Вечарынай-фарсам “Восень ды іншыя коткі” 15 верасьня адкрыў другую дзею свайго сёлетняга сэзону паэтычны тэатар “АРТ.С”. У той жа вечар адбылася прэзэнтацыя ягонага сайту: http://art-s.by/. Пра дзейнасьць тэатру Міхасю Скоблу расказала паэтка Аксана Спрынчан.
– Аксана, той, хто зойдзе на сайт вашага тэатру, пабачыць там своеасаблівы летапіс – а гэта, мабыць, пад сотню самых розных літаратурных імпрэзаў. Звычайны тэатар, як вядома, пачынаецца зь вешалкі, а з чаго пачаўся “АРТ.С”?
– Я думаю, што “АРТ.С” пачаўся з нашай са Зьміцерам Арцюхом сустрэчы на паседжаньні літаратурнага аб’яднаньня “Літаратурнае прадмесьце”. Мы зь ім актыўна арганізоўвалі імпрэзы ў гэтай суполцы, а пасьля паступова падышлі да стварэньня свайго тэатру. Нам захацелася займець нейкую ўласную прастору, дзе мы маглі б праяўляць сябе, вызначаць нейкую адметную плынь у агульным літаратурным працэсе.
– Рухавікі тэатру – творчыя ды ідэйныя – Аксана Спрынчан і Зьміцер Арцюх. А хто з творцаў супрацоўнічае з вамі стала? Ці вы дзеля кожнай новай імпрэзы шукаеце новых людзей?
– Не, не шукаем. Назаву творцаў, удзельнікаў тэатру, якія ў нас працуюць стабільна: Алена Масла, Вадзім Клімовіч, Зьміцер Сідаровіч, Марыя Захарэвіч, Мікола Кандратаў, Наталя Пушкарова, Рагнед Малахоўскі, Юлія Новік, Яраш Малішэўскі… Гэта асноўны склад, але мы стараемся, каб у нашых імпрэзах удзельнічалі розныя творцы, каб іх было больш. Так напрыклад, у нашым задыякальна-паэтычным праекце ўдзельнічалі каля 100 чалавек (гэта за дванаццаць вечарынаў). З творчымі людзьмі не заўсёды ўдаецца дамовіцца, таму ёсьць дублёры сярод “сваіх”, якія гатовыя кагосьці пры патрэбе замяніць. Думаю, што ў звычайным тэатры працаваць нашмат прасьцей, таму што артысты ня могуць не прыйсьці на спэктакль. Працаваць жа зь пісьменьнікамі нашмат складаней, яны могуць не прыйсьці куды заўгодна.
– А чым займаецца ў вашым тэатры народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч?
– Яна удзельнічае ў шэрагу нашых вечарынаў. Прыкладам, у адной з асноўных, якая мае назву “Стары Новы год у Цёткі”. Марыя Георгіеўна выступае, чытае вершы, нават сьпявае. Заўсёды, у той ці іншай пастаноўцы, мы стараемся знайсьці для яе пэўную праграму. Думаю, што і ёй цікавае супрацоўніцтва з намі. На сцэне Купалаўскага тэатру яна выступае ў адной іспастасі, а ў нас яна можа далучыцца да паэзіі, якую яна вельмі любіць.
– Як гэта там у Барадуліна? “Чытае вершы Захарэвіч, нібы сыходзіць на зямлю…” Месца вашага асноўнага базаваньня – бібліятэка імя Цёткі, што знаходзіцца ў Менску на бульвары Талбухіна. Бібліятэка – установа афіцыйная. Падчас узгадненьня сваіх імпрэзаў з адміністрацыяй ці даводзілася вам нешта зьмяняць? Ці вам у бібліятэцы дазволена ўсё?
– Насамрэч, бібліятэка знаходзіцца ня толькі на Талбухіна, 12-а, але яшчэ і недалёка ад Радыё Свабода. Нездарма, адна з расшыфровак тэатру “АРТ.С” – артыстычная свабода. Звычайна, аніякіх праблемаў у нас з адміністрацыяй не ўзьнікае. Зразумела, у нашым жыцьці прысутнічаюць розныя нюансы, але мы стараемся не наклікаць канфліктаў. Бывае рознае. Творцы нашы могуць прыйсьці на імпрэзу празьмерна вясёлыя, але мы стараемся палагодзіць праблемы. Загадчыца бібліятэкі Рэгіна Багамолава падчас супрацоўніцтва з намі стала сама пісаць вершы, ужо друкуецца. Яна – вельмі творчы чалавек, ёй цікавыя ўсе творчыя людзі: і авангард, і традыцыйная паэзія. Ёсьць людзі, якія ўмеюць радавацца любой праяве творчасьці. І Рэгіна Багамолава з такіх людзей.
– “АРТ.С” часам выяжджае на гастролі па Беларусі. І тут, здаецца, ня ўсё так гладка, як у сталіцы. Я прачытаў на вашым сайце, што вам не далі выступіць на Наваградчыне, у вёсцы Воўкавічы. Ці часта маюць месца падобныя непрыемныя інцыдэнты?
– Такія інцыдэнты здараюцца рэдка. У Воўкавічах былі праблемы са станам Дому культуры і г.д. Я ня думаю, што менавіта “АРТ.С” быў прычынай адмовы. Бо ў самім Наваградку мы выступалі ў Доме-музэі Адама Міцкевіча, і ўсё прайшло нармальна. Тады ў нас ладзіліся такія гастролі-экскурсіі: ехалі на экскурсію і ладзілі выступы. Трэба сказаць, што з гастролямі ў нас наогул праблема, паколькі наш тэатар працуе на грамадзкіх пачатках, мы не зарабляем грошы.
– З пачаткам восені ва ўсіх тэатрах, у тым ліку і ў вашым, пачаўся новы сэзон. Чым парадуеце прыхільнікаў беларускай паэзіі? Што ў вашай восеньскай афішы?
– На восень (23 кастрычніка) сярод іншых у нас плянуецца вечарына “Ля люстэрка” – з дызайнэрам-мадэльерам Сьвятланай Длатоўскай. Думаю, што гэта найлепшы дызайнэр моды ў сучаснай Беларусі, яна распрацоўвае вельмі цікавыя строі, у якіх спалучаюцца нацыянальная традыцыя і сучаснасьць. Прынамсі, вельмі часта я выступаю ў ейных строях, і гэта выклікае проста неверагодныя ўражаньні ў людзей. На вечарыне будуць прадстаўленыя новыя мадэлі, прытым, прадстаўляць іх будуць такія нашы творцы, як Славамір Адамовіч, Валянцін Акудовіч. Гэта не азначае, што Акудовіч апране сукенку. Строй будзе паказваць дзяўчына, а ён будзе распавядаць пра яго... Прынамсі, такога ў нас яшчэ не было, і я думаю, што літаратурна-дызайнэрская вечарына атрымаецца.
Гутарыў Міхась Скобла,
http://www.svaboda.org/content/transcript/1829316.html