нас. У 1990-м мне было 30 гадоў. Анатолю Сысу ў 1989-м было 30. Магчыма, і ён па-іншаму жыў бы, калі б Саюз не разваліўся. Я не кажу, што гэта вялікая бяда. Гэта добра, што Беларусь стала незалежнай краінай. Але многія тады разгубіліся і выпалі з цягнікоў.  

Трэцяе пакаленьне – маладзейшыя, – каму ад 20 да 35: Андрэй Хадановіч, Глеб Лабадзенка, Сяргей Балахонаў, Марыйка Мартысевіч і іншыя. Яны ўжо ў выдавецтва "Мастацкая літаратура" не ідуць. Спакойна выдаюць свае кніжкі ў "Галіяфах", у Логвінава і іншых. Дзякуй Богу, што ёсьць гэтыя выдавецтвы. У нас, у "Мастацкай літаратуры", вельмі вялікія патрабаваньні. Мы мераем той меркай, якой у свой час мералі Мележа, Шамякіна, Караткевіча. Маладыя, зразумела, пад гэтую мерку падыдуць не ўсе, бо іх літаратура больш разьняволеная, больш экспэрымэнтальная. Але гэта ня сьведчыць пра тое, што яна нам чужая.

І, на жаль, кола аўтараў, якія прыходзяць у выдавецтва, зьмяншаецца. А калі павялічваецца, то за кошт тых, хто раптам пачаў пісаць у 50-60 гадоў.


– Як вы адбіраеце тых, каго друкаваць, каго – не?


– Мы пісьменьнікаў не выбіраем. Сёньня, напісаўшы твор, напачатку сам пісьменьнік выбірае, дзе будзе выдаваць кніжку. А прыйшоўшы да нас у выдавецтва, ён павінен забыцца пра свае ранейшыя заслугі, бо мы паблажак нікому не даём: ні маладым, ні лаўрэатам. Для нас усе роўныя, бо галоўнае – якасьць мастацкага твора. З радасьцю прымаем тыя творы, якія ўжо друкаваліся ў часопісах "Маладосць" , "Полымя" і іншых выданьнях, што маюць аўтарытэт. У нас ёсьць сэрыя "Вера, надзея, любоў". Тры кніжкі выйшла. Праз іх прайшло каля 50 аўтараў. У кожнага свой стыль і сваё каханьне. Зараз я зьбіраю чацьвёртую кнігу і прапаную маладзейшым даць свае творы.

Шкада, што моладзь, апошнім часам, не сьпяшаецца ісьці да нас. Відаць, ведае, што ў большасьці мы друкуем тыя творы, якія стануць хрэстаматыйнымі. А экспэрымэнтальныя творы ніколі не стануць хрэстаматыйнымі. Усе пісьменьнікі напачатку экспэрымэнтуюць, а пасьля прыходзяць да выпрабаваных клясічных нормаў.


– Назавіце некалькі прозьвішчаў сучасьнікаў, якія вартыя выдавацца ў "Мастацкай літаратуры".


– Са старэйшай плыні літаратараў кожны можа друкавацца. І з майго пакаленьня амаль у кожнага такія творы ёсьць. А маладыя яшчэ экспэрымэнтуюць. Але і яны выходзяць, калі не асобнымі кніжкамі, дык у зборніках. Вось мы зараз рыхтуем да выданьня дзіцячую кніжку Веры Бурлак. У нас выйшлі першыя кніжкі Зьміцера Вішнёва, Югасі Каляды, Алены Брава, Аксаны Спрынчан, Усевалада Гарачкі, Рагнеда Малахоўскага, Натальлі Кучмель, Зьміцера Арцюха. Добра, што з'яўляюцца новыя аўтары, якія не баяцца экспэрымэнтаваць. Я сам экспэрымэнтую, нешта мяняю, шукаю. Нельга стаяць на адным мейсцы і сёньня пісаць так, як пісаў учора.

