Паэт, фотамастак, музыкант Рагнед Малахоўскі размаўляе пра сваю разнастайную творчасьць, роднае Нарочча, паэтычныя слэмы, будоўлю АЭС у нашым краі і іншыя цікавыя тэмы.
– Вы пішаце на ЖЖ-шным профілі, што нарадзіліся ў Расеі, але ў маленстве вярнуліся на Радзіму ў Беларусь і з таго часу жылі ў Нарачанскім краі. Можаце, калі ласка, патлумачыць? Распавядзіце нашым чытачам трохі пра сябе.
– Мой тата родам са Смалявіцкага раёну, а мама – зь Мядзельскага, са старажытнай вёскі Гатавічы, што між азёраў Нарач і Мястра. Калі яны сустрэліся і закахаліся, то вырашылі адправіцца ў падарожжа на Далёкі ўсход. Спачатку яны паехалі ў Амурскую вобласьць, дзе нарадзіўся мой брат Дзяніс, якога назвалі ў гонар прадзеда. Праз чатыры гады адправіліся на поўнач у Магаданскую вобласьць, дзе ў засьнежаным пасёлку Сяймчан нарадзіўся я. Бацькі чакалі з’яўленьня дзяўчынкі, якую хацелі назваць Рагнеда, у гонар Вялікай беларускай князёўны. Але калі даведаліся, што будзе хлопчык, то вырашылі падарыць такое арыгінальнае імя – Рагнед. Праз тры гады мы вярнуліся на Радзіму ў Нарачанскі край. Так, для мяне гэта Радзіма, проста па волі лёсу роддом апынуўся за тысячы кілямэтраў… Ва ўспамінах аб Магаданскай вобласьці засталася толькі высокая сьнежная сопка і пенныя хвалі ракі Сяймчанка. Ахрысьцілі мяне ў трынаццаці гадовым узросьце ў грэка-каталіцкую веру імем Мікола.
У школьныя гады я быў вельмі сьціплым і ў многім замкнёным хлапчуком, нічым асаблівым не вылучаўся сярод аднаклясьнікаў (хаця, шчыра кажучы, хацелася). Хлопцы мяне лічылі надзейным сябрам, а вось у дзяўчат асаблівай папулярнасьцю не карыстаўся. Любіў у адзіноце памарыць, пафантазіраваць. У трэцім клясе ўпершыню закахаўся ў дзяўчынку, якая навучыла мяне завязваць шнуркі ў кедах перад фізкультурай. Але за ёй бегаў не я адзін, і прыйшлося ўступіць сябру, бо зь дзяцінства лічыў, што паміж сябрамі не павінна стаяць дзяўчына. Вучыўся старанна і амаль на выдатна. Вельмі любіў наведваць урокі беларускай мовы, а вось на рускай мове, чамусьці, часта балела галава. Літаратуру чытаў без асаблівай ахвоты. Тата часта прымушаў мяне пісаць сачыненьні на вольныя тэмы. (Думаю, не толькі для таго, каб ведаць, чым я жыву…) З 14 год стаў сур’ёзна займацца спортам, а менавіта веславаньнем на байдарцы. Сёньня з захапленьнем успамінаю незабыўнае адчуваньне свабоды на мэтровых нарачанскіх хвалях... Зь дзевятага кляса займаўся валейболам і ў цэлым лёгкай атлетыкай. Але вялікіх спартыўных дасягненьняў у мяне няма, бо займаўся для сябе, для свайго здароўя і з задавальненьнем. Хаця ў адзінаццатым клясе, памятаю, падцягваўся на перакладзіне пяцьдзесят чатыры разы… У цяперашні час люблю схадзіць у басэйн, пакатацца на ровары, паплаваць на чоўне…
– У якім узросьце пачалі пісаць вершы? Можа памятаеце свой першы верш?
– Першы верш напісаў у дзесятым клясе, каб выканаць хатняе заданьне па рускай літаратуры. Хаця нейкія рыфмаванкі сустракаліся і ў шостым, і ў восьмым... Гэты верш быў пра закаханую пару, якая сядзіць на высокім беразе Нарачы і любуецца непаўторнай прыгажосьцю заходзячага сонца… Тое, што атрымалася, высока ацаніў настаўнік, ды й мне самому вельмі спадабалася. І я вырашыў працягнуць гэту справу, толькі на беларускай мове. Выбар мовы быў несьвядомым, бо яна ўва мне ад нараджэньня. У сям’і мы карыстаемся толькі беларускай мовай, большасьць маіх сяброў размаўляюць па-беларуску, я вучыўся ў беларускамоўнай школе, дзе нават на ўроку фізкультуры разьлічваліся на “першы-другі” (ганаруся!), большасьць літаратуры я прачытаў на беларускай мове, і думаю я толькі па-беларуску. Лічу, што вырас я ў звычайнай беларускай сям’і. І тое, што мы цікавімся сваёй роднай культурай, размаўляем на роднай мове, цэнім і паважаем усё беларускае – гэта нармальна. Так павінна быць у кожнай сям’і. Праблема была ў тым, што побач не было спэцыялістаў, якім бы я мог паказаць свае творы. А пачуць меркаваньне з боку для мяне было вельмі цікава. І я паказваў вершы бацькам, некаторым настаўнікам і свайму сябру Яўгену Рамяніцы, які таксама пісаў вершы.
