Зьмяніць кірунак, здрадзіць Краю
Суровы лёс ня змусіць нас,
Мы будзем роднай Беларусі
Сынамі вернымі ўвесь час.
Янка Золак
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
НАЙБОЛЬШ ВАРТАСНЫЯ МАЕ ТВОРЫ – ГЭТА ТВОРЫ ВАЕННАГА ЧАСУ
     інтэрв'ю   Натальля Арсеньнева   30.I.1994.       

– Паважаная спадарыня Натальля, напачатку дазвольце павіншаваць Вас ад імя чытачоў і сяброў рэдакцыі «Нівы» з Вашым юбілеем. Жыцьцёвы лёс закінуў быў Вас на нейкі час і ў наш Беласток.


– Так, у 1941 годзе, пасьля таго, як вызвалілі мяне з Казахстана, працавала я два месяцы ў абласной газэце ў Беластоку, але ейнага загалоўка не памятаю. У Беластоку жыў тады і Танк, аднак у газэце ён рэдка бываў, бо ўвесь час раз’язджаў, займаўся арганізацыйнай дзейнасьцю.

Аж тут пачалася новая вайна, бальшавікі ўцякалі, наступалі немцы. Я прайшла тады пехатою зь Беластока на Валожыншчыну, скуль паходзіў мой нябожчык муж (гэта каля 400 кілямэтраў). Нагледзелася я тады на розныя жахі – тысячы людзей у дарозе, бомбы, выбухі, сьмерць... Я ўжо не магла пісаць так, як раней:


         Нібы жоўтая восень, стаю над жыцьцём

         І гляджу на яго, хоць навокал – змаганьне.

         Мае вершы – над сонным балотам трысьцё,

         Й мгла сівая асеньняга раньня...

                        («Маладым паэтам», 1936, Равіч)


Бо ж сапраўды, я раней сапраўднага жыцьця не ведала. Жыла ў параўнаўча добрых умовах, мела мужа, двое дзяцей, ніколі раней не была ні галоднай, ні бяздомнай. А тут давялося сустрэцца з такімі жахамі! Мне сярод натоўпаў уцекачоў здавалася, што засталася я адна-адзінюткая, бездапаможная ў сьвеце. I неяк згінуў тады ўвесь страх, спатканьня твар у твар з вайною я ўжо не баялася. Таму ў адным зь вершаў я пісала:


         Лёс мне казаў сяньня быць амазонкай,

         Меч даў у рукі, а сэрцу адвагу...  

                        («Сьмела, наперад», 1944, Менск)


– Але якраз у Вашай творчасьці амаль адсутнічаюць апісаньні асабістых, выключна вашых перажываньняў.


– Я ніколі не лічыла сябе нечым выключным. I ў той цяжкі час я была часьцінкай народа, я цярпела не болей, чымсьці тысячы іншых людзей. Таму я, лічу, не магла замкнуцца толькі ў сабе і пісаць адно пра асабістае.

Думаю, што ўсе мы тады адчувалі супольнасьць справы. Гляньце на нас, тых, што апынуліся ў Амэрыцы, на эміграцыі. Якім бы цяжкім ні было жыцьцё пры немцах, мы і ў тагачасных умовах стараліся зрабіць як найбольш. Мы змагаліся за адчыненьне беларускіх школаў, стваралі тэатар, адным словам, арганізавалі сваё беларускае культурнае жыцьцё. Людзі галадалі, шмат чаго не ставала, але ж трэба было неяк жыць. Усе мы імкнуліся будаваць Беларусь!


– Ці той дух зарадзіўся ў Вас у часе нямецкай акупацыі, ці жыў ён ужо і раней?


– У нас, у Заходняй Беларусі, я лічу, што масавы адраджэнскі рух, абуджэньне сьвядомасьці ў народзе, вялікі ўздым наступіў яшчэ ў час Грамады. Потым палякі Грамаду задушылі, усё зноў пачало паступова заміраць. І вось, з прыходам немцаў, мы наважыліся яшчэ раз спрабаваць. I гэты дух у бальшыні з нас ужо не згас і дагэтуль.

Калі зьбярэцца нас тут хаця некалькі чалавек, мы дыскутуем, сьпяваем беларускія песьні і адчуваем, што мы – народ, нармальнае грамадства. А ў Менску бяда, людзі нават па-беларуску не гавораць.


– Які пэрыяд у сваім жыцьці лічыце найважнейшым, што са свае творчасьці найбольш цэніце?


– Ведаеце, я неяк пра сваю творчасьць раней не думала ў катэгорыях мастацкае вартасьці. Не аналізавала яе. Прыходзілі ў галаву нейкія вобразы, я іх і запісвала. Праўда, бальшыню сваіх вершаў я пісала, як кажуць, «па натхненьню», але калі патрэбны былі песьні для нашых жаўнераў, для СБМа, скаўтаў, – іх я гэтаксама пісала. Толькі потым, перачытваючы іх нанава, я адчувала, ці напісала я сапраўды добры верш. Для прыкладу, песня «У гушчарах» пачала мне падабацца, калі яе ўжо масава сьпявалі. Падабаліся вершы народу – пачынала і я іх любіць.