Праца выдавецтва залежыць ад "Перспэктыўнага пляна", які кожны год мы складаем і рассылаем па бібліятэчных і кнігагандлёвых арганізацыях. У гэты план трапляюць тыя аўтары, чые кніжкі мы зьбіраемся выдаць. У нашым пляне на наступны год каля 160 назваў. Выдадзім недзе толькі палову: грошай на ўсіх не хопіць. Якія рукапісы набяруць больш тыражу па бібліятэках, тыя і выйдуць. Выключэньне робім толькі для сэрыі "Жыцьцё знакамітых людзей Беларусі" (ЖЗЛБ), але і ў тым выпадку, калі ведаем, што хоць выданьне на сёньняшні дзень не набрала патрэбны тыраж, але яно будзе запатрабаванае заўтра.


– Ці ёсьць у Беларусі добры сучасны дэтэктыў?


– У нас ёсьць серыя "Сучасны беларускі дэтэктыў". Мы адкрывалі яе "Каронай Вітаўта", дзе было зьмешчана каля дваццаці аўтараў, сярод якіх Адам Глобус, Уладзімер Сіўчыкаў, Віктар Праўдзін, Людміла Рублеўская, Міраслаў Шайбак. Потым у гэтай сэрыі выйшлі асобныя кнігі Людмілы Рублеўскай, Віктара Праўдзіна, Сяргея Трахімёнка і Леаніда Маракова.


– Ці друкуе "Мастацкая літаратура" зараз замежных аўтараў?


– У нас ёсьць сэрыя "Скарбы сусьветнай літаратуры". Выдаём недзе па адной кніжцы ў год. Цяпер падрыхтаваныя да друку гістарычныя аповесьці паляка Крашэўскага ў перакладзе Міхася Кенькі. Стараемся друкаваць невядомыя творы, якія яшчэ не выходзілі на рускай мове. Хаця і самі выдаём 5% літаратуры на рускай. Гэта больш рускамоўныя паэты, крыху ёсьць і прозы. Да нас нярэдка зьвяртаюцца аўтары з Расеі, але, на жаль, такія, якіх не хочуць друкаваць ні ў Маскве, ні ў расейскіх абласных цэнтрах. Зразумела, і мы іх не друкуем.

На сёньня палова нашых выданьняў адрасаваная дзецям. Багата ілюстраваных кніжак з прыгожым афармленьнем. У год выходзіць прыкладна 40 назваў для дзяцей. Ды мы цяпер не адны выдаём. Холдынг "ЛіМ" шмат выдае такой літаратуры.


– Не баіцеся канкурэнцыі?


– Нас гэта прымушае больш фантазіраваць, шукаць. Але часам перамаўляемся з "ЛіМам", каб не перабегчы ім дарогу. Часам, калі прыдумаем нешта новае, выдаём у тайне, каб не перахапілі. Гэта добрая канкурэнцыя. Яна спрыяе развіццю і стымулюе.


– Што цяпер рыхтуецца да друку?


– У сэрыі "ЖЗЛБ" рыхтуецца (спадзяюся, выйдзе ў першым паўгоддзі наступнага года) кніжка пра жыцьцё і творчы шлях Івана Шамякіна. Рыхтуюцца выданьні і пра Аркадзя Куляшова, Максіма Багдановіча. Празь месяц выйдзе кніжка пра Янку Купалу "Купалаў вянок". Яе напісаў Уладзімер Ліпскі. Мікола Маляўка, які працуе ў часопісе "Вясёлка", зараз піша і друкуе там разьдзелы з будучай кнігі пра Якуба Коласа.

Ёсьць у нас сэрыя "Казкі ХХІ стагоддзя". Распачалі яе ў мінулым годзе, бо многія пісьменьнікі пачалі пісаць казкі, а мы прывыклі чытаць толькі народныя. Гэтыя кнігі карыстаюцца попытам.