Апошнія школьныя гады я вучыўся ў клясе з матэматычным ухілам, і пасьля заканчэньня школы вырашыў паступіць у БДЭУ. Асаблівых жаданьняў у мяне не было, але бацькі назіралі за мной нейкія здольнасьці да эканомікі. Для мяне, навучаньне ў БДЭУ сталася вельмі складаным, увесь час хацелася ўцячы ад сухіх формул і тэарэм у бязьмежны сьвет творчасьці… Пасьля паступленьня я стаў шмат чытаць сучаснай літаратуры. На гэта паўплывалі і разнастайны асартымэнт кнігарняў і бібліятэк, і літаратурнае асяроддзе, і проста хацелася штосьці супрацьпаставіць свайму эканамічнаму навучаньню. Захацелася дагнаць тое, што страціў. Тым больш, калі сам пішаш вершы, трэба ведаць, што пішуць калегі, і што было напісана да цябе. Люблю чытаць філязофскую лірыку У.Някляева, В.Шніпа, Р.Баравіковай, духоўную – Р.Барадуліна, любоўную – Л.Дранько-Майсюка, М.Шабовіча, В.Жуковіча. З маладых паэтаў паважаю творчасьць Анатоля Івашчанкі, Тацьцяны Сівец, Валерыі Куставай, Вікторыі Трэнас, Янкі Лайкова... Пасьля школьнай праграмы ўсё здавалася вялікім адкрыцьцём. Чым больш чытаў, тым больш хацелася сказаць сваё. Адкрыўшы для сябе творчасьць Міколы Касьцюкевіча, я зразумеў, што паэзіяй трэба займацца сур’ёзна і аддавацца ёй поўнасьцю.
Аднойчы Яўген Рамяніца прапанаваў аднесьці вершы ў часопіс “Маладосьць”, дзе нас цёпла сустрэла Раіса Баравікова, параіла зайсьці ў рэдакцыю газэты “ЛіМ”. Там пачынала ўтварацца суполка маладых творцаў “Літаратурны квартал” (цяпер “Літаратурнае прадмесьце” пры музэі Янкі Купалы”), якім кіравалі Людміла Рублеўская і Віктар Шніп. З гэтага моманту я стаў бачыць свой будучы творчы шлях больш выразна. Затым пасьледавалі публікацыі ў “ЛіМе”, “Маладосьці”, “Дзеяслове”, “Полымі”, калектыўных зборніках і анталогіях, розныя літаратурныя сустрэчы і выступленьні… Мой сябар Яўген, нажаль, пасьля некалькіх публікацый перастаў удзельнічаць у літаратурным жыцьці. У 2005 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў мой дэбютны зборнік вершаў “Беражніца”. Гэта падзея, я лічу, сьцьвердзіла мяне як паэта. У 2006 годзе быў прыняты ў “Саюз беларускіх пісьменьнікаў”.
– Вы нядаўна скончылі БДЭУ. Віншую! Дзе Вы цяпер? Застаецеся ў Менску? Калі так, то ці часта бываеце на малой Радзіме?
– Так, я нядаўна скончыў БДЭУ і планаваў на Нарачы разам з бацькамі заняцца бізнэсам, калі б адна вогненная ноч усё не перакрэсьліла… Вырашыў зачапіцца за сталіцу, але працу па спэцыяльнасьці з годным заробкам знайсьці не змог, таму пайшоў працаваць на будоўлю фасадчыкам. Дзякуй сябру, што навучыў гэтай прафэсіі. Нядаўна па прычыне крызісу быў вымушаны звольніцца і далейшы жыцьцёвы шлях, у адрозненьні ад творчага бачу даволі туманна. На Нарачы ў мяне бацькі, і я стараюся наведваць іх хоць бы раз у тры месяцы. Ды й натхненьнем больш нідзе не падсілкуюся так, як на Нарачы.