Перакладала я таксама і шмат рэлігійных песьняў, калядак, твораў для тэатра. Памятаю, у менскім тэатры ставілася драма Гэрхарта Гаўптмана «Затонуты звон», якая мне вельмі падабалася і пра якую апошнім часам крыху забыліся.

Паэзія як быццам была маім ратункам, заглушала тую кашмарную рэчаіснасьць, у якой мы змушаныя былі жыць. Па ўсёй Беларусі ішло змаганьне між немцамі і савецкімі партызанамі, а цярпеў ад гэтага наш народ. Потым пачалі гарэць нашы вёскі. Жахі гэтыя я апісала як магла ў паэме «Зьнічы».

У часе мае працы ў менскай «Беларускай газэце» знайшлі міну – о так, як ад мяне да вас – за пяць хвілін перад тым, як мела яна ўзарвацца. I каб яна ўзарвалася, ад мяне нічога не засталося б. Відаць, памерці мне тады не было суджана. Таксама ці раз вярталася я з працы позьнім вечарам. Іду адна пасярод руін, пра якія гаварылі, што там хаваліся партызаны. I таксама нічога благога мне неяк не сталася. Перад вайною я б ніколі не наважылася на нешта такое. Так, сапраўды тады «лёс мне казаў быць амазонкай».

Вось таму я і лічу, што найбольш вартасныя мае творы – гэта творы ваеннага часу. Тады, як ніколі ні раней, ні пазьней, я адчувала сябе адной, хоць і маленькай, часткай нашага шматпакутнага беларускага народа.


– Хто зь людзей, зь якімі даводзілася Вам тады супрацоўнічаць, запамятаўся Вам найлепш?


– Найбольш супрацоўнічала я з кампазытарам Міколам Куліковічам, зь якім мы супольна рыхтавалі опэры. Найлепшымі зь іх я лічу «Усяслаў Чарадзей» і «Лясное возера». Што датычыць маіх сяброў па пяру, пайбольш цаніла я Алеся Салаўя. На маю думку, гэта быў вельмі здольны малады паэт. Быў яшчэ адзін таленавіты паэт, якога я цаніла, – Лявон Случчанін.


– Ці пазьнейшае Ваша жыцьцё і творчасьць лічыце натуральным працягам таго, што распачалі ў час вайны?


– Так. Хаця і ў Нямеччыне, і ў Амэрыцы жылося нялёгка, але я ніколі не кідалася ў роспач. Калі мы сюды прыехалі – не так, як сёньняшнія эмігранты, якія адразу патрабуюць дапамогі, – мы нічога ад нікога не патрабавалі. Кожны з нас браўся за любую працу, якая яму траплялася, каб хутчэй стаць незалежным, каб нічога нікому не быць вінаватым. Я трапіла на кансэрвную фабрыку. Не скажу, каб праца была надта прыемная, салёная вадкасьць раз’ядала скуру на руках, але неяк пра гэта не думалася. Потым перайшла я на фабрыку цукерак, ну там было ўжо крыху лягчэй. А найдаўжэй працавала я на трыкатажнай фабрыцы, дзе мы вязалі сьвітары.


– Працавалі Вы таксама на Радыё «Свабода».


– Апошнія некалькі год перад выхадам на пэнсію. Ну, там было ўжо зусім лёгка. Пісала я там пераважна скрыпты пра розныя беларускія культурныя падзеі ў Амэрыцы. Але гэта было, так сказаць, ужо «пад старасьць». Наогул жа я ніколі не цуралася ніякай працы. Вы мяне маглі б паставіць дзе заўгодна, хоць капаць бульбу, хоць што-небудзь іншае рабіць – я ўсё рабіла з задавальненьнем. Як казалі саветы, «вкалывала честно».

Вось, як бачыце, я – хоць і паэт – самы звычайны чалавек, частка грамадства, частка майго народа. А ў тым, што хтосьці становіцца творцам, ці то паэтам, ці мастаком, ці кампазытарам – вялікая загадка. Часта бывала, што пасьля цэлага дня на фабрыцы вярталася я дахаты падземкай, а ў галаве паўставалі нейкія вобразы, паяўляліся абрыўкі сказаў, нараджаліся вершы. Таксама ўначы. Я нават клала каля ложка кавалак паперы і алавік, каб, прачнуўшыся, пакуль засну зноў, злавіць гэтыя вобразы, каб не ўпусьціць іх. Паэтычная творчасьць – гэта, паўтараю, нейкая загадка, якой я растлумачыць не бяруся.


– Сардэчна дзякую Вам за размову. Жадаю ўсяго найлепшага, перш за ўсё моцнага здароўя і новых творчых дасягненьняў. Што б Вы, на заканчэньне, параілі маладым беларусам?


– Я падрабязна не ведаю ўмоваў, у якіх даводзіцца ім сёньня тварыць. Я жадаю ім аднаго – шчырага жаданьня будаваць шчасьлівую будучыню свае Бацькаўшчыны.


Гутарыў Мікола Ваўранюк.

Беларуская газэта «Ніва», Беласток (Польшча).


Дадаў PL 03.12.2009