Да канца года выйдзе кніжка з новай сэрыі "Беларусь музычная" пра кампазытара Яўгена Глебава. Кнігу рыхтавала і пісала яго жонка. Думаю, сэрыя працягнецца. Карыстаюцца попытам серыі "ЖЗЛБ", "Мастакі Беларусі" і "Нашы Гэроі".


– А ці ёсьць каму пісаць такія сэрыі?


– Вось толькі і бяда, што няма. Зьвярталіся да нас і Аляксандар Ціхановіч, і Васіль Раінчык, і Ігар Лучанок: "Выдайце пра мяне кнігу"? – "Выдадзім, вы толькі знайдзіце таго, хто яе напіша". Калі выдавалі кніжку пра Міхаіла Фінбэрга, цяжка было зьбіраць матэрыял. І ўсё ж сабралі!

У сэрыі "Нашы гэроі" выйшла кніжка пра генэральнага канструктара МАЗа Міхаіла Высоцкага. Яму зараз за 80 гадоў. Такія кніжкі – гэта летапіс нашае краіны. Некалі па іх будуць вывучаць гісторыю.


– Нядаўна вы выдалі "Мінск: падарожжа па горадзе".


– Гэта такая гульня. Наша супрацоўніца падобную набыла ў Чэхіі. Мы ўбачылі і вырашылі выдаць такую ж. Гульня дапамагае дзецям вывучаць славутыя мясьціны, помнікі горада. Там напісана, дзе знаходзіцца манумэнт, каму пастаўлены, чым гэрой праславіўся, што напісаў, расказваецца, чаму так называюцца плошчы, у гонар каго названыя вуліцы...


– Вы планавалі выдаць такія ж гульні, прысвечаныя Гродну і Барысаву. Атрымалася?


– З-за гэтага сусьветнага фінансавага крызісу крыху затрымаліся. Але аўтары працуюць над гэтымі кніжкамі. Мы самі іх заказвалі. Зараз яшчэ заказалі лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Алесю Марціновічу кнігу "Гэрб, сьцяг і гімн Беларускай Дзяржавы". Мы выдавалі такую кніжку для дзяцей. Яна карысталася попытам. Цяпер хочам выдаць для дарослых: турысты цікавяцца.


– У вас была практыка выданьня літаратуры на дысках. Яна працягваецца?


– Гэта мы рабілі не для шырокага кола чытачоў, а для школ. Выйшлі тры дыскі. Яны былі і гукавыя, і візуальныя. Першы быў зь вершамі Караткевіча. Там і яго голас гучаў, песьні, інтэрв'ю. Пасьля выдалі электронную кнігу пра Якуба Коласа і дыск па сучасным беларускім мастацтве. Зь яго можна карціны на ўроках паказваць на экране. Але наша галоўная задача – выдаваць кніжкі на паперы.


– Адна мая знаёмая дзяўчына-бард на пытаньне "Ці не плануеш выдаць свае вершы?" адказвае: "А навошта?". Што б вы ёй адказалі?


– Выдаваць, каб падзяліцца. Пісаць для сябе – гэта што запасы на зіму рабіць. Нарыхтаваў яблыкаў і бульбы – і сам з'еў. А надрукаваныя творы – гэта тая садавіна, тыя кветкі, якія ты аддаеш. Трэба дзяліцца. Тады ты адчуваеш сябе больш патрэбным. Няхай і не ўсе прымаюць, але ёсьць людзі, якія цікавяцца, якія чакаюць тваіх новых твораў. Мне часам нечакана прыходзяць лісты ад удзячных чытачоў. А здавалася б, зараз ужо лісты не пішуць. Творчасьць патрэбна не толькі таму, хто ёй жыве. У першую чаргу – таму, хто чытае. Яна дапамагае людзям.


Гутарыла Тацьцяна Салдаценка.

http://www.zviazda.by/ru/pril/article.php?id=45171

Фота з сайта http://rubleuskaja.livejournal.com/


Дадаў PL 15.12.2009