Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я...
Якуб Колас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Я ПІШУ ВЫКЛЮЧНА ПА-БЕЛАРУСКУ...
     інтэрв'ю   Джэці   11.VII.2008.       

У продажы зьявілася паэтычная аўдыёкніга “PHANTOM”. На вокладцы аўтарам пазначаная Джэці, а выдаўцамі – газэта “Наша Ніва” і Радыё Свабода. Значная частка зьмешчаных на дыску вершаў сапраўды прагучала на хвалях нашага радыё ў праекце “Начная чытанка”. Іх пад імем Джэці чытала маладая паэтка Вера Бурлак, якая пад гэтым імем пару месяцаў таму выдала супольную зь Віктарам Жыбулем кнігу “Забі ў сабе Сакрата”. Пра свае творчыя іпастасі маладая паэтка расказала Валянціне Аксак.

  


– Пачыналі вы як Вера Бурлак. А потым сталі Джэці. Адкуль такі псэўданім?

  

– Усё жыцьцё я гуляюся ў нейкія хованкі сама з сабою, бо так у мяне атрымалася, што асобу творчую і асобу жыцьцёвую не атрымліваецца сумяшчаць. Джэці зьявілася, калі ў мяне не было іншага імя акрамя Веры Бурлак. Але потым я пайшла на хітрыкі: я ўзяла прозьвішча мужа і таму цяпер спакойна дзейнічаю ў нятворчым ці амаль нятворчым жыцьці пад пашпартным імем, а вершы друкую пад тым імем, якое пасьля замуства стала маім псэўданімам, – Вера Бурлак. Але Джэці ня можа так проста зьнікнуць, бо гэта нейкая іншая субстанцыя цяпер, чым Вера Бурлак. Мабыць, Вера Бурлак больш сур’ёзная. Яна хуліганіць, але ціха. А Джэці – гэта тая асоба, якая хуліганіць гучна. І таму вершы на дыску гучаць гучна – голасам Джэці.

  

– Сапраўды, складана ўявіць, каб вы чыталі свае вершы ціха. Усюды са сцэны ваш выступ – гэта цэлая тэатралізаваная дзея. А вам не хацелася пайсьці не ў паэты, а ў артысты?

  

– У пэўным сэнсе я нават гэта зрабіла. Я ўвесь час удзельнічаю ў нейкіх пастаноўках. Цяпер гэта нават два калектывы. Была пастаноўка п’есы Ільлі Зданевіча “Янка Крулянбанскі”, дзе я грала галоўнага героя. І быў спэктакль паводле Янкі Маўра “Падарожжа ў пекла”, у якім я зноў жа грала Янку. Гэта хлопчык піянэр Янка Гуж і заадно Юрка Пыж. Гэтая дзейнасьць працягваецца, бо тэатар “Цуд”, які стыхійна ўтварыўся з трох актораў і аднаго рэжысэра, працягвае ставіць спэктаклі, і ўвосень мы зноў іх будзем паказваць. Акрамя мяне ў гэтым тэатры граюць Віктар Жыбуль і Ягор Бабій, а наш рэжысэр – Мюр Фарыдовіч.

  

– Наведнікі паэтычных імпрэзаў не маглі не заўважыць, што ў вашай асобе на сцэне зьявіўся яшчэ і музыка.

  

– Ёсьць такое. Я скончыла музычную школу, і калі была падлеткам, то ўсе думалі, што я стану музыкам. Але тут усё вырашыў выпадак. У дзевятай клясе я выйграла алімпіяду па расейскай мове і таму ў ліцэй БДУ магла паступіць безь іспытаў, а ў музычную вучэльню трэба было іх здаваць, што рабіць мне было лянотна.

  

– Скажыце, як у такой гарэзьлівай асобе ўжываецца яшчэ і ўнівэрсытэцкі выкладчык і навукоўца?

  

– Напэўна, асоба даволі шырокая (сьмяецца). Адных свавольстваў ёй мала. Хочацца яшчэ і глыбіні, а якраз гэты занятак дае выйсьце ў нейкія інтэлектуальныя гульні і ня толькі гульні. Насамрэч у дасьледчыцкай дзейнасьці і нават у выкладаньні ў мяне ўсё вельмі сур’ёзна.

  

– Вы скончылі расейскае аддзяленьне філфаку БДУ, выкладаеце расейскую літаратуру, а па нацыянальнасьці вы – украінка, нарадзіліся ў Кіеве, а вось жа пішаце беларускія вершы. Якая культура здабыла ў вашай асобе, а якая страціла?

  

– Напэўна, усё ж база ў мяне расейская. Я жыла ў дзяцінстве ва Ўкраіне, чула ўкраінскую мову часта, размаўляла па-расейску. А потым у мяне проста зьявілася вялізнае каханьне да беларускага хлопца. У нас быў пэрыяд, калі мы зь ім размаўлялі па-расейску, быў пэрыяд, калі мы размаўлялі на дзьвюх мовах, але гэта нам было цяжка, і потым я перайшла на беларускую мову. Мне гэта спадабалася. Цяпер я пішу выключна па-беларуску мастацкія творы, тут для мяне дзьвюх моваў існаваць ня можа. Мова твораў адна.

  

– А якія тэмы дасьледуе Вера Жыбуль? Так завуць выкладчыка і дасьледчыка ў вашай асобе?

  

– Так. Дысэртацыя ў мяне была прысьвечаная расейскай дзіцячай літаратуры срэбнага веку, а цяпер я пераключылася на ўзаемадачыненьні беларускай і расейскай літаратур, у прыватнасьці, на пераклады. У дваццатыя-трыццатыя і пяцідзесятыя гады рабілася шмат перакладаў з расейскай літаратуры, і мне шкада, што тыя зь беларусаў, якія сьвядома хочуць выхоўваць дзяцей па-беларуску, і ня хочуць уключаць ва ўжытак расейскамоўную дзіцячую клясыку, губляюць цэлую бібліятэку выдатных дзіцячых твораў таго ж Чукоўскага, Маршака, Маякоўскага і іншых. Пераклады зь іх ёсьць, і яны маглі б у адрэдагаваным выглядзе выдавацца цяпер, маглі б стаць базай для далейшых перакладаў. Бо, напрыклад, па-украінску ёсьць уся сусьветная дзіцячая літаратура. Цяпер ёсьць да гэтага тэндэнцыя і ў нас, зьяўляюцца творы Астрыд Ліндгрэн па-беларуску, іншых аўтараў. Гэта пачатак вялікага шляху, і мне б хацелася падштурхнуць гэтае разьвіцьцё.

  

– Ці пішаце вы вершы для свайго сына і ўсіх беларускіх дзетак?

  

– Пішу:

  

         – Голуб, голуб, галубок,

         У які бяжыш ты бок?

         – Я бягу хутчэй да ежы,

         Ад яе жыцьцё залежыць.     


Гутрыў Міхась Скобла.

http://www.svaboda.org/content/Transcript/1183213.html


Дадаў PL 15.12.2009