– Акрамя паэзіі Вы займаецеся фотамастацтвам, ствараеце электронную музыку. Ці не прасочваюцца нарачанскія тэмы ў гэтых кірунках вашай творчасьці?
– З 2006 года я стаў займацца фотамастацтвам. У любой творчасьці мяне больш захапляе сам працэс, а не вынік. І сапраўдную асалоду я атрымоўваю менавіта падчас стварэньня твора (верша, фота ці музыкі). А так як Нараччу глыбока прапітана мая душа, то ва ўсёй творчасьці знаходзяць адлюстраваньне нарачанскія матывы. У Менску і Лодзі (Польшча) я ладзіў фотавыставу “Нарачанскі напеў”, якая вельмі спадабалася наведвальнікам. Падрыхтаваў да друку фотаальбом зь вершамі “Маё Нарочча”. А музыка мая гучала і на нарачанскіх пляжах, і ў кафэ, і на даскатэках…
– У Вашай асабістай бібліяграфіі ўжо ёсьць кніга (“Беражніца”), але, як Вы пішаце, падрыхтавана да выданьня яшчэ некалькі зборнікаў. Можа ёсьць канкрэтныя планы па іх выданьні?
– З 2007 года ў плане выдавецтва “Літаратура і мастацтва” знаходзіцца выданьне майго зборніку вершаў “Клічнікі дажджу”, але яно ўвесь час адцягваецца, як кажуць у выдавецтве, па прычыне эканамічнага крызісу. Таксама падрыхтаваны зборнік новых і выбраных вершаў “Памяць вады”, які пакуль не ведаю дзе выдаць. Працую над зборнікам вершаў пра каханьне (рабочая назва “Каханьня радок”), над фотаальбомам зь вершамі (рабочая назва “Ragned”), Магчыма, калісьці пабачыць сьвет і музычны альбом… Ідэяў і задумак шмат, і я веру, што многае змагу рэалізаваць.
– Апошнім часам, як і многія паэты, Вы пачалі пісаць у інтэрнэт. Існуюць он-лайнавыя бібліятэкі, у тым ліку і беларускія. У рэшце рэшт, усё больш распаўсюджваецца паэтычны блогінг. Як лічаце, ці не заб’е інтэрнэт папяровыя кнігі? Можа быць, сама паэзія пачне набываць новыя рысы ў выніку пераходу ў электронныя формы. Як мяркуеце?
– У Інтэрнэт я стаў пісаць, каб крочыць у нагу з часам. Кніжка раскупілася, публікацыі ў пэрыёдыцы чытач не заўсёды прасочыць, а Інтэрнэт дае ўсё большыя магчымасьці пазнаёміць чытача са сваімі творамі. Але я ўпэўнены, што Кніга будзе жыць, пакуль існуе чалавецтва. Бо Інтэрнэт – гэта ўсяго толькі інфармацыя, а Кніга – штосьці большае, напоўненае душой. Над папяровай кнігай працуе шмат людзей, і таму меньшая верагоднасьць атрымаць у выніку нізкаякасны прадукт. А ў Інтэрнэце кожны можа размесьціць усё, што ўздумаецца. І асабіста для мяне, якасныя творы прасьцей выбіраць на кніжных паліцах, але гэта не заўсёды зручна. Дзякуючы Інтэрнэту, чытач можа азнаёміцца з аўтарам, яго творамі, а пасьля набыць друкаваную кнігу. Несумненна, у выніку пераходу ў электронныя формы, паэзія можа набываць новыя рысы. Прыгадваеца зборнік Глеба Лабадзенкі “Пагер-вершы”. Але я лічу, што не трэба моцна засяроджвацца на форме, бо галоўнае, каб паэзія была зразумелай і выклікала ў чытача эмоцыі (пажадана станоўчыя).
– У Беларусі, як і шмат дзе за мяжой, папулярнасьць набываюць паэтычныя слэмы. Ці не бралі ўдзел у гэтых спаборніцтвах? І як Вы да іх ставіцеся?
– Адзін раз у канцы красавіка я прымаў удзел у фінале Слэма Бітва паэтаў. Гэта сучасна і па-новаму прыцягвае ўвагу аматараў і неаматараў паэзіі. Вось толькі для перамогі ў слэме не абавязкова выступаць з высокамастацкім творам. Галоўнае падкупіць слухача манэрай выкананьня, паводзінамі, магчыма, папсовасьцю або нават сьцёбнасьцю зьместа. Бо слухач можа быць не зусім падрыхтаваным і памыліцца ў сваім выбары. Засмучае, што свае творы паэты часта называюць тэкстамі. Аб’ява ў газэце – вось тэкст, Паэзія – гэта творы, вершы, але не тэксты. Я свой верш прачытаў дрэнна і да наступнага слэма буду рыхтавацца сур’ёзней.
– Не так даўна шмат шуму нарабіў фотакаляндар, дзе вядомыя беларускія творцы зьняліся "ню". Што думаеце пра распрананьне дзеля мастацтва?
– Фотакаляндар я выйграў у конкурсе падчас паседжаньня суполкі "Сучасная Беларуская Літітаратура". Лічу, што гэта няўдалая спроба папулярызацыі Роднай літаратуры. Творца павінен раскручваць не сябе, а сваю творчасьць, і калі ён гоніцца за таннай славай, гэта, акрамя агіды, у мяне нічога не выклікае. Як сказала крытык Ася Паплаўская: “… нашмат прасьцей зьняць штаны, чым напісаць якасны твор.”
Здымкі пашлаватыя, часам безгустоўныя, часам з намёкам на нетрадыцыйную арыентацыю. І вельмі ўжо дэманстратыўна творцы прыкрываюць інтымныя часткі свайго цела. Ненатуральна. Адчуваецца нейкая негатыўная энэргетыка. Прыгледзьцеся. Ні ў адным фотаздымку не адчуваецца НІЧОГА БЕЛАРУСКАГА. Чамусьці хочацца правесьці паралелі зь перадачамі “Бархатны сезон” і “Наша белараша”. Многія творцы, я ўпэўнены, не вядомыя шырокаму грамадству, таму тут адчуваецца нейкая правакацыя. Узьнікае пагроза адштурхнуць чытача ад беларускай літаратуры. З эстэтычнага пункту гледжаньня спадабаліся фота Барысевіча, Хадановіча і Івашчанкі. А ўвогуле, лічу, што кожны павінен займацца сваёй справай: творца – тварыць, порнаактор – здымацца… Таму каляндар існаваў бы нашмат выйграшней, каб не было ўказана імёнаў. Толькі імя фатографа. Калі выйдзе фотакаляндар з аголенымі літаратаркамі, то гэта стане публічнай абразай усёй беларускай літаратуры.
– І яшчэ хачу задаць пытаньне, якое не датычыцца паэзіі ці мастацтва, але тым не менш, яно хвалюе многіх жыхароў Нарачанскага краю. Як Вы ведаеце, недалёка ад Нарачы зьбіраюцца будаваць атамную электрастанцыю. Якая Вашая пазыцыя па гэтаму пытаньню?
– Аднойчы на Нарачы я пазнаёміўся з адпачываючым, які займаўся нафтавым бізнэсам на Касьпійскім моры. Калі ён спытаў, ці ёсьць на Нарачы нафта, у мяне мову адняло, у грудзях сьціснулася, і ўзьнікла жаданьне ўкінуць гэтага чалавека ў ваду. Падобныя адчуваньні былі, калі даведаўся пра будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне, што суседнічае зь Мядзельскім. Я катэгарычна СУПРАЦЬ такога будаўніцтва. Не трэба быць эканамістам, каб бачыць, што будаўніцтва АЭС не дапаможа Беларусі пазбавіцца ад энэргетычнай залежнасьці ад Расеі (закупка паліва, падрыхтоўка спэцыялістаў, захаваньне адходаў…), а затраты на эксплуатацыю стануць сур’ёзным выпрабаваньнем для нашай эканомікі (у выпадку аварыі, асноўныя затраты па ліквідацыі наступстваў лягуць на плечы Беларусі). Не трэба быць палітолагам, каб бачыць, што гэта чыста палітычны ход для шантажу. Не трэба быць географам, каб бачыць абсурднасьць выбару пляцоўкі пад будаўніцтва (самы экалагічна-чысты рэгіён, ружа вятроў у асноўным у бок Менску…). Не трэба быць псіхолагам, каб бачыць адносіны большасьці беларусаў да атамнай энэргетыкі пасьля аварыі на ЧАЭС (пісаў калісьці курсавую на гэту тэму). Дадам да гэтага камандна-адміністратыўную (савецкую) сістэму ў якой мы жывем, дзе няма празрыстасьці інфармацыі (афіцыйна на дзяржаўным узроўні забараняецца выказвацца супраць будаўніцтва АЭС). І магу прывесьці яшчэ шмат аргумэнтаў… Энэргетычную будучыню Беларусі бачу ў выкарыстаньні альтэрнатыўных крыніц энэргіі.
Гутарыў Андрэй Храпавіцкі.
http://www.westki.info/artykuly/8366/rahnied-malachousk%D1%96-ekskliuz%D1%96unaie-%D1%96nterv%E2%80%99